Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праца мары». Свабода пагаварыла з жанчынай, якая на працоўным месцы нічога ня робіць


Загадчыца пункта пракату Ларыса Грыгаровіч. Фота — Алена Бадзьіна, «Інфа-Курʼер»
Загадчыца пункта пракату Ларыса Грыгаровіч. Фота — Алена Бадзьіна, «Інфа-Курʼер»

Слуцкі «Інфа-Курʼер» апавёў гісторыю 51-гадовай загадчыцы пункта пракату стадыёну Ларысы Грыгаровіч, якая паўгода ходзіць на працу, дзе нічога ня робіць, і атрымлівае за гэта 270 рублёў у месяц. Жанчына скардзіцца, што падпрацоўкі ёй не даюць і не скарачаюць.

Слуцкія чыноўнікі кажуць, што такія малыя заробкі атрымлівае даволі шмат людзей. Ларысе Грыгаровіч пайшлі насустрач, працаўладкавалі, а яна незадаволеная.

«Летам на працы я нічога не раблю. Гэта вельмі прыгнятае маральна»

51-гадовая Ларыса Грыгаровіч працуе загадчыцай пункту пракату стадыёна. Заробак у яе — 305 рублёў, на рукі «чыстымі» атрымлівае 270.

Паводле адукацыі яна тэхнік-будаўнік, працавала на цукровым камбінаце брыгадзірам і загадчыкам гаспадаркі. Апошнія 25 гадоў жанчына была сацыяльным работнікам у Слуцкім тэрытарыяльным цэнтры абслугоўваньня насельніцтва, але давялося сысьці па стане здароўя.

На новую працу Ларыса Грыгаровіч уладкавалася 19 сьнежня 2017 году.

«Графік у мяне зімой быў такі: я працавала кожны дзень з 12-й да 20-й гадзіны без абеду з адным выходным. У табэлі ў студзені мне пісалі іншы працоўны час, а зь лютага, калі я ўзьняла пытаньне, мне перарабілі кантракт (бо спачатку ў кантракце быў напісаны працоўны час з 8 да 17 гадзіны, субота і нядзеля — выходныя).

Да мяне чалавек працаваў таксама загадчыкам пункту пракату (зімой працы ў нас шмат), а на летні пэрыяд яшчэ быў па сумяшчальніцтве, па працоўным пагадненьні аформлены касірам. Але мяне так не аформілі. Вось і атрымліваецца, што летам на працы я нічога не раблю, сяджу „ад званка да званка“ за працоўным сталом. Гэта вельмі прыгнятае маральна», — расказала Свабодзе Ларыса Грыгаровіч.

Жанчына скардзіцца на мізэрны заробак, а ў яе 15-гадовая дачка і старэйшы сын — інвалід, з адной ныркай, яму патрэбна шмат лекаў. Скардзіцца яна і на тое, што ў яе няма магчымасьці падзарабіць, у той час, як у некаторых некаторых супрацоўнікаў шмат даплат.

12 верасьня Ларыса Грыгаровіч хадзіла на прыём да старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага, напісала пісьмовую заяву. Чыноўнік паабяцаў разабрацца. Запісалася на прыём і ў Міністэрства спорту і турызму, і ў адміністрацыю прэзыдэнта.

«Мы пайшлі жанчыне насустрач — прапанавалі няцяжкую працу. А цяпер не разумеем, чаго яна хоча»

Начальнік упраўленьня адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкаму Андрэй Нядзелька пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды такія заробкі ў раёне шмат хто атрымлівае: тэхнічныя работнікі ў школах, вахцёры, працаўнікі сацыяльнай сфэры. Звычайна на такія нізкааплатныя працы пагаджаюцца пэнсіянэры. Ларыса Грыгаровіч, бадай, адзіная не пэнсійнага веку.

«Яна сама папрасілася на няцяжкую працу, бо ў яе здарылася бяда, яна зламала руку. Мы пайшлі ёй насустрач — прапанавалі пункт пракату спартовага інвэнтара. Прэтэнзій па працы ў пракатным пункце да яе няма, яна добрасумленна выконвае свае абавязкі. Але ў касе працуе іншая жанчына», — тлумачыць Андрэй Нядзелька.

Чыноўнік пацьвердзіў, што зімой у жанчыны было шмат працы — закупілі шмат спартовага інвэнтара, заліваюць каток. А летам сапраўды працы менш, бо ролікавыя канькі і ровары людзі цяпер маюць свае.

«Таму менш запатрабаваны гэты пункт пракату летам. Прыбіраць і мыць сядзеньні на стадыёне перад матчамі яна не пагадзілася. Будзе зіма, будзе больш працы, пазабюджэтны фонд — будзе і заробак вышэй.

Але мы не зусім разумеем, чаго Ларыса Грыгаровіч хоча. Звальняцца яна ня хоча. Будзем прапаноўваць ёй іншую працу. У нас ёсьць больш высокааплатныя вакансіі, але ім трэба адпавядаць. Будзем шукаць для яе нейкія варыянты», — запэўніў начальнік упраўленьня адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкаму Андрэй Нядзелька.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, кожны пяты беларус жыве менш як на 300 рублёў у месяц.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG