Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўг за электрычнасьць і цеплаэнэргію ў Беларусі наблізіўся да 1 млрд рублёў


Запазычанасьць спажыўцоў за электрычную і цеплавую энэргію ў Беларусі паводле стану на 1 жніўня 2018 году склала 973,3 млн рублёў, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі.

За студзень-ліпень 2018 году беларускія спажыўцы атрымалі электрычнай і цеплавой энэргіі на суму 5076,4 млн рублёў, але аплацілі толькі 99,2% энэргіі.

Сярод даўжнікоў за электрычную і цеплавую энэргію названыя арганізацыі Мінбудархітэктуры — заплацілі за 99,7% атрыманай энэргіі, Мінсельгасхарчу — 89,1%, канцэрну «Беллегпрам» — 99,0%, Дзяржкамваенпраму — 99,7%, Белкаапсаюзу — 97,5%, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — 97,2%.

За 7 месяцаў 2018 году арганізацыі камунальнай формы ўласнасьці Берасьцейскай вобласьці заплацілі за 99,6% атрыманай энэргіі, Віцебскай вобласьці — за 95,5%, Горадзенскай — 97,6%, Гомельскай і Менскай — 90,7%, Магілёўскай — 95,3%, Менску — 98,9%.

У ліпені 2018 году спажыўцы атрымалі электрычнай і цеплавой энэргіі на 631,5 млн рублёў, узровень аплаты склаў 99,4%.

На пачатку ліпеня Ўладзімер Сямашка, цяпер ужо былы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду, заявіў, што пасьля ўводу ў эксплюатацыю Беларускай АЭС жыхарам Беларусі ня варта чакаць зьніжэньня тарыфаў на электраэнэргію. Паводле Сямашкі, Беларусь павінна паступова адмовіцца ад дзейнага перакрыжаванага субсыдыяваньня і перайсьці да таго, каб грамадзяне цалкам аплочвалі сабекошт электраэнэргіі і іншых рэсурсаў. Сямашка заявіў, што ліквідацыя перакрыжаванага субсыдыяваньня чакаецца бліжэй да 2025 году.

«У Беларусі сёньня самы нізкі тарыф на электраэнэргію для насельніцтва, — сказаў тады віцэ-прэм’ер. — На Захадзе насельніцтва плаціць за электраэнэргію ў два-тры разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы. Таму тарыф для насельніцтва паступова будзе падымацца — вядома ж, не абы-як, а па меры росту рэальнай заработнай платы. Сёньня ж насельніцтва аплачвае каля 80% ад сабекошту электраэнэргіі».

Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў не павялічваць тарыфы на камунальныя паслугі больш як на 5 даляраў у год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG