Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заробкі беларусаў сабраліся «накруціць» да «па пяцьсот»


Ілюстрацыйнае фота

Інфармагенцтва БелаПАН здабыла ліст, у якім адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску ставіць задачу сталічным прадпрыемствам давесьці заробкі за сьнежань да 1499 рублёў 30 капеек.

Дадатковыя меры для росту заробкаў — «налічэньне і зьмяшчэньне працаўнікам прэміяў і іншых выплатаў». Аўтары ліста патрабуюць ад прадпрыемстваў зьвесткі пра прагназаваныя заробкі ў сьнежні, «улічваючы пэрсанальную адказнасьць кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёну і прадпрыемстваў».

Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка тым часам абяцае ў перадачы «Контуры» дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, што задачу Аляксандра Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў (якую той ставіць ужо больш за 10 год) атрымаецца выканаць для сьнежня, але не для цэлага 2017 году, і не для ўсіх, а, магчыма, толькі для прамысловага сэктару.

Паводле Сямашкі, перадусім на «па пяцьсот» мае выйсьці прамысловы сэктар. У прамысловасьці, сьцьвярджае ён, «замоваў больш, чым можам выканаць». Ён «практычна абсалютна перакананы», што ў прамысловасьці атрымаецца выканаць абяцаньні на «пятую пяцігодку».

Зьвестак пра афіцыйны сярэдні заробак за лістапад яшчэ няма, але ў кастрычніку сярэдні заробак склаў толькі 841 рубель. Але працяглы час, калі афіцыйныя заробкі расьлі, рэальныя даходы беларусаў падалі.

Эканамісты ў камэнтары БелаПАН кажуць, што штучнае «накручваньне» заробкаў можа прывесьці да нэгатыўных наступстваў — росту інфляцыі і падзеньня цэнавай канкурэнтаздольнасьці экспартных тавараў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG