Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пазычыць на сплату даўгоў 1,2 млрд даляраў. Што гэта значыць?


Паводле міністра фінансаў Беларусі Ўладзімера Амарына, у 2018 годзе Беларусь мае разьмясьціць эўрааблігацый на 600 млн даляраў. Усяго для рэфінансаваньня дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца прыцягнуць 1,2 млрд даляраў, перадае БелаПАН.

На 2018 год праект бюджэту прадугледжвае ліміт унутранай дзяржаўнай запазычанасьці ў 10 млрд беларускіх рублёў (на 1 лістапада бягучага году — 9,2 млрд рублёў), зьнешняй дзяржаўнай — 19,6 млрд даляраў (на 1 лістапада — 16,6 млрд даляраў).

Ад пачатку 2017 году зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць Беларусі вырасла больш як на адну пятую — на 2,9 млрд даляраў.

На сплату і абслугоўваньне дзяржаўнай запазычанасьці на 2018 год плянуецца патраціць каля 3,7 млрд даляраў (у 2017-м было 3,4 млрд), у тым ліку 1,2 млрд — на абслугоўваньне.

Мінфін прызнаваў, што выплаты і абслугоўваньне запазычанасьцяў даюць вялікую нагрузку на бюджэт — у першай палове 2017 году на абслугоўваньне дзяржаўнай запазычанасьці пайшло 12% выдаткаў рэспубліканскага бюджэту.

Экспэрт: зьнешняя запазычанасьць мацней шкодзіць эканоміцы, чым унутраная

У 2018 годзе суадносіны дзяржаўнай запазычанасьці да валавога ўнутранага прадукту не павінны перавысіць 44,5% пры «парогавым значэньні» ў 25%, сказаў міністар фінансаў.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Эканаміст Станіслаў Багданкевіч, старшыня Нацбанку Беларусі ў 1991–1995 гадах, тлумачыць у камэнтары Свабодзе, што парогавае значэньне некалі называлі роўным 25%, але потым — калі дзяржаўная запазычанасьць перавысіла гэты парог — «адсунулі» яго да 45%.

Багданкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што зьнешняя запазычанасьць заўважна, амаль у 4 разы, перавышае ўнутраную: маўляў, у краінах зь вялікімі запазычанасьцямі асноўную масу складае ўнутраная запазычанасьць (нават у Расеі 30% — зьнешняя, 70% — унутраная). А зьнешняя запазычанасьць значна мацней шкодзіць эканоміцы за ўнутраную, бо яе трэба выплочваць або рэфінансаваць.

Беларусі, мяркуе Багданкевіч, трэба тэрмінова падвысіць рост валавога ўнутранага прадукту, каб не дасягнуць чарговага парогавага значэньня запазычанасьці да ВУП — а дзеля гэтага трэба спыніць умяшаньне дзяржавы ў бізнэс і пашырыць свабоду бізнэсу.

«Ня той дэкрэт, што падпісаў Лукашэнка, які нешта паляпшае, а дэкрэт, які абвяшчаў бы карэннае рэфармаваньне кіраваньня эканомікай, — кажа Багданкевіч. — Каб не прыкрываць за кошт бюджэту вялізарныя страты прадпрыемстваў кшталту „Гомсельмашу“. Гэта трэба вырашаць праз прыватызацыю, праз банкруцтва, калі трэба, але праблему трэба вырашаць. Нам патрэбны рост ВУП не 2%, а 5–7%. Усясьветная эканоміка расьце больш як на 3%. А мы не ўваходзім у лік эканамічна разьвітых краінаў, у нас тэмпы павінны быць удвая вышэйшыя за ўсясьветныя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG