Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры прычыны, чаму ў Беларусі рэкордна запаволілася інфляцыя


За студзень–кастрычнік 2017 году інфляцыя ў Беларусі склала 3,94%, два месяцы за год назіралася нават невялікая дэфляцыя.

Калі ў лістападзе і сьнежні ня будзе рэзкіх рыўкоў цэнаў (а яны бываюць пад канец году – у 2006 годзе за студзень–кастрычнік цэны вырасьлі толькі на 3,8%, але за цэлы год – на 6,6%), інфляцыя ў 2017 годзе можа быць самай нізкай з часоў абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Чаму цэны не растуць так хутка, як раней, Свабодзе тлумачыць эканаміст Леанід Заіка:

  • Нацбанк Беларусі пасьля дэнамінацыі праводзіць жорсткую манэтарную палітыку. Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра давядзеньне заробкаў да 1000 рублёў (ці «па пяцьсот» даляраў) не прыводзяць да друку «пустых грошай». За 24 гады ўлады вывучылі тое, што мае быць раўнавага між грашовай масай і таварнай («нават Коля разумее», кажа Заіка).
  • Паводле Заікі, беларуская і расейская эканоміка – «сыстэма злучаных пасудзін». А Расея цяпер таксама праводзіць жорсткую манэтарную палітыку, там інфляцыя ніжэйшая за беларускую (1,87% за студзень–кастрычнік), цэны на расейскім рынку амаль не растуць.
  • Пры нізкіх даходах беларусаў няма інфляцыі попыту на тавары: попыт ніжэйшы за прапанову, людзі скарацілі спажываньне, таму гандлёвыя прадпрыемствы не паднімаюць цэны і часьцей праводзяць акцыі кшталту «дзьве шакалядкі па цане адной». Паводле Заікі, паводзіны хатніх гаспадарак стала нарэшце рынкавымі, а гандлёвыя арганізацыі вымушаныя не ўздымаць цэны, бо ўзьнікла праблема рэалізацыі: «паспрабуй прадай».

Леанід Заіка, архіўнае фота
Леанід Заіка, архіўнае фота

Часам кажуць, што высокая інфляцыя быццам выгадная беларускім экспартэрам, але Заіка з гэтым не пагаджаецца. Як малая адкрытая эканоміка, беларуская эканоміка працуе паводле мадэлі Мандэля —Флэймінга, кажа Заіка, таму для яе вырашальны фактар — гэта абменны курс (а ён цяпер даволі стабільны), экспартэры і імпартэры могуць знайсьці збалянсаваныя аб’ёмы гандлю.

І налета цэны ня будуць рэзка расьці?

Якой будзе інфляцыя ў Беларусі, шмат у чым залежыць ад інфляцыі ў Расеі, мяркуе Заіка, а там інфляцыя можа застацца ніжэйшай за 4% на год, можа нават выйсьці на ўзровень 2–2,5%. Спробам беларускай антыінфляцыйнай палітыкі можа перашкодзіць хіба нестабільны курс расейскага рубля (цяпер расейскі рубель падае да даляра). Але калі прадстаўнікі беларускага Нацбанку «будуць адстойваць жорсткую грашовую палітыку», то з інфляцыяй «усё будзе нармальна», лічыць Заіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG