Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль зьявілася «Эўпэнта» і ці можна ў Беларусі знайсьці альтэрнатыву незарэгістраванай вакцыне


© Shutterstock

Адна платная прышчэпка альтэрнатыўнай вакцынай — не «Эўпентай» — у камэрцыйным цэнтры каштуе 60 даляраў.

Мэдыкі апасаюцца, што пасьля скандалу вакол паўднёвакарэйскай вакцыны «Эўпэнта» бацькі немаўлятак пачнуць адмаўляцца ад прышчэпак. Альтэрнатыва ёсьць. Цана пытаньня — крыху больш як 60 даляраў за адну прышчэпку, высьветліла Свабода.

Ніхто ня можа прымусіць бацькоў прышчапляць дзяцей

Вакцынацыя ў Беларусі — справа добраахвотная, ніхто ня можа прымусіць бацькоў прышчапляць немаўлятак. Але мэдыкі настойліва рэкамэндуюць рабіць дзецям прышчэпкі.

Ёсьць нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак, зацьверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Цяпер у межах гэтага календара праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфэкцыйных захворваньняў.

Да прыкладу, дзетак можна ў паліклініках прышчапіць бясплатна ад дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, гемафільнай інфэкцыі. Раней выкарыстоўвалі расейскую вакцыну АКДС, цяпер — паўночнакарэйскую пяцікампанэнтную вакцыну «Эўпэнта» (вытворца LG Chem. Ltd).

«Каб пазьбегнуць назвычайнай сытуацыі, тэрмінова закупілі „Эўпэнту“»

29 жніўня на брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя патлумачылі, чаму ў тэрміновым парадку замест расейскага прэпарату АКДС была закуплена не зарэгістраваная ў Беларусі «Эўпэнта» — «каб пазьбегнуць надзвычайнай сытуацыі».

Цягам 2017 году былі забракаваныя некалькі партый расейскай вакцыны АКДС, і ў лістападзе 2017 году было прынята рашэньне аб дзяржаўнай закупцы «Эўпэнты» ў колькасьці 200 тысяч доз.

Намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Мінздароўя Іна Карабан патлумачыла, што АКДС, «Тэтраксіму», «Пэнтаксіму» засталіся адзінкавыя дозы, а сарваць каляндар прышчэпак было нельга.

«Заяўлялі тэндэр на закупку 500 тысяч доз расейскай вакцыны АКДС. Але замест яе закупілі толькі 200 тысяч „Эўпэнты“. Вакцына АКДС па нашым календары выкарыстоўвалася для прышчэпліваньня дзяцей у 3, 4, 5 і 18 месяцаў. Арыенціровачная нараджальнасьць дзяцей — 110–115 тысяч у год. Памножце на 4, атрымаецца прыкладна 450 доз, плюс рэзэрвовы фонд на наступны квартал — вось і атрымалася 500 тысяч доз.

А „Эўпэнты“ карэйскай вытворчасьці закуплялася 200 тысяч доз — гэта паўгадавая патрэбнасьць. Бо мы ж спрабавалі працягваць працаваць з расейскім вытворцам, каб яны нам пастаўлялі АКДС, таму плянавалі не прышчапляць „Эўпэнтай“ далей, а вярнуцца да АКДС. А вакцына „Эўпэнта“, улічваючы, што ў яе склад уваходзяць кампанэнты супраць гепатыту В і Hib, прымяняецца толькі трохразова — то бок у 3, 4 і 5 месяцаў», — так патлумачыла чыноўніца Мінздароўя, чаму «Эўпэнты» закупілі ў 2,5 раза менш.

З 200 тысяч доз «Эўпэнты» ўвялі дзеткам 94 тысячы

На цяперашні момант выкарыстана для прышчэпак 94 тысячы доз «Эўпэнты». Пасьля сьмерці дзіцяці ў Ганцавічах вакцына той самай сэрыі не выкарыстоўваецца, але дзяцей прышчэпліваюць «Эўпэнтай» надалей.

Як запэўнілі чыноўнікі Мінздароўя, цяпер яны рыхтуюць дакумэнты для рэгістрацыі «Эўпэнты» ў Беларусі.

Тым часам Сьледчы камітэт распачаў праверку — як закупілі вакцыну, пасьля ўвядзеньня якой памерла дзіця ў Ганцавіцкім раёне.

Альтэрнатыва — платныя прышчэпкі ў камэрцыйных мэдцэнтрах

Можна рабіць прышчэпкі на платнай аснове ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах. Даволі вялікай папулярнасьцю карыстаецца француская вакцына «Пэнтаксім» (вытворчасьці Sanofi Pasteur S.A.) для прафіляктыкі дыфтэрыі, коклюшу, поліяміэліту, слупняку і інфэкцый, якія выклікаюцца Haemophilus. Але, да прыкладу, у менскім мэдцэнтры «Ладэ» яе няма.

У «Ладэ» цяпер ёсьць шасьцікампанэнтная француская вакцына «Гексаксім» (вытворчасьці тае ж Sanofi Pasteur S.A.). Гэты прэпарат прызначаны для прафіляктыкі шасьці інфэкцый — слупняку, коклюшу, дыфтэрыі, поліяміэліту, гепатыту В і гемафільнай інфэкцыі.

Схему вакцынацыі прызначае пэдыятар, патрэбная выпіска з карты прышчэпак, амбуляторная карта дзіцяці, аналізы крыві і мачы. Цана пытаньня — 33 рублі за візыт да пэдыятра, і 95 рублёў 10 капеек — адна вакцынацыя «Гексаксімам».

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG