Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая вялікая рызыка, якой мы падвяргаемся кожны дзень


Большасьць людзей думае, што курэньне — гэта найгоршае, што можна зрабіць для свайго здароўя. Але, верагодна, найгоршае з таго, што мы робім кожны дзень, — гэта сядзім.

Такую думку на сайце sharecare.com выказвае калюмністка Рэйчэл Андэрсан.

Мы сядзім, калі едзем некуды, працуем, ямо, карыстаемся кампутарам, глядзім тэлевізар або чытаем. Каб чытаць гэты тэкст далей, піша Андэрсан, вам лепш за ўсё ўстаць, бо чым больш часу мы сядзім, тым менш часу нам застаецца жыць на гэтай плянэце.

Што мы ведаем

Многія дасьледаваньні сьведчаць, што сядзеньне ў крэсьле ці на канапе на працягу некалькіх гадзін запар, можа прывесьці да раку, атлусьценьня, цукровага дыябэту 2-га тыпу, сардэчна-судзінных хваробаў і заўчаснай сьмерці.

Адно з такіх дасьледаваньняў, праведзенае Амэрыканскім анкалягічным таварыствам, паказала, што ў жанчын, якія сядзелі па шэсьць гадзін у дзень, было на 37% больш шанцаў памерці да канца 13-гадовага дасьледаваньня. Шанцы мужчын памерці дачасна пры такім самым ладзе жыцьця былі вышэйшыя на 18%.

Іншае дасьледаваньне выявіла, што 49 000 выпадкаў раку малочнай залозы ў ЗША і 43 000 раку тоўстай кішкі зьвязаныя з доўгім сядзеньнем.

Чаму сядзець шкодна

Сядзець небясьпечна ня толькі таму, што вы не даяце сабе фізычнай нагрузкі. Сядзеньне небясьпечнае само па сабе.

Доўгі час, праведзены седзячы, мае значныя мэтабалічныя наступствы.

Сядзеньне адмоўна ўплывае на крывяны ціск, на ўзровень у крыві цукру, трыгліцэрыдаў, добрага халестэрыну і лептыну, які яшчэ называюць гармонам апэтыту. Усе названыя паказчыкі зьяўляюцца маркёрамі атлусьценьня і сардэчна-судзінных хваробаў.

Сядзеньне таксама шкодна ўплывае на лімфатычную сыстэму, якая дапамагае арганізму абараняцца ад інфэкцый.

Лімфатычныя каналы, якія ўтылізуюць выкліканыя інфэкцыяй шкодныя адкіды, ня маюць такой помпы, як сэрца для крывяносных судзінаў. Лімфа ўнутры іх рухаецца, дзякуючы скарачэньням мышцаў ног. Таму лімфатычная сыстэма ня можа выконваць сваю функцыю, калі мы сядзім.

Ці кампэнсуюць фізычныя практыкаваньні шкоду ад доўгага сядзеньня

Калі вы сядзіце цэлы дзень і думаеце, што пасьля працы пойдзеце на шпацыр або ў спартовую залю і, такім чынам, кампэнсуеце шкодныя наступствы 8-10-гадзіннага сядзеньня, вы памыляецеся. Кампэнсаваць гэтую шкоду немагчыма.

Усплёскі фізычнай актыўнасьці ня могуць быць адказам на доўгае сядзеньне. Нават дзьве гадзіны практыкаваньняў кожны дзень не кампэнсуюць 22 гадзіны сядзеньня, цытуе Рэйчэл Андэрсан амэрыканскага доктара мэдыцыны Дэвіда Агуса.

У рэальнасьці, кажа доктар Агус, сядзеньне на працягу 5-6 гадзін у дзень, нават калі вы праводзіце пасьля гадзіну ў трэнажорнай залі, зьяўляецца эквівалентам выкурваньню цэлага пачка цыгарэт.

Актыўна рухацца цэлы дзень у наш час складана, бо праца большасьці людзей сядзячая. Але нават зусім кароткія (літаральна на пару хвілін) перапынкі ў доўгім сядзеньні могуць аказаць вялікі пазытыўны эфэкт на здароўе.

Што можна зрабіць, каб сядзець менш

  • Уставайце і рухайцеся прынамсі кожныя 30 хвілін. Схадзіце па ваду або каву — туды, дзе вы будзеце вымушаны стаяць. Папрысядайце. Размаўляйце па тэлефоне стоячы.
  • Старайцеся глядзець любімыя тэлеперадачы стоячы. Можна рабіць гэта гатуючы, закладаючы посуд у пасудамыечную машыну, складаючы бялізну або круцячы пэдалі велатрэнажора.
  • Калі вы праводзіце ўвесь дзень за кампутарам, падумайце пра магчымасьць купіць спэцыяльны кампутарны стол, у які інтэграваны бегавы трэнажор. Гэта ўжо практыкуюць некаторыя праграмісты ў Злучаных Штатах. З дапамогай такога стала вы можаце працягваць рухацца нават падчас працы.
  • Не забывайце пра фізычную нагрузку. Нават калі трэніроўка і ня цалкам пазбавіць вас ад нэгатыўных наступстваў сядзеньня, спорт і рух усё роўна вельмі карысныя. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што актыўныя людзі, якія сядзелі на працягу доўгага пэрыяду часу, жылі даўжэй, чым неактыўныя «сядзельцы». Паспрабуйце рабіць хаця б кароткія трэніроўкі раніцай або ў абедзенны час. Актыўныя трэніроўкі ў вячэрнія гадзіны могуць парушыць сон.
  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG