Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала 300 млн даляраў крэдыту ЭАБР, хоць ня выканала патрабаваньня


Эўразійскі банк разьвіцьця пералічыў Беларусі чацьвёрты транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў аб’ёме 300 млн даляраў. З крэдыту на 2 млрд даляраў, які выдаваўся на праграму рэформаў, Беларусь атрымала на сёньня 1,4 млрд.

Пры гэтым Беларусь ня выканала адно з патрабаваньняў для атрыманьня крэдыту: нарабіла нямэтавых дзяржаўных пазыкаў на 101,4% ад сумы пагашэньня, а ЭАБР ставіў умову, каб ня больш за 75%. Але ЭАБР вырашыў проста вызваліць Беларусь ад гэтага патрабаваньня «за кошт правядзеньня збалянсаванай эканамічнай палітыкі».

Агулам дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 траўня складае 35,88 млрд беларускіх рублёў (38,6% валавога ўнутранага прадукту), з пачатку году яна зьменшылася на 1 млрд. Зьнешняя ж запазычанасьць складае 13,9 млрд даляраў, з пачатку году яна вырасла на 258,5 млн даляраў.

Пры гэтым Беларусь траціць на дзяржаўную запазычанасьць 10% бюджэту, гэтая запазычанасьць удвая большая за прыбыткі бюджэту. Летась на выплату крэдытаў пайшло больш за 7 млрд рублёў — столькі, колькі ідзе на фінансаваньне абароны, праваахоўнікаў, нацыянальнай эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, спорту і СМІ разам узятых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG