Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы атрымалі «па пяцьсот» даляраў даходу, але не на чалавека, а на сям’ю


Паводле зьвестак Белстату, сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка Беларусі ў студзені–​верасьні 2017 году мела 1026,7 рубля наяўных рэсурсаў на месяц.

Пад наяўнымі рэсурсамі маюцца на ўвазе сумарна грашовыя даходы і прадукты харчаваньня з асабістай гаспадаркі за выняткам затратаў на іх вытворчасьць, а таксама атрыманыя ў натуральнай форме льготы і выплаты.

Зь іх расходуюцца ў сярэднім 965,2 рублі, а 76,5% зь іх ідзе на спажывецкія расходы.

Гаспадаркі ў гарадах і пасёлках гарадзкога тыпу мелі 1096,3 рубля гэтых рэсурсаў, у сельскіх населеных пунктах – 843,4 рубля.

Год таму такіх рэсурсаў было 965,2 рубля ў сярэднім, 1041,8 рубля ў гарадах і мястэчках, 770,7 рубля ў сёлах.

Пры гэтым рэальныя даходы беларусаў нарэшце перасталі падаць пасьля амаль трох гадоў. Наяўныя грашовыя даходы на чалавека да сплаты падаткаў складалі за студзень–верасень 2017 году 546,1 рубля.

Сярэднестатыстычны даход – ня той, што атрымлівае большасьць. Так, у ІІI квартале толькі 27,8% беларусаў мелі больш за 500 рублёў даступных рэсурсаў (гэта заробкі плюс іншыя грашовыя даходы плюс прадукты ўласнага вырабу ў грашовым выражэньні). Рэсурсаў меней за пражытковы мінімум мелі 5,9% беларусаў (за мяжой беднасьці жыве кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі).

Аляксандар Лукашэнка адклаў заробкі «па пяцьсот» даляраў, якія абяцае ўжо больш за 10 гадоў, на ІІ квартал 2018 году, хоць раней даручаў давесьці заробкі да 1000 рублёў да канца 2017 году. Але мясцовыя ўлады прынамсі ў Менску і ў Горадні даручаюць падначаленым «накруціць» заробкі за сьнежань да 1000 рублёў.

XS
SM
MD
LG