Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі паднялі заробкі спартоўцам і трэнэрам. Лукашэнка патрабуе падвоіць даходы настаўнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Беларусы на алімпіядзе ў Пхёнчхане (беларуская канькабежка Марына Зуева)

У Беларусі некаторым спартоўцам павялічылі тарыфныя стаўкі. Для асобных спэцыялістаў аклады вырастуць у 3,5 разы. Гэта прадугледжана пастановай Мінспорту ад 1 лютага № 7, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, на 2018 год «у межах плянавага фонду заработнай платы гэтых спэцыялістаў» павышаныя тарыфныя стаўкі спартоўцам, трэнэрам і іншым спэцыялістам нацыянальных камандаў па відах спорту ў наступных памерах:

  • 350% — для відаў спорту, уключаных у праграму Алімпійскіх гульняў, якія зьяўляюцца прыярытэтнымі (футбол, хакей, баскетбол, біятлён, бокс, валейбол, лёгкая і цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, роварны спорт, спорт сярод інвалідаў, плаваньне, тэніс, фрыстайл і іншыя);
  • 220% — для відаў спорту, уключаных у праграму Алімпійскіх гульняў, якія не зьяўляюцца прыярытэтнымі (бадмінтон, каратэ, лыжныя гонкі, конны спорт, сынхроннае плаваньне, спартыўная гімнастыка, фэхтаваньне і іншыя);
  • 190% — для відаў спорту, ня ўключаных у праграму Алімпійскіх гульняў, уключаных у праграму II Эўрапейскіх гульняў 2019 году (акрабатыка, самба, пляжны футбол);
  • 160% — для відаў спорту, ня ўключаных у праграмы Алімпійскіх гульняў і II Эўрапейскіх гульняў 2019 году (водналыжны спорт, усходнія віды адзінаборстваў, шашкі, шахматы);
  • 160% — для тэхнічных і авіяцыйных відаў спорту.

За тыдзень ад моманту адкрыцьця ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане беларусы так і ня здолелі парадаваць сваіх заўзятараў.

«Ім ня плацяць заробкаў, а яны выйграюць мэдалі на чэмпіянаце Эўропы». Спартовы журналіст пра беларускі спорт і шанцы на Алімпіядзе

Лукашэнка патрабуе падвоіць заробак настаўнікам

Заробак пэдагогаў у бліжэйшыя гады павінен быць павялічаны ў два разы. Такое патрабаванне агучыў Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Слуцкі раён, перадае БЕЛТА.

«Па настаўніках будзем разьбірацца найсур’ёзьнейшым чынам. Трэба за будучую пяцігодку і час, які застаўся, заробак настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм. Настаўнік у нас сёньня застаўся галоўным зьвяном у вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах. І нават у Менску, абласных цэнтрах наша апора — настаўнік», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, таксама неабходна дамагчыся, каб маладыя пэдагогі, атрымаўшы адукацыю, не сыходзілі са школы.

«Я ведаю, што тэндэнцыя ўжо зваротная пайшла. Ведаю некаторых асабіста, якія сышлі на добрую зарплату, а сёньня гатовы вярнуцца назад у школу на больш нізкую. Чаму? Таму што адпачынкі прыстойныя, свабода пэўная — у школе адпрацаваў (лічы, да 15- 16 гадзінаў асноўная нагрузка) і вольны, не прывязаны да стала, як бухгальтар, эканаміст. Але заробак настаўніка нізкім быць не павінен», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка канстатаваў, што нізкія заробкі і ў работнікаў дзіцячых садкоў, малодшага мэдыснага пэрсаналу, хоць праца ў іх калясальная.

«І ў культуры, сацыяльным забесьпячэньні. Паціху іх трэба падцягваць вышэй, і за кошт іх у бягучым годзе мы павінны перасягнуць 1 тысячу беларускіх рублёў заробнай платы, — сказаў ён. — Дзесьці зэканоміць трэба, дзесьці менш спаліць, але людзям трэба даць заробак».

Пра дастойныя заробкі настаўнікаў Лукашэнка кажа ўвесь час свайго кіраваньня: «Згубім настаўніка — капец. Будзем хадзіць п’яныя і дурныя». Паводле інфармацыі Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў 2017 годзе склаў 557,7 беларускіх рублёў (у сьнежні 2017 году — 664,5 руб), заробак школьных настаўнікаў у 2017 годзе ў сярэднім складаў 673,5 руб (у сьнежні 2017 — 777,7 руб, або 394 даляры). Так што да абяцаных 500 даляраў настаўнікам яшчэ далёка.

Рэальныя заробкі вырасьлі ўдвая меней за сярэднія ў 2017 годзе

Мэдыянны заробак беларуса — 635,4 рубля. Што гэта і чаму так мала

XS
SM
MD
LG