Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што, акрамя хакейных клюшак, вырабляюць у калёніях і за які заробак


23 лістапада міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пахваліўся перад Аляксандрам Лукашэнкам хакейнымі клюшкамі, што вырабілі зьняволеныя ў адной з пэнітэнцыярных устаноў. А што яшчэ вырабляюць беларускія вязьні і колькі за гэта атрымліваюць грошай?

1. Хакейная форма для юнацкіх камандаў

У траўні 2017 году на Алімпійскім сходзе Аляксандар Лукашэнка сказаў пра пляны шыць форму для хакеістаў у папраўчых установах. «Гэта нам будзе капейкі каштаваць», — сказаў кіраўнік краіны пра выдаткі. Пазьней зьявіліся зьвесткі, што такую вытворчасьць ужо асвоілі ў калёніі ў Гомлі. «Мы пачалі абшываць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы па хакеі» — казаў пра выраб хакейнай формы міністар Ігар Шуневіч. Цікава, што Шуневіч абяцаў Лукашэнку таксама асвоіць выраб за кратамі хакейных канькоў, але пакуль няма зьвестак, што гэты плян рэалізаваўся.

2. Форма для вайскоўцаў і міліцыянтаў

Гомельская жаночая калёнія
Гомельская жаночая калёнія

На швачнай вытворчасьці ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі, а таксама ў яе рэчыцкай філіі, шыюць, сярод іншага, форму для вайскоўцаў і міліцыянтаў. Паводле зьвестак праваабаронцы Алены Красоўскай-Касьпяровіч, праца зьняволеных швачак арганізаваная ў некалькі зьменаў.

«Асноўная вытворчасьць на жаночых зонах — швачная. Сядзеліцы шыюць форму для міліцыянтаў ды вайскоўцаў практычна круглыя суткі. Акрамя асноўнай вытворчасьці, у калёніях ёсьць і пабочныя, дзе асуджаныя выконваюць заказы прыватных асобаў. Большасьць асуджаных, нягледзячы на цяжкую працу, стараюцца».

Вось якімі зьвесткамі пра заробкі швачак і ўмовы іхнай працы падзялілася зьняволеная Марына:

«Тыя, хто стараецца працаваць на швачцы, атрымлівалі на той момант тыя ж грошы, што і на волі. Але яны дзеля гэтага выходзілі працаваць у дадатковыя зьмены і „пахалі“ вельмі шмат. Тых жа, хто не працуе, за гэта караюць, яны атрымліваюць парушэньні, розныя спагнаньні і г.д.»

Таксама ў жаночай калёніі № 4 робяць галаўныя ўборы, вырабы з трыкатажу, мэдычныя халаты, бялізну на ложкі, падшываныя вырабы.

3. Спэцвопратка

Швачная вытворчасьць у калёніі ў Навасадах
Швачная вытворчасьць у калёніі ў Навасадах

У большасьці мужчынскіх калёній таксама арганізаваная швачная вытворчасьць. Там шыюць у асноўным спэцвопратку: для будаўнікоў, прадстаўнікоў розных цяжкіх прафэсій ды іншае. Заробак на гэтых вытворчасьцях усяго каля 100 рублёў на год, але рэальна вязьні атрымліваюць на рукі яшчэ меней.

Вось што казаў Свабодзе ўлетку 2017 году былы вязень горацкай калёніі Дзьмітры Аленчанка:

«Былі замовы з Расеі: гэта значыць, у нейкім сэнсе працавалі на экспарт. Для фірмы „Стэцкевіч-спэцвопратка“ шылі, для „Эўраопту“ рабілі ўцепленыя камізэлькі, розныя камбінэзоны. Працавалі, безь перабольшаньня, на знос. А зараблялі па 2–3 рублі. Адкуль наагул такія расцэнкі?».

Паводле Дзьмітрыя Аленчанкі, працоўная зьмена ў швейным цэху Горацкай калёніі цягнулася 12 гадзін. Цэх быў абсталяваны старымі расейскімі швейнымі машынамі «Сібур», прыстасаванымі шыць грубую працоўную вопратку.

Горацкая калёнія
Горацкая калёнія

Вырабам спэцвопраткі ў зьняволеньні займаўся шмат хто зь беларускіх палітвязьняў. Прыкладам, шыў рукавіцы ў бабруйскай калёніі вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі.

4. Бэтонныя вырабы, платы і будкі для сабак

Вялікі асартымэнт сфармаваўся на вытворчасьцях пры ЛПП (лячэбна-працоўных прафілякторыях).

Так, пры ЛПП-4 у Дзяржынску дзейнічае прадпрыемства «Адзінка», якое асвоіла вырабы з бэтону і вырабы для дач ды катэджаў: бардзюры, тратуарную плітку, платы, мангалы, каваныя вырабы, драўляныя альтанкі, дзіцячыя пясочніцы, зрубы для студняў і нават сабачыя будкі. Усяго ў асартымэнце «Адзінкі» больш за 100 тавараў.

Летась у беларускіх ЛПП утрымлівалі каля 7 тысяч чалавек, зь іх 1300 жанчын. Міжнародная арганізацыі працы (МАП) зьвяртае ўвагу беларускіх уладаў на неабходнасьць прывесьці беларускія законы ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі аб забароне прымусовай працы.

5. Тэнты ды розны інвэнтар для турызму

Папраўчая калёнія № 8
Папраўчая калёнія № 8

Працу ў ЛПП беларускія праваабаронцы называюць прымусовай, бо ў гэтых установах пад вартай утрымліваюць людзей, якія не ўчынілі злачынстваў. Шырокую вядомасьць атрымала гісторыя вязьня Наваполацкага ЛПП № 8 Руслана Трубкіна, які летась на знак пратэсту зрабіў спробу суіцыду — праглынуў некалькі цьвікоў, назьбіраных на вытворчасьці. Руслан Трубкін, у якога на волі бяз бацькі засталіся чацьвёра малых дзяцей, пратэставаў супроць адмовы датэрмінова яго вызваліць. Вязень казаў праваабаронцам, што працаваў на вытворчасьці тэнтаў за мізэрныя грошы. За люты 2016 году Трубкін зарабіў 201 недэнамінаваны рубель — меней за 1 цэнт. За сакавік таго ж году заробак вязьня склаў 706 рублёў — на той час гэта было 3,5 цэнта.

Немалую лінейку вырабаў з мэталу для турызму і адпачынку прапануе прадпрыемства пры калёніі № 8 у Воршы. Сярод іх — мангалы, дзіцячыя санкі, садовыя арэлі і каністры для паліва.

6. Мэбля

Аказваецца, мэбля зь беларускіх калёній пасьпяхова прадаецца за мяжой. Адзін з прыкладаў — вырабы з дрэва, зробленыя ў калёніі № 5 у Івацэвічах. Іх прадаюць у Францыі. У асартымэнце прадпрыемства, створанага яшчэ ў 1986 годзе, як мэбля для дому — ложкі, шафы, крэслы, канапы, сталы з масіву дрэва, — гэтак і офісная мэбля з драўнянастружкавых пліт.

На сайце прадпрыемства пералічаныя яго асноўныя мэты. Гэта далучэньне асуджаных да працы, навучаньне іх масавым, грамадзка значным прафэсіям, каб хутчэй адаптавацца ў грамадзтве пасьля адбыцьця пакараньня, і выкананьне замоў дзеля дзяржаўных патрэб.

Паводле рапартаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, да 90% вязьняў у беларускіх калёніях працуюць. Між тым былы палітвязень. маладафронтавец Эдуард Лобаў, які адбыў 4 гады ў Івацэвіцкай калёніі, так працы і не атрымаў. «Я некалькі разоў пісаў заявы, адвучыўся на курсах, але ад працы мяне трымалі далей», — кажа Эдуард Лобаў.

Як івацэвіцкія зэкі ўвялі галяндцаў у страты

Дрэваапрацоўкай і вырабамі з дрэва займаюцца таксама ў бабруйскай калёніі № 2, на прадпрыемстве «Адзінаццаць» пры калёніі ў Ваўкавыску ды ў іншых пэнітэнцыярных установах. Працуючы на лесапілцы ў Шклоўскай калёніі, атрымаў у 2011 годзе траўму рукі былы кандыдат на прэзыдэнта палітвязень Мікалай Статкевіч.

7. Аўтазапчасткі

Яшчэ 10 год таму на тэрыторыі менскай калёніі № 1 была вытворчасьць па абсталяваньні кабін для трактароў «Беларусь». Але калёнію на вуліцы Кальварыйскай закрылі, а выраб аўтазапчастак паступова асвоілі на іншых «пляцоўках». Сярод іх вылучаецца калёнія № 12 у Оршы, дзе вырабляюць запчасткі ня толькі для МТЗ і МАЗ, але і заводу колавых цягачоў — МЗКЦ. У прыватнасьці, там «зэкі» вырабляюць тросы ды іншыя прылады для цягачоў, якія перавозяць ракеты.

Папраўчая калёнія №12 у Воршы
Папраўчая калёнія №12 у Воршы

У папраўчай калёніі № 14 (гэта ў пасёлку Навасады пад Барысавам) таксама вырабляюць аўтазапчасткі. Супрацоўнік праваабарончага цэнтру «Тайм-Акт» Васіль Завадзкі, які адбываў пакараньне ў Навасадах, кажа:

«У калёніі працуе даволі вялікі мэталаапрацоўчы завод. Яны выпускаюць ацынкаваныя вёдры; ёсьць цэх, дзе вырабляюць радыятары для МАЗаў і БелАЗаў; ёсьць цэх, дзе вырабляюць глушыцелі для МАЗаў і МТЗ. Але адносна высокімі заробкамі, 200–300 рублёў на месяц, могуць пахваліцца толькі адзінкавыя вязьні, кваліфікаваныя спэцыялісты, напрыклад зваршчыкі. Большасьць там наўрад ці зарабляе больш за 10 рублёў на месяц».

Вытворчасьць у калёніі ў Навасадах
Вытворчасьць у калёніі ў Навасадах

8. Паслугі

На сайтах некаторых прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць пра калёніях і ЛПП, сярод асартымэнту пэўных вырабаў можна сустрэць і такі запіс — «Паслугі».

Вось адзін з прыкладаў. Прадпрыемства пры калёніі ў Глыбокім Віцебскай вобласьці паводле кантрактаў аказвае паслугі па апрацоўцы мэталалому, у тым ліку каляровых мэталаў. Вязьні калёніі на адмысловым абсталяваньні могуць аддзяліць у кабэлі мэтал ад ізаляцыйнага матэрыялу. «Аказваем паслугі па лазэрнай і лентачнапільнай рэзцы мэталаў» — пазначана на сайце прадпрыемства «ІК-3 Беразьвечча».

У калёніі ў пасёлку Беразьвечча пад Глыбокім утрымліваюць асуджаных на вялікія тэрміны, у тым ліку на пажыцьцёвае зьняволеньне. Праваабаронцы Беларусі шмат разоў паведамлялі пра вельмі дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў гэтай калёніі, якая знаходзіцца ў будынку старажытнага кляштара. Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які сядзеў у Глыбокім, параўноўваў тамтэйшыя ўмовы з катаваньнем.

Усяго на базе больш як 60 папраўчых устаноў пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі дзейнічае 13 прамысловых прадпрыемстваў дзяржаўнай уласнасьці. Яшчэ некалькі прадпрыемстваў заснаваныя ў ЛПП.

Паводле Генпракуратуры, у 2015 годзе сярэдні штомесячны заробак асуджаных у папраўчых калёніях Беларусі складаў 80 рублёў, ва ўстановах адкрытага тыпу — 380 рублёў.

Паглядзець, якую прадукцыю вырабляюць у беларускіх калёніях, можна тут.

Турэмная праца і заробкі ЗК. У Беларусі, Эўразьвязе, ЗША

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG