Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія мэдалі заваявалі два дзясяткі краін, Беларусь у ліку аўтсайдэраў


На Алімпіядзе ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане беларусы па-ранейшаму застаюцца без мэдалёў.

Напярэдадні спадзяваньні ўскладаліся на біятляністак, аднак лідэр зборнай Дар’я Домрачава прадэманстравала найгоршы вынік за ўвесь час сваіх выступаў на зімовых гульнях — самая павольная стральба, шэсьць штрафных кругоў і толькі 37-е месца.

Ня здолелі зрабіць сэнсацыю і яе сяброўкі па камандзе: Надзея Скардзіна была 14-й, Ірына Крыўко — 17-й, Надзея Пісарава — 44-й.

«Кучна», але толькі ў чацьвёртым дзясятку разьмясьціліся ў фінішным пратаколе мужчыны. Антон Смольскі заняў 33-ю пазыцыю з шасьці дзясяткаў удзельнікаў, Уладзімер Чапелін — 36-ю, Сяргей Бачарнікаў — 37-ю.

А вось канькабежку Марыну Зуеву дыскваліфікавалі постфактум за парушэньне «правілаў прыярытэту праходжаньня дыстанцыі». Беларуска прызнаная вінаватай у сутыкненьні з кітайскай спартоўкай, яе вынік ануляваны.

У ноч на аўторак пасьля чарады пераносаў з прычыны неспрыяльнага надвор’я нарэшце стартавалі гарналыжнікі. У мужчынскай камбінацыі асыміляваны беларус Юры Данілачкін завяршыў дыстанцыю 48-м з 65 спартоўцаў.

13 лютага, у чацьвёрты дзень Алімпійскіх гульняў, на старты выйдуць нешматлікія прадстаўнікі Беларусі.

Гарналыжны спорт

Мужчыны. Супэркамбінацыя. Слалам

Яшчэ адну спробу зачапіцца за лепшую пазыцыю зробіць Юры Данілачкін — гэтым разам у слаламе.

Лыжныя гонкі

Жанчыны. Спрынт. Клясычны стыль

Галоўная задача Настасьсі Кірылавай, Валянціны Камінскай, Паліны Сераносавай і Юліі Ціханавай — пераадолець кваліфікацыйны бар’ер.

Мужчыны. Спрынт. Клясычны стыль

Спадзяваньні на адзінага беларускага спрынтэра Аляксандра Воранава, які ня ўтойваў, што прыехаў у Пхёнчхан менавіта дзеля гэтай дысцыпліны.

Лідэрамі ў агульным мэдальным заліку па-ранейшаму застаецца зборная Нямеччыны — 7 узнагарод, зь якіх 4 залатыя. Пасьля трыюмфальных выступаў канькабежцаў умацавалі свае пазыцыі Нідэрлянды — таксама 7 мэдалёў, 3 ад гэтай колькасьці — найвышэйшай вартасьці. На трэцяй ступені — ЗША з 6 узнагародамі, 3 зь іх залатыя.

XS
SM
MD
LG