Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька немаўляці, якое памерла пасьля прышчэпкі ў Ганцавічах: «Проста забілі дзіця»


Аляксандар Рабцэвіч, бацька памерлага у Ганцавічах двухмесячнага дзіцяці

15 жніўня ў Ганцавіцкім раёне хаваюць двухмесячнага Кірыла Рабцэвіча, які памёр пасьля прышчэпкі.

Цела дзіцяці пасьля экспэртызы аддалі бацькам у аўторак. Маленькая труна стаіць у хаце Рабцэвічаў у вёсцы Вялікія Круговічы. Сюды ідуць аднавяскоўцы са спачуваньнямі.

Аляксандар Рабцэвіч, бацька хлопчыка, які памёр 13 жніўня, у размове з карэспандэнтам Свабоды ня мог стрымаць сьлёз.

«Сказалі, што ўсё, што мы маглі зрабіць, мы зрабілі... Гэта значыць, што нічога не маглі зрабіць — проста забілі дзіця. Я па-іншаму ніяк не магу сказаць... У мяне як у бацькі разрываецца сэрца — самі завялі на сьмерць дзіця», — кажа ён.

У сям’і Аляксандра і Вольгі Рабцэвічаў застаўся адзін малы хлопчык. Ён яшчэ не разумее, што браціка ня стала, і гуляецца ў двары каля хаты з цацкамі.

Аляксандар кажа, што дзеці былі для іх чаканымі, яны ўсяляк іх песьцілі і гатовыя былі аддаць усё дзеля іх здароўя.

Няўжо вы думаеце, я б пашкадаваў тых 70 ці колькі там рублёў на лепшую прышчэпку свайму сыну?

«Ну чаму ня кажуць людзям пра тое, што можна гэтыя бясплатныя прышчэпкі калоць, а можна дарагія аналягі? Мы ж пра гэта ня ведалі! Няўжо вы думаеце, я б пашкадаваў тых 70 ці колькі там рублёў на лепшую прышчэпку свайму сыну? Ды я б яму ўсё аддаў! Але нам проста не далі выбару», — кажа Аляксандар Рабцэвіч.

14 жніўня бацькоў апытвалі ў Сьледчым камітэце, дадае Аляксандар Рабцэвіч.

«У Сьледчым камітэце апыталі нас, сказалі, што гэтай справай займаецца вобласьць, рэспубліка. Сказалі, пра ўсё будуць паведамляць у пісьмовым выглядзе. І крымінальная справа, мне сказалі, ужо ёсьць, але няма матыву. Пасьля ўскрыцьця мэдэкспэрт мне казала, што ўсе органы дзіцяці здаровыя — што сэрца, што печань... Нават няма ацёку лёгкіх, які бывае пры анафіляктычным шоку».

Бацька кажа, што будзе дабівацца, каб за сьмерць дзіцяці адказныя панесьлі пакараньне.

Я не пакіну гэтага. Я не хачу нагаворваць, я не хачу злосьці, але я хачу праўды

«Я ня ведаю, чыя гэта халатнасьць. Міністэрства аховы здароўя, якое загадала рабіць у два месяцы гэтыя прышчэпкі. Ці, можа, няправільна аказаная мэдычная дапамога. Можа, і ня трэба было ўсяго гэтага калоць... Але я не пакіну гэтага. Я не хачу нагаворваць, я не хачу злосьці, але я хачу праўды — калі міністэрства, то няхай міністэрства адказвае, калі мэдсястра — то хай яна адказвае. Але як вопыты ставіць на маленькіх дзетках?»

Цяпер у Ганцавічах працуюць сьледчыя зь Берасьця, а Міністэрства аховы здароўя стварыла адмысловую камісію ды прыпыніла ўвядзеньне тых прышчэпак па ўсёй краіне.

Адно немаўля памерла, яшчэ адно ў рэанімацыі

13 жніўня ў Ганцавічах памёр двухмесячны хлопчык, пасьля таго як яму ўкалолі плянавыя прышчэпкі. 14 жніўня Свабодзе стала вядома, што прынамсі яшчэ адна дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю.​

Будынак лякарні ў Ганцавічах
Будынак лякарні ў Ганцавічах

Вікторыя Сукач зь вёскі Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёну прыйшла ў вясковы фэльчарска-акушэрскі пункт з дачкой на прышчэпку прыблізна ў той самы час, калі і маці памерлага хлопчыка Кірыла Вольга Рабцэвіч.

Цяпер Вікторыя з двухмесячнай дачкой Ульянай у рэанімацыі ў дзіцячым шпіталі ў Баранавічах.

Паводле Вікторыі, яе дачцэ, як і памерламу хлопчыку, калола прышчэпкі лекарка з Агарэвіцкай амбуляторыі, якая прыяжджала ў ФАП у Вялікія Круговічы.

«Нам два шпрыцы ўкалолі адразу. Адзін з францускай прышчэпкай, другі — з карэйскай, ад гепатыту, слупняку», — кажа Вікторыя.

Вікторыя кажа, што лекары запэўнілі яе, што ўсё будзе добра, «самае страшнае мінула». Вікторыя кажа, што гэтыя прышчэпкі раней калолі дзецям у тры месяцы, а цяпер вырашылі ў 2 месяцы.​

Вакцынацыя прыпыненая

Па факце сьмерці дзіцяці ў Ганцавічах працуюць сьледчыя, сёньня апытвалі бацькоў памерлага хлопчыка, праводзіцца экспэртыза.

Міністэрства аховы здароўя стварыла адмысловую камісію, каб высьветліць прычыну сьмерці немаўляці ў Ганцавіцкім раённым шпіталі.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэсавую службу міністэрства.

«Выкарыстаньне імунабіялягічных сродкаў сэрыі, якія былі ўведзеныя дзіцяці, часова прыпынена. Дакладная прычына сьмерці будзе вядомая толькі пасьля завяршэньня працы камісіі», — паведамляе прэс-служба.

Да хаты Рабцэвічаў у вёсцы Вялікія Круговічы ідуць людзі каб выказаць спачуваньні
Да хаты Рабцэвічаў у вёсцы Вялікія Круговічы ідуць людзі каб выказаць спачуваньні

13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасьля плянавай вакцынацыі памёр двухмесячны хлопчык, паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Пасьля дзьвюх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Хлопчык памёр пасьля шпіталізацыі ў Ганцавіцкай раённай больніцы.

Паводле галоўнага лекара Ганцавіцкага раённага шпіталя Вадзіма Сошкі, хуткая прыехала за кароткі час. Прышчэпку дзіцяці рабіў мэдычны супрацоўнік з 30-гадовым досьведам, і «ніколі ніякіх нараканьняў не было».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG