Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны доўг Беларусі вырас на 2 мільярды даляраў


Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла пра стан дзяржаўнага доўгу на 1 жніўня 2017 году: 15,6 мільярда даляраў ЗША.

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся з пачатку году на 2 мільярды, або на 14,3%.

Камэнтуючы Свабодзе гэтыя лічбы, кіраўнік Фонду Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў, што сытуацыя з пазыкамі «вельмі трывожная».

«Калі палічыць афіцыйна названы дзяржаўны доўг і дадаць да яго крэдыты пад урадавыя гарантыі, дык агульная сума пазык Беларусі ў канцы году наблізіцца да 60% яе валавога ўнутранага прадукту. А гэта вельмі трывожна, гэта нават болей за крытычны ўзровень.

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота
Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

І нават такі спакойны чалавек, як кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім, ужо ня вытрымаў і сказаў, што хопіць пазычаць, трэба браць грошы праз зусім іншыя, непазыковыя інструмэнты».

Колькі Беларусь траціць на доўг

Экспэрт прапануе паглядзець на тое, колькі грошай Беларусь цяпер траціць толькі на пагашэньне папярэдніх пазык. Паводле Міністэрства фінансаў, сытуацыя наступная.

Пагашэньне вонкавага дзяржаўнага доўгу з пачатку 2017 году склала 653 мільёны даляраў:

— 226,8 млн — ураду Расейскай Фэдэрацыі;

— 176,6 млн — Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця;

— 217,5 млн — банкам Кітайскай Народнай Рэспублікі;

— 31,2 млн – Міжнароднаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця;

— 0,7 млн – Злучаным Штатам Амэрыкі;

— 0,2 млн – Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Паўночнаму інвэстыцыйнаму банку.

«Гэта толькі тое, што ўлады ўжо заплацілі, а яшчэ ж істотныя сумы рэструктурызаваныя, – удакладняе Раманчук. — Таму гэта толькі частка праўды. Мы ўвязьлі ў пазыках. І бяром яшчэ. Тыя ж эўрабонды выпусьцілі пад 7%. А ў МВФ маглі б узяць пад 2,25–2,5%. Вяртаць было б значна меней. Але ж МВФ грошай не дае, бо нашы ўлады ня хочуць сур’ёзных пераменаў. І мы аддаём «лішнія» амаль паўмільярда даляраў толькі таму, што ўхіляемся ад структурных зьменаў. Я магу сказаць: мы трапілі ў тыповую пазыковую піраміду».

«А Амэрыка ўся ў пазыках!»

Кіраўнік Фонду Мізэса кажа, што беларускія чыноўнікі спрабуюць супакоіць насельніцтва праз параўнаньне са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Маўляў Амэрыка ўся ў пазыках. Аднак параўноўваць дзяржаўны доўг Беларусі і ЗША — гэта вельмі грубая памылка, тлумачыць спадар Раманчук:

«Нам трэба арыентавацца не на ЗША, а на так званыя краіны зь пераходнай эканомікай, напрыклад Аргентынай, Мэксыкай, з той жа Турэччынай, якая мела вялікія праблемы з даўгамі. Для такіх краінаў доўг у 50-60% іхнага ВУПу лічыцца парогавым. І азначае, што эканамічная сытуацыя ў краіне кепская.

З ЗША гандлюе ўвесь сьвет, а амэрыканскія каштоўныя паперы адны з самых надзейных ва ўсім сьвеце. Плюс Амэрыка мае даляр, які ўваходзіць у 60% рэзэрвовага фонду ўсяго сьвету. Плюс у гэтай краіне самыя сучасныя тэхналёгіі. Амэрыцы пазычаюць з радасьцю, а нам — пад высокія адсоткі».

Хто пазычае Беларусі

Міністэрства фінансаў прыводзіць статыстыку, хто пазычае грошы Беларусі.

У студзені–ліпені 2017 году прыцягнуты вонкавыя дзяржаўныя пазыкі на суму 2 572,5 мільёна даляраў:

1 400 млн – праз эўрааблігацыі (эўрабонды);

— 600 млн — Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця;

— 300 млн — урад і банкі Расейскай Фэдэрацыі;

— 176,6 млн — банкі КНР;

— 92,6 млн — МБРР;

— 2,9 млн — ЭБРР і ПІБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG