Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі не фрыстайлісты, то хто? Алімпійскі фінал для лыжных акрабатак


Беларуская канькабежка Марына Зуева на ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане

За тыдзень ад моманту адкрыцьця ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане беларусы так і ня здолелі парадаваць сваіх заўзятараў.

Ня спраўдзілі авансавых чаканьняў біятляністы. У жаночай індывідуальнай гонцы найлепшай аказалася Надзея Скардзіна, якая фінішавала на 10-й пазыцыі. Дар’я Домрачава да апошняга этапу прэтэндавала на п’едэстал, але тры промахі на заключнай стральбе адкінулі трохразовую чэмпіёнку Сочы-2014 на 27-е месца. Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава фінішавалі 36-й і 56-й адпаведна.

У мужчынскай індывідуалцы агульны расклад падобны. Толькі Сяргей Бачарнікаў трапіў у першую дваццатку (18-е месца), астатнія шмат саступілі лідэрам: Уладзімер Чапелін прыйшоў 30-м, Максім Варабей 39-м, Раман Ялётнаў 52-м.

Уначы паводле менскага часу спаборнічалі гарналыжнікі. На беларускіх прадстаўнікоў спадзяваньняў не было адпачатку, яны асабліва і не напружваліся. У мужчынскім супэргіганце Юры Данілачкін адстаў ад пераможца на 5,69 сэкунды і ў выніковым пратаколе разьмясьціўся на 42-м месцы з 48 тых, хто даехаў да фінішу.

Па суме дзьвюх спробаў у жаночым слаламе крыху лепш выглядала Марыя Шканава. Яна заняла 28-е месца, усяго на старт выйшлі 78 гарналыжніц.

16 лютага, у сёмы дзень Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі, на арэны выйдуць сем прадстаўнікоў Беларусі. Увага найперш будзе прыкаваная да фіналу спаборніцтваў у жаночым фрыстайле.

Фрыстайл

Жанчыны. Акрабатыка (пачатак а 14.00)

У фінал прабіліся дзьве з трох прадстаўніц Беларусі — алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер і пераможца этапаў Кубку сьвету Ганна Гуськова. Абедзьве маюць шанцы пазмагацца за мэдалі найвышэйшай вартасьці.

Канькабежны спорт

Жанчыны. 5000 мэтраў (14.00)

Яшчэ адна магчымасьць для Марыны Зуевай хоць нешта супрацьпаставіць галяндкам, якія не пакідаюць шанцаў у Пхёнчхане практычна нікому. Усяго стартуе 12 канькабежак.

Лыжныя гонкі

Мужчыны. 15 кілямэтраў. Свабодны стыль (9.00)

Вэтэран каманды Сяргей Далідовіч, для якога гэта сёмая па ліку Алімпіяда, на старт ня выйдзе. Ад Беларусі пабягуць два лыжнікі — Юры Астапенка і Міхаіл Сямёнаў.

Узнагароды Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі маюць ужо прадстаўнікі 22 краінаў. Ад першага дня лідэрства ў агульным заліку ўтрымлівае зборная Нямеччыны (9 залатых, 2 срэбныя, 4 бронзавыя). У першай тройцы таксама Нарвэгія (6-7-5) і Нідэрлянды (5-5-2). Беларускія атлеты на п’едэстал гонару не ўздымаліся.

XS
SM
MD
LG