Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адклаў заробкі «па пяцьсот» на ІІ квартал 2018 году

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На эканамічнай нарадзе па ацэнцы вынікаў 2017 году і праектах прагнозаў і бюджэту на 2018 год Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 2018 год будзе годам пераадоленьня «адставаньня, дапушчанага ў 2016 годзе», перадае БЕЛТА.

За 2018 год трэба будзе «выйсьці на траекторыю» выкананьня абяцаньняў на «пятую пяцігодку», і хоць ёсьць невялікі рост эканомікі і ўстойлівасьць валютнага рынку, гэтага мала:

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Тым ня менш, падставаў для самазаспакоенасьці быць ня можа, — адзначыў Аляксандар Лукашэнка. — Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6%. У гэтым годзе адыгралі толькі 2%, што відавочна недастаткова».

Лукашэнка таксама задаўся пытаньнем, чаму пры росьце валавага ўнутранага прадукту не растуць даходы насельніцтва:

У сувязі з гэтым што мы мяркуем у гэтай частцы на 2018 год?
Пытаньне Лукашэнкі, адказ на якое не публікуецца

«Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост — прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананьнем майго даручэньня па дасягненьні сярэдняга заробку ў тысячу рублёў шмат пытаньняў і праблемаў. У сувязі з гэтым што мы мяркуем у гэтай частцы на 2018 год?»

Што адказалі Лукашэнку на гэтае пытаньне, не паведамляецца.

Абноўлена: Лукашэнка дапусьціў, што ў пачатку 2018 году заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку». Падвышаць сярэдні заробак ён пастанавіў за кошт тых, хто мае заробкі ніжэй за сярэднія. За гэта, сказаў ён ураду, кіраўніцтву Нацбанку і чыноўнікам, «галавой адказваеце».

Пакуль 831,3 рубля, але гэта не рэальны даход

Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў, у жніўні даручыў па 1000 рублёў да канца 2017 году, а цягам 2018-га — да 1500 рублёў. Пакуль такіх заробкаў атрымалася дасягнуць для чыноўнікаў. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі ў кастрычніку тлумачыў, што выканаць апошняе распараджэньне Лукашэнкі пра «па пяцьсот» да канца 2017 году атрымаецца «не для ўсіх».

У верасьні сярэдні заробак склаў 831,3 рубля — упаў на 13,1 рубля ў параўнаньні са жніўнем, але ў параўнаньні са студзенем вырас на 110,6 рубля. Але сярэднія рэальныя даходы беларусаў заўсёды ніжэйшыя за сярэднія налічаныя заробкі — цяпер яны крыху вышэйшыя за 500 рублёў.

«Прасякнуцца пачуцьцем, што кожны чалавек мусіць мець магчымасьць працаваць»

Таксама Лукашэнка заўважыў, што хоць урад рапартуе аб стварэньні новых працоўных месцаў (50 тысяч), колькасьць звольненых перавышае колькасьць прынятых на працу амаль на тыя ж самыя лічбы (43 тысячы з пачатку году). За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных.

Ён адзначыў, што «мы павінны прасякнуцца пачуцьцем, што кожны чалавек мусіць мець магчымасьць працаваць», таму тым, хто хоча працаваць, «трэба дапамагчы ўладкавацца і заплаціць». Таксама ён намякнуў на «дармаедаў»:

«Я адчуваю і бачу сытуацыю: чалавек сёньня гатовы любую працу выконваць, — упэўнены Лукашэнка. — Так, ёсьць 10% на ўліку ў [міністра ўнутраных справаў] Шуневіча і іншых, з імі мы працуем па-свойму, прытым жорстка працуем».

Як менавіта цяпер працуюць з «дармаедамі» і ці сапраўды ў іх адбяруць пэўныя льготы ў абноўленым «дэкрэце пра дармаедаў», Лукашэнка не ўдакладніў.

Бедным бюджэтнікам у сьнежні дадуць крыху болей

Ад 1 сьнежня заробкі некаторых бюджэтнікаў вырастуць прыблізна на 7,1%: Савет міністраў пастанавіў падвысіць тарыфныя аклады асобным катэгорыям працаўнікоў. Найбольш вырастуць заробкі ў бюджэтнікаў зь нізкімі заробкамі (1–4 разрады).

Таксама вырастуць стаўкі працаўнікоў сфэры сацыяльнага абслугоўваньня і культурна-асьветніцкіх установаў — замест павелічэньня на 15% стаўкі падвысяць на 25%, але толькі тым, «чые працоўныя функцыі адпавядаюць асноўнаму віду дзейнасьці ўстановаў». У працаўнікоў названых сфэраў традыцыйна самыя нізкія сярэднія заробкі ў краіне. У верасьні ў галіне сацыяльных паслугаў было 462,3 рублі сярэдняга заробку, у бібліятэкараў і музэйных працаўнікоў — 464,4 рублі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG