Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць на бягу. Чаму дзеці гінуць на ўроках фізкультуры і як ад гэтага засьцерагчыся


Пасьля трагічнага выпадку ў Быхаўскім раёне, калі на ўроку фізкультуры падчас прабежкі памёр школьнік, Свабода высьветліла, што гэта не адзіны такі выпадак.

19 кастрычніка ў школе вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёну на ўроку фізкультуры памёр вучань трэцяй клясы. У яго былі праблемы з сэрцам. Хлопчык штогод праходзіў абсьледаваньне ў стацыянары. Кепска яму стала падчас бегу. Ні настаўнікі, ні хуткая дапамога не змаглі ўратаваць дзіця.

Акалічнасьці сьмерці 8-гадовага хлопчыка высьвятляюцца. У школе здарэньне не камэнтуюць. У аддзеле адукацыі Быхаўскага раёну кажуць, што акалічнасьці сьмерці непаўналетняга высьвятляе адмысловая камісія.

Паводле Сьледчага камітэту, хлопчык меў сардэчнае захворваньне, і цяпер высьвятляецца, ці былі ў яго абмежаваньні для заняткаў фізкультурай. Па выніках праверкі будзе прынятае «канчатковае працэсуальнае рашэньне».

Вядома, што хлопчык штогод праходзіў абсьледаваньне ў стацыянары.

Іншыя сьмерці на ўроках фізкультуры

7 лютага 2014 году на ўроку фізкультуры памёр вучань 10 клясы 147 школы Менску Мікіта Храмцоў. Хлопцу стала кепска падчас прабежкі. Прывесьці вучня да прытомнасьці настаўнік фізкультуры ня змог. Брыгада хуткай мэдычнай дапамогі прыехала ў школу праз 11 хвілін пасьля выкліку і канстатавала сьмерць Мікіты.

Паводле мэдычнай дакумэнтацыі, школьнік ня меў супрацьпаказаньняў і абмежаваньняў для заняткаў фізкультурай. За два дні да здарэньня Мікіта прайшоў камісію ў ваенкамаце, і яго прызналі здаровым.

Пазьней падчас экспэртызы высьветлілася, што ў школьніка быў прыроджаны парок сэрца, што і стала прычынаю сьмерці. Парушэньняў у арганізацыі вучэбнага працэсу ня выяўлена, заявіў Сьледчы камітэт.

17 сакавіка 2014 году на ўроку фізкультуры памёр адзінаццаціклясьнік 15 школы Пінску Міхаіл Матруніч. Сямнаццацігадовы хлопец самлеў падчас гульні ў футбол. Першую дапамогу яму аказвалі настаўнікі, бо мэдсястры не было на месцы. Пазьней хлопца ратавалі дзьве брыгады хуткай дапамогі. За месяц да таго ён праходзіў мэдычную камісію, якая ня выявіла праблемаў са здароўем.

19 верасьня 2015 году на дадатковых занятках па агульнафізычнай падрыхтоўцы з элемэнтамі футболу стала кепска 13-гадовай дзяўчынцы. Яна выйшла са спартовай залі, і праз колькі хвілін яе знайшлі нежывую ў калідоры школы.

22 верасьня 2015 году вучаніцы 5 клясы 54 школы Менску стала кепка. Выратаваць яе не змаглі. Здарэньне адбылося на ўроку фізкультуры. Паводле Сьледчага камітэту, 10-гадовая дзяўчынка займалася па асобнай праграме, бо мела сардэчнае захворваньне і была далучаная да спэцыяльнай групы здароўя.

Калі вызваляюць ад фізкультуры

Калі вызваляюць ад фізкультуры, ці ёсьць перашкоды ў атрыманьні даведак на вызваленьне ад урокаў, што кажуць мэдыкі і ці былі раней сьмерці ў школах? Свабода шукала адказы на гэтыя пытаньні.

Падставай для вызваленьня вучня ад урока фізкультуры можа стаць мэдычная даведка ці скарга на кепскае самаадчуваньне. Адмыслова стан здароўя школьнікаў перад заняткамі не правяраецца.

З улікам комплекснай ацэнкі здароўя вучняў фармуюцца мэдычныя групы для заняткаў фізычнай культурай.

  • Асноўная група фармуецца з вучняў, у якіх адхіленьняў у стане здароўя ня выяўлена альбо якія маюць нязначныя адхіленьні пры дастатковай фізычнай падрыхтаванасьці.
  • Падрыхтоўчая група фармуецца з вучняў, якія маюць нязначныя морфафункцыянальныя адхіленьні пры недастатковай фізычнай падрыхтаванасьці.
  • Спэцыяльная мэдыцынская група камплектуецца вучнямі з хранічнымі хваробамі, якія пасьпяхова лечацца.
  • Да групы лячэбнай фізкультуры далучаныя вучні, у якіх стан здароўя адбіваецца на якасьці жыцьця. Гэта ў асноўным дзеці з інваліднасьцю.

Мэдык: лекары ня будуць рызыкаваць

Магілёўскі мэдык з шматгадовым стажам (свайго імя ён пажадаў не называць) лічыць, што памерлы вучань з улікам ягонага стану здароўя павінен быў мець абмежаваньні ў занятках фізычнай культурай. Яго трэба было б далучыць, тлумачыць экспэрт, да «спэцыяльнай мэдычнай групы».

«Калі выстаўлены дыягназ, то абмежаваньні вызначаюцца міністэрскім сьпісам, — кажа ён. — Я перакананы, што ніводзін мэдык не наважыцца яго парушаць. Навошта ўрачу рызыкаваць? Іншым разам мае калегі нават перастрахоўваюцца».

Што тычыцца выпадку ў Быхаўскім раёне, то суразмоўца выказвае думку, што ў хлапчука зь нейкіх прычын ня вытрымала сэрца. Магчыма, кажа ён, адбыўся збой сардэчнага рытму.

Пакуль, дадае мэдык, заўчасна шукаць вінаватых. Трэба дачакацца вынікаў экспэртызы. Разам з тым ён заўважае:

«Трэба ўлічваць, што дзеці, асабліва хлапчукі ды яшчэ ў сельскай мясцовасьці, саромеюцца сваіх праблемаў і стараюцца быць як усе на фізкультуры. Таму да кожнага з групы рызыкі павінен быць індывідуальны падыход».

Маці школьніц: Адсочвайце, як выконваюцца рэкамэндацыі мэдыкаў

Двое дзяцей жыхаркі Магілёва Алены мелі абмежаваньні ў занятках фізкультурай. Як яна кажа, праблемаў у паліклініцы з атрыманьнем даведкі на вызваленьне ад уроку ў яе не было.

«Перад пачаткам навучальнага году я зь дзецьмі ішла ў паліклініку, — кажа Алена. — Там праглядалі мэдычную картку і на падставе стану здароўя ды дыягназу выпісвалі заключэньне. Бывала, што стан здароўя маіх дзяцей дазваляў ім хадзіць на ўрокі фізкультуры, але ўчастковая лекарка з улікам мінулагодніх паказаньняў перастрахоўвалася і дазваляла абмежаваньні».

Са слоў суразмоўніцы, большую яе дачку далучалі да спэцыяльнай мэдыцынскай групы, і на ўроках фізкультуры яна займалася іншымі школьнымі заняткамі. Меншая дачка ў падрыхтоўчай групе не выконвала пэўных практыкаваньняў, якія маглі ёй нашкодзіць.

Алена раіць бацькам больш уважліва ставіцца да здароўя сваіх дзяцей. Нават пры нязначных прыкметах яго пагаршэньня не рызыкаваць і дамагацца вызваленьня ад заняткаў фізкультурай ці абмежаваньня на іх. Наведваць урокі і адсочваць, як выконваюцца рэкамэндацыі мэдыкаў.

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі?

Доктар-кардыёляг з 30-гадовым стажам кажа, што колькасьць раптоўных сьмерцяў дзяцей не павялічылася, проста цяпер праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт інфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка.

Але, канечне, бацькам трэба ўважліва сачыць за здароўем дзіцяці і зьвяртаць увагу на ўсе ягоныя недамаганьні. А ўсім грамадзянам, асабліва настаўнікам, выхавацелям — умець аказаць першую дапамогу, рабіць першасную сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

Бацькі павінны прыводзіць дзяцей на прафіляктычныя абсьледаваньні, рабіць электракардыяграму і рэхакардыяграму. Калі няма ніякіх трывожных сымптомаў, то дастаткова раз на год.

Калі праблемы ёсьць, трэба абсьледавацца глыбей: рабіць маніторынг з дапамогай холтэра, які пакажа ўсе зьмены рытму. Бо ў дзіцяці могуць быць спадчынныя паталёгіі сэрца — гіпэртрафічная кардыёміяпатыя (патаўшчэньне сьценак сэрца), якая можа працякаць без паталягічных сымптомаў, анамалія каранарных сасудаў, анэўрызма аорты. Але для выяўленьня гэтых паталёгій патрэбная адмысловая дыягностыка.

Бывае праблема незарашчэньня авальнага вакна, праляпс мітральнага кляпана — анамаліі, якая могуць праходзіць бессымптомна. Аднак у пэрыяд росту дзіцяці ўсе зьмены трэба кантраляваць з дапамогай ультрагукавога дасьледаваньня.

«Аднак ад усяго не засьцеражэсься, ёсьць шмат спадчынных схільнасьцяў, якія не выяўляюцца скрынінгам. Сындром Бругада, сындром кароткага інтэрвалу QT, гіпэртрафічная кардыёміяпатыя могуць праходзіць бессымптомна.

Ды той жа міякардыт: чалавек мог зьесьці штосьці ў фастфудзе, мікробы з кішэчніка трапляюць у сэрца. Быццам бы несур’ёзная хвароба, а рытм сардэчны сарваўся...

Ёсьць такое паняцьце — „сындром раптоўнай сьмерці“, калі здаровы чалавек раптоўна памірае. Так што тут прычын можа быць шмат», — кажа лекар-кардыёляг.

Быць гатовымі да ратаваньня

Другая праблема — у школах, у спартовых залях павінен быць аўтаматычны дэфібрылятар. Ім карыстацца вельмі проста: дастаткова яго адкрыць, там напісана, куды прыкласьці, і націснуць на пімпачку.

Пэрсанал (усе настаўнікі, асабліва трэнэры і настаўнікі фізкультуры) павінен быць навучаны элемэнтам першаснай сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Магчыма, калі вось такое здарылася раптоўна, каб хутка зрабілі дэфібрыляцыю, сардэчны рытм бы аднавіўся, і трагедыі не было б. Калі б правільна купіравалі праблему, можа, наагул з гэтым хлопчыкам такое ніколі не паўтарылася б.

Людзей трэба сур’ёзна вучыць аказваць першую дапамогу. І гэтым навыкам павінен валодаць кожны, перакананы лекар-кардыёляг.

«У нас была адна студэнцкая праца: студэнты пайшлі ў судова-мэдычны морг, выбралі выпадкі, калі людзі раптоўна паміралі на вуліцы, у транспарце, грамадзкім месцы. Знайшлі 20 выпадкаў і прааналізавалі. І высьветлілася, што нікому з 20 чалавек першую дапамогу ніхто не аказаў — выклікалі хуткую дапамогу — і ўсё! Хто ўмее рабіць масаж сэрца, штучнае дыханьне? Сыстэмнага навучаньня навыкам аказаньня першаснай мэдычнай дапамогі ў нас няма», — заўважыў лекар-кардыёляг.

На думку доктара, павінна быць і сацыяльная рэкляма — як аказваць дапамогу, як зрабіць першасную сардэчна-лёгачную рэанімацыю. У большасьці выпадкаў людзі губляюцца і выклікаюць хуткую дапамогу, а лік можа ісьці на хвіліны і нават сэкунды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG