Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 прапаноў рэфармаваньня сфэры адукацыі. Частку зь іх не ўхваліў Мікалай Лукашэнка, кажа бацька


Падчас Пэдагагічнай нарады 24 жніўня

24 жніўня на Рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі і міністра адукацыі Ігара Карпенкі прагучала шмат прапаноў пра рэфармаваньне сыстэмы адукацыі. Свабода прааналізавала, якія зь іх рэалізуюцца, якія — не.

Вышэйшую адукацыю трэба атрымаць за тры гады. Калі і адбудзецца, то ня хутка

«Ну навошта пяць гадоў вучыць? Я па сабе ведаю, што там (у ВНУ) пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы, або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасьці».

Таксама Аляксандар Лукашэнка загадаў прыбраць з праграмы лішнія прадметы, якія, на яго думку, адмыслоўцу не спатрэбяцца.

Раней амаль ва ўсіх ВНУ (акрамя пэдагагічных, дзе тэрмін навучаньня складаў 4 гады, і мэдычных, дзе 6) трэба было вучыцца 5 гадоў. У 2012 годзе бальшыня беларускіх ВНУ перайшла на 4-гадовае навучаньне.

Пераход на трохгадовы тэрмін навучаньня можа адбыцца няхутка — трэба перарабляць навучальныя праграмы, перапісваць падручнікі, пераарыентоўваць выкладчыкаў. А па некаторых складаных спэцыяльнасьцях, асабліва тэхнічных, падрыхтаваць прафэсіянала за 3 гады проста немагчыма.

Пераходу на 5-бальную сыстэму адзнак ня будзе. Не ўхваліў сын Мікалай

Дзесяцібальная сыстэма была ўведзена ў Беларусі ў 2002 годзе — адначасова і ў школах, і ў ВНУ. Прапанову зноў перайсьці на 5-бальную сыстэму агучыў 10 дзён таму віцэ-прэм’ер Васіль Жарко па выніках працоўнай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка ў час візыту ў Пэкін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка ў час візыту ў Пэкін, архіўнае фота

«Калі я ў яго дома запытаўся... Ён кажа, што зараз усіх прымусіў вучыцца з 9-й, яшчэ пяцібальную сыстэму табе трэба. Ды нармальная яна, мы ўжо прывыклі», — пераказаў размову з сынам Лукашэнка.

Пачатак урокаў у школе а 9-й раніцы. Мінадукацыі рэкамэндуе вырашаць самім школам

Праблема таксама зьвязаная з сынам Лукашэнкі.

«Пытаюся ў свайго: „Слухай, ну як на першым уроку?“ — „Так, тата, нічога, усе сьпяць, і я там прыкархну трошкі“. — „Ты ж сын прэзыдэнта, нельга так“. — „Спаць хачу!“ Бязладзьдзе ў школе. У элемэнтарных рэчах».​

І адразу ж школы і гімназіі былі гатовыя перасунуць пачатак урокаў на паўгадзіны-гадзіну пазьней (пад Колю). Але пачаўся шум у грамадзтве, у СМІ — многія бацькі не пагадзіліся: у іх значна раней пачынаецца працоўны дзень.

Афіцыйная пазыцыя Міністэрства адукацыі цяпер такая — кожная школа і гімназія павінна вызначыцца сама, зь якой гадзіны пачынаць працаваць. Так, у менскай беларускамоўнай гімназіі № 23 прынялі рашэньне пачынаць урокі ў 8.30.

Школьная форма. Аднолькавай для ўсіх формы ня будзе, але Мінадукацыі рэкамэндуе «дзелавы стыль»

Аляксандар Лукашэнка на рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе выказаў такое меркаваньне: «Ня трэба ўсіх заганяць у рамкі, як у нас было калісьці. Школьная форма — трэба выбар даць людзям... Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна і для дзяцей зь пятай калёны (мы ж яе ня выкінем, гэта ж нашы дзеці), і для нашых, звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашу радзіму».

Праект «нацыянальнай школьнай формы» дызайнэраў Elen Carott
Праект «нацыянальнай школьнай формы» дызайнэраў Elen Carott

Міністэрства адукацыі даўно ўжо рэкамэндуе ўсім школьнікам прытрымлівацца дзелавога стылю. Некаторыя школы і гімназіі ўводзяць сваю форму. Да прыкладу, у сталічнай гімназіі № 4 дзяўчаткі павінны хадзіць у спадніцах, камізэльках, жакетах бардовага колеру. У адной з гімназій Барысава дзяўчаты дагэтуль ходзяць у карычневых сукенках і чорных і белых фартушках.

Зьмяніць правілы паступленьня ў гімназію. Магчыма, зьмены адбудуцца ў наступным навучальным годзе

Міністар адукацыі Ігар Карпенка прапанаваў адмяніць уступныя экзамэны ў гімназію. Цяпер, каб паступіць у гімназію, дзіця пасьля 4 клясы здае 3 экзамэны: па матэматыцы, расейскай і беларускай мовах. Карпенка прапануе, каб дзеці хадзілі ў гімназію «па прапісцы», а ўжо пасьля 9-й клясы рабілі асэнсаваны выбар: здаваць экзамэн у гімназічную клясу альбо па атэстаце паступаць у сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы.

Калі гэта адбудзецца, сам міністар адукацыі і адказаў:

«Пакуль мы з адмыслоўцамі павінны адпрацаваць гэтыя мэханізмы. Гэта не азначае, што ўжо сёньня будуць адменены экзамэны ў гімназію. Трэба пастарацца ў наступным годзе з гэтым пытаньнем вызначыцца».

У якасьці выпускнога экзамэну за 11 клясаў увесьці комплексны агульнаадукацыйны тэст. У бліжэйшай будучыні гэта малаверагодна

У 2004 годзе замест уступных экзамэнаў у ВНУ ў Беларусі было ўведзенае ЦТ — цэнтралізаванае тэставаньне. Тэставаньне па пэўных прадметах праводзіцца ў адзін дзень і адзін час па ўсёй краіне. Цяпер абітурыенты могуць здаць ЦТ па чатырох прадметах і з сэртыфікатамі абіраць сабе ВНУ. Сыстэму ЦТ крытыкуюць дагэтуль, але яна штогод удасканальваецца і трымаецца ўжо 13 гадоў.

Выпускнікі-2015, ілюстрацыйнае фота
Выпускнікі-2015, ілюстрацыйнае фота

Якім будзе анансаваны міністрам адукацыі комплексны агульнаадукацыйны тэст, хто будзе яго распрацоўваць, якім чынам будзе адбывацца гэтае тэставаньне, пакуль невядома.

Экспэрты мяркуюць, што ў бліжэйшыя год-два такія рэформы наўрад ці адбудуцца.

Пэдагог будзе абавязаны інфармаваць пра тое, што займаецца рэпэтытарствам. Адназначна — абавяжуць

У працоўныя кантракты настаўнікаў міністар адукацыі Ігар Карпенка прапаноўвае ўнесьці новы пункт: настаўнік абавязаны будзе інфармаваць наймальніка, што ажыцьцяўляе рэпэтытарскую дзейнасьць. І чыноўнікі, і экспэрты, самі настаўнікі, якія вымушаныя займацца рэпэтытарствам, перакананыя, што гэта будзе зроблена, і вельмі хутка.

Вырашыць пытаньне настаўніцкіх заробкаў. Нерэальна

Лукашэнка даручыў у наступным годзе вырашыць пытаньне настаўніцкіх заробкаў:

«Праблема скаргаў настаўніка на нізкую заработную плату ў будучым годзе павінна быць зьнятая. Я не кажу пра памеры, таму што ня ведаю, які будзе памер. Але павінен быць такі заробак, каб, ведаючы аб’ём працы, які вы выконваеце, сорамна было ставіць пытаньне аб павышэньні заробку».

Пра дастойныя заробкі настаўнікаў Лукашэнка кажа ўвесь час свайго кіраваньня: «Згубім настаўніка — капец. Будзем хадзіць п’яныя і дурныя».

Паводле інфармацыі Белстату, сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў 2016 годзе склаў 258 даляраў. Прыбыткі работнікаў адукацыі складаюць 71,3% ад сярэдняга заробку па краіне.

Так што да абяцаных 500 даляраў настаўнікам яшчэ далёка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG