Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Для Беларусі самы час правесьці рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў


Трактары МТЗ на парадзе. Ілюстрацыйнае фота

Міжнародны валютны фонд завяршыў чарговыя кансультацыі зь беларускімі ўладамі. Гаворкі пра новы крэдыт не было — беларускія ўлады ўжо і ня просяць крэдыт, але не таму, што ня хочуць. Але МВФ дае парады Беларусі аб тым, што рабіць з эканомікай.

У МВФ адзначаюць, што беларуская эканоміка аднавілася пасьля двух гадоў рэцэсіі ў выніку пэўных захадаў у эканамічнай палітыцы, а таксам праз больш спрыяльныя вонкавыя ўмовы і рост унутранага попыту. Адзначаюць і рост валавога ўнутранага прадукту пасьля двух гадоў падзеньня, і запаволеньне інфляцыі да рэкордна нізкіх тэмпаў.

«Афіцыйныя органы трымаюць пад кантролем сальда дзяржаўнага бюджэту ў вузкім вызначэньні, аднак квазіфіскальная дзейнасьць у адчувальных маштабах працягвае аказваць падвышальны ціск на запазычанасьць», — адзначаюць у МВФ, згадваючы «забалянсавыя» апэрацыі з сэктарам дзяржаўнага кіраваньня, будаўніцтвам АЭС і іншым. Праз гэта бюджэт мае сумарны дэфіцыт у 3% ВУП.

Беларускія ўлады плянуюць затрымаць стасунак дзяржаўнай запазычанасьці да ВУП у межах 44,5% у 2018 годзе, але МВФ прагназуе рост дзяржаўнай запазычанасьці (разам зь недзяржаўнай, «гарантаванай дзяржаваю») да 55% ВУП.

Рэструктурызацыя дзяржаўнага сэктару ў Беларусі ідзе «паступова» і «на пілётнай аснове», мяркуе МВФ, і гэта перашкаджае агульнаму росту прадукцыйнасьці працы, спрыяе захаваньню фактараў уразьлівасьці эканомікі на адносна высокіх узроўнях. Таму, як прызналі выканаўчыя дырэктары МВФ, Беларусі трэба «скарыстаць момант» для паскораных і паглыбленых рэформаў у рэальным сэктары, у тым ліку ў сэктары дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама ў прыватным сэктары, якому трэба прыбраць перашкоды на таварным рынку і рынку працы.

Іначай прагноз сярэднетэрміновай пэрспэктывы для Беларусі такі: празь неспрыяльную дэмаграфічную дынаміку, слабыя ўмовы крэдытаваньня і адставаньне ў канкурэнтаздольнасьці эканомікі, збудаванай вакол дзяржаўнага сэктару, тэмпы эканамічнага росту абмяжуюцца 2%, а інфляцыя застанецца вышэйшай за суседнія краіны — дасягне 5%.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG