Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры чвэрці перапазычым, на чвэрць зэканомім, — новы міністар фінансаў пра дзяржаўны доўг


Максім Ермаловіч, архіўнае фота

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч 9 верасьня даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, у якім расказаў пра будучы бюджэт краіны і дзяржаўную запазычанасьць.

Паводле Максіма Ермаловіча, прызначанага на пасаду 10 дзён таму, бюджэт Беларусі сёлета выконваецца «лепей, чым мы плянавалі». Бюджэт наступнага году, перакананы ён, будзе прафіцытным (значыць, нястратным), бо «захоўваецца задача», пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам — зьніжэньне пазыковай нагрузкі на бюджэт.

«Для таго, каб забясьпечыць зьніжэньне ўзроўню дзяржаўнай запазычанасьці, трэба траціць менш, чым мы зарабляем, — тлумачыць Ермаловіч. — Таму пэўныя даходы бюджэту, якія ня маюць пастаяннага характару, зьвязаныя з нафтавай кан'юнктурай, будуць накіроўвацца на выплату дзяржаўнай запазычанасьці».

У 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 млрд даляраў па дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м – 3,7 млрд. Паводле міністра фінансаў, з гэтым разьбіраюцца некалькімі шляхамі.

75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць (гэта значыць, узяць крэдыты на выплаты крэдытаў). Ермаловіч кажа, «мы ідзём на новыя рынкі пазык». Таксама дзяржава зьбіраецца прыцягваць рэсурсы «на больш камфортныя тэрміны па больш камфортных стаўках» — шукае рынкі, дзе стаўкі лепшыя за тыя, што былі пры разьмяшчэньні эўрабондаў летась (менавіта эўрабонды разьмяшчаць не плянуецца, але мяркуецца разьмяшчэньне аблігацыяў на 2 млрд даляраў у Расеі і Кітаі).

25% дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца сплаціць за кошт даходаў дзяржаўнага бюджэту. Плянуецца таксама «выпрацаваць стратэгію», каб фінансаваць дзейнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў без запазычанасьцяў — каб тыя пазычалі грошы самі, а не дадавалі дзяржаўнага доўгу.

Ад праграмы Міжнароднага валютнага фонду, дадае Ермаловіч, беларускія ўлады адмовіліся. На выкананьне той праграмы «выйшлі, але мы разышліся ў тэрмінах рэалізацыі», бо «МВФ настойваў на больш сьціслым пэрыядзе» рэформаў, а Лукашэнка «ўказаў нам, што гэта будзе высокі шок для нашага насельніцтва».

***

Максім Ермаловіч быў прызначаны міністрам фінансаў 31 жніўня. Яму 41 год, нарадзіўся ў Лепелі на Віцебшчыне. Раней у гэтым жа ведамстве працаваў першым намесьнікам міністра. Экс-міністар Уладзімер Амарын заслужыў пахвалы ад Лукашэнкі, які заявіў, што такі спэцыяліст «зьнікнуць не павінен».

На пачатку кар’еры Ермаловіч займаў розныя пасады ў Дзяржаўным падатковым камітэце Беларусі, апошнія паўтара дзясятка гадоў — у Міністэрстве фінансаў, дзе пачынаў кансультантам упраўленьня аналізу і плянаваньня даходаў бюджэту. Даволі часта зьяўляўся перад журналістамі, асабліва падчас пэрманэнтных фінансавых крызісаў. Ермаловіч — адзін зь нямногіх міністраў, хто вядзе акаўнты ў сацыяльных сетках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG