Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі жыве за мяжой беднасьці


Паводле статыстычнага зборніка Белстату пра ўзровень жыцьця насельніцтва, у 2016 годзе ў Беларусі 10,9% насельніцтва ва ўзросьце да 17 год уключна адносіліся да малазабясьпечаных — наяўных рэсурсаў у іх было менш за пражытачны мінімум, нацыянальную мяжу беднасьці.

Агулам па Беларусі да малазабясьпечаных адносіліся ў 2016 годзе 5,7% насельніцтва. Малазабясьпечанымі лічыліся 6,7% беларусаў ва ўзросьце ад 18 да 24 год; 5,9% ва ўзросьце 25–54 год; 2,5% ва ўзросьце 55–59 год; і 0,4% ва ўзросьце больш за 60 год. Сярод малазабясьпечаных крыху больш жанчын (53,6% ад усіх малазабясьпечаных) і гарадзкіх жыхароў (54,3%). Найбольшая колькасьць малазабясьпечаных — у Берасьцейскай (21,5% ад агульнага ліку) і Гомельскай вобласьці (21,1%).

Ёсьць малазабясьпечаныя, якім так нармальна

Пры гэтым свой матэрыяльны стан ацэньваюць як нізкі толькі 4,5% беларусаў — вынікае, што прынамсі 1,2% беларусаў адносяцца да малазабясьпечаных, але не адносяць сябе да зусім бедных.

У гаспадарках з аднаго чалавека безь дзяцей скардзяцца на нізкі матэрыяльны стан часьцей, чым у гаспадарках з двума і болей дзецьмі (6,2% супраць 3,8%).

Малазабясьпечаных паболела

Колькасьць малазабясьпечаных беларусаў крыху вырасла за апошнія гады: у 2013 годзе малазабясьпечаных было 5,5% насельніцтва, у 2014 годзе іх колькасьць зьменшылася да 4,8%, у 2015-м вырасла да 5,1% і ў 2016-м дасягнула 5,7%.

З 2010 году ў малазабясьпечаных гаспадарках падвысілася калярыйнасьць харчаваньня (з 1755 да 1920 кКал на чалавека ў дзень), стала значна больш кампутараў (з 25 да 83 на 100 чалавек) і аўтаматычных пральных машын (з 31 да 59 на 100 чалавек).

Амаль палова грошай — на харчаваньне

45% выдаткаў малазабясьпечаных гаспадарак прыпадае на ежу (11,5% на мяса; 9,8% на хлеб; 8,5% на малако і малочныя прадукты; 2,1% на садавіну і ягады), 12% на камунальныя паслугі (разам з платай за жытло — 13,6%); 8% на сувязь; 7,8% на адзеньне і абутак; 4,1% на культуру, спорт і адпачынак; 4% на алькаголь і тытунь; 3,8% на транспарт; 3,4% на бытавую тэхніку і хатнія рэчы; 2,5% на ахову здароўя; 2,1% на адукацыю.

Колькі сапраўды зарабляе беларус, у якім узросьце бярэцца шлюбам, колькі мае дзяцей і калі памрэ. 20 фактаў з дасьледаваньня Белстату

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG