Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шанец даказаць, што не «алімпійскія турысты». Момант ісьціны для беларускіх біятляністаў


Беларуска Дар'я Домрачава фінішавала 9-й у біятлённым спрынце на 7.5 км. REUTERS/Murad Sezer

У шосты дзень зімовай Алімпіяды ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане пройдуць спаборніцтвы, якія напярэдадні былі адкладзеныя з прычыны штармавога ветру. Таксама распачнецца кваліфікацыя ў фрыстайле, дзе беларусы традыцыйна прэтэндуюць на высокія месцы.

14 лютага павінны былі стартаваць біятляністкі — адна з апошніх магчымасьцяў для Дар’і Домрачавай і яе сябровак прадэманстраваць, што яны ў Пхёнчхане ня проста «алімпійскія турысткі». Аднак за некалькі гадзін да старту стала вядома, што праз моцны вецер індывідуальная гонка пераносіцца на наступны дзень.

Калі абыдзецца бяз форс-мажору, сёньня на трасы выйдуць і жанчыны, і мужчыны.

Біятлён

Жанчыны. Індывідуальная гонка. 15 кілямэтраў (пачатак аб 11.15)

Удзельнічаюць трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, бронзавая мэдалістка Сочы-2014 і ўладальніца сёлетняга Малога хрустальнага глёбуса ў гэтай дысцыпліне Надзея Скардзіна, прызэрка аднаго з Кубкаў сьвету Ірына Крыўко і дэбютантка зборнай Дзінара Алімбекава.

Мужчыны. Індывідуальная гонка. 20 кілямэтраў (14.20)

Стартуюць чатыры беларускія ўдзельнікі — Сяргей Бачарнікаў, Уладзімер Чапелін, Раман Ялётнаў, Максім Варабей. Залог посьпеху — дакладная стральба. У Ванкувэры-2010 дзякуючы гэтаму ўчыніў сэнсацыю Сяргей Новікаў, які падзяліў 2-е месца з каралём біятлёну Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам.

Горныя лыжы

Жанчыны. Гіганцкі слалам

Для адзінай прадстаўніцы Беларусі Марыі Шканавай гэтая дысцыпліна лічыцца «ўлюбёнай». Але з улікам надзвычайнай канкурэнцыі будзе добра, калі расейка зь беларускім пашпартам фінішуе ў сярэдзіне выніковага пратаколу.

Мужчыны. Хуткасны спуск

Яшчэ адзін расеец зь беларускім пашпартам Юры Данілачкін завяршыў выступы, калі ў Беларусі была ноч — выніковая 44-я пазыцыя, больш за 5,5 сэкунды адставаньня ад лідэра.

Лыжныя гонкі

Жанчыны. 10 кілямэтраў. Вольны стыль (9.30)

Беларускія лыжніцы яшчэ нічым не зьдзівілі на сёлетніх гульнях, адсейваючыся яшчэ на стадыі кваліфікацыі. Чарговая спроба выступіць годна. На дыстанцыі чатыры прадстаўніцы Беларусі — Юлія Ціханава, Паліна Сераносова, Настасься Кірылава і Валянціна Камінская.

Фрыстайл

Жанчыны. Акрабатыка. Кваліфікацыя (14.00)

Патэнцыйна мэдальная дысцыпліна для зборнай Беларусі. Усе заяўленыя спартоўкі — алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер, пераможца этапаў Кубку сьвету Ганна Гуськова і пэрспэктыўная Аляксандра Раманоўская — маюць выдатныя шанцы пераадолець кваліфікацыйны бар’ер і ўвайсьці ў тузін фіналістак.

У мэдальнай табліцы без асаблівых зьменаў. Ад першых дзён неафіцыйнае лідэрства захапіла Нямеччына: 12 мэдалёў (7 залатых, 2 срэбныя, 3 бронзавыя). На двух астатніх умоўна прызавых пазыцыях пэрманэнтна зьмяняюць адзін аднаго Нідэрлянды, ЗША і Нарвэгія. На гэты момант у іх скарбонках 5, 4 і 3 найвышэйшыя ўзнагароды адпаведна.

Алімпійскія мэдалі заваявалі два дзясяткі краін, Беларусь у ліку аўтсайдэраў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG