Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкам і пэдагогам у Беларусі з 1 верасьня павысяць заробкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы Савету Міністраў «Аб устанаўленьні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэньні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў», паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

Праектам пастановы прадугледжана павышэньне заробкаў асобным катэгорыям работнікаў адукацыі і аховы здароўя з 1 верасьня 2018 году:

  • Пэдагагічным работнікам (у тым ліку прафэсарам і выкладчыкам), памочнікам выхавальнікаў павысяць тарыфныя стаўкі, аклады на 20%.
  • Лекары і мэдсёстры атрымаюць даплаты ў памеры 20% і 13% адпаведна.
  • Правізарам, фармацэўтам, фізыкам, хімікам, біёлягам павысяць аклады ў памеры ад 40% да 100%.

Акрамя таго, прадугледжваецца павышэньне з 1 кастрычніка 2018 году тарыфнай стаўкі першага разраду з 34 да 35,5 беларускіх рублёў работнікам бюджэтнай сфэры ў цэлым.

У выніку прырост разьліковай заработнай платы ў кастрычніку 2018 году ў параўнаньні са жніўнем 2018 году складзе:

  • для дацэнта ўстановы адукацыі — 72,1 рубля, або 11,3%;
  • для настаўніка, які мае 1 кваліфікацыйную катэгорыю, — 64,7 рубля, або 12,7%;
  • для памочніка выхавальніка — 55,1 рубля, або 15,7%;
  • для лекара хірургічнага профілю, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, — 128,6 рубля, або 19,3%;
  • для апэрацыйнай мэдсястры, якая мае 1 кваліфікацыйную катэгорыю, — 63,7 рубля, або 14,1%;
  • для правізара, які мае 1 кваліфікацыйную катэгорыю, — 178,4 рубля, або 46,4%;
  • для фармацэўта, які мае 1 кваліфікацыйную катэгорыю, — 98,8 рубля, або 26,7%.

Як адзначаецца, «дакумэнт падрыхтаваны ў адпаведнасьці з даручэньнямі прэзыдэнта, якія накіраваныя на дасягненьне і ўтрыманьне ў 2018 годзе сярэдняга заробку па краіне на ўзроўні 1000 беларускіх рублёў, а ў бюджэтнай сфэры — не ніжэй за 80% ад дадзенага ўзроўню».

У лютым 2018 году Лукашэнка запатрабаваў павялічыць заробкі пэдагогаў удвая ў бліжэйшыя гады.

«Па настаўніках будзем разьбірацца найсур’ёзьнейшым чынам. Трэба за будучую пяцігодку і час, які застаўся, заробак настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм. Настаўнік у нас сёньня застаўся галоўным зьвяном у вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах. І нават у Менску, абласных цэнтрах наша апора — настаўнік», — сказаў Лукашэнка.

Што да дасягненьня сярэдняга заробку «па пяцьсот» даляраў, дык Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае беларусам такія заробкі (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але па выніках 2017 году ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.

У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG