Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганцавіцкім раёне пасьля прышчэпкі адно немаўля памерла, яшчэ адно ў рэанімацыі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

13 жніўня ў Ганцавічах памёр двухмесячны хлопчык, пасьля таго як яму ўкалолі плянавыя прышчэпкі. 14 жніўня Свабодзе стала вядома, што прынамсі яшчэ адна дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю.

Вікторыя Сукач зь вёскі Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёну прыйшла ў вясковы фэльчарска-акушэрскі пункт з дачкой на прышчэпку прыблізна ў той самы час, калі і маці памерлага хлопчыка Кірыла Вольга Рабцэвіч. Жанчыны нават перакінуліся некалькімі фразамі.

«Вольга яшчэ спытала — што рабіць, калі што? Я сказала — грудзьмі супакойвай», — кажа Вікторыя Сукач.

Цяпер Вікторыя з двухмесячнай дачкой Ульянай у рэанімацыі ў дзіцячым шпіталі ў Баранавічах. Туды яе прывезьлі, калі ў дзіцяці пасьля прышчэпак паднялася тэмпэратура.

«Прышчэпку дачка атрымала прыблізна ў 11:30. Прыйшлі дахаты, праз гадзіну памералі тэмпэратуру, было 37,2. Дзіця паела і адразу ўсё зрыгнула такім кіслым малаком. Зьвярнулася ў амбуляторыю, каб выпісалі бясплатны рэцэпт дзіцяці. Увесь час дзіця было ў мяне на руках, гістэрычна плакала, задыхалася. Ня ведалі, што рабіць, выклікалі хуткую. Урач хуткай нас агледзеў ды адразу на рэанімацыю ў Ганцавічы накіраваў. У рэанімацыі нешта ўкалолі, паставілі кропельніцу, дачка паспала. Потым прыехалі баранавіцкія лекары, паглядзелі і вырашылі нас забраць. А 20-й гадзіне мы ўжо былі ў Баранавічах у рэанімацыі», — кажа Вікторыя.

Паводле Вікторыі, яе дачцэ, як і памерламу хлопчыку, калола прышчэпкі лекарка з Агарэвіцкай амбуляторыі, якая прыяжджала ў ФАП у Вялікія Круговічы.

«Нам два шпрыцы ўкалолі адразу. Адзін з францускай прышчэпкай, другі — з карэйскай, ад гепатыту, слупняку», — кажа Вікторыя.

Вікторыя кажа, што лекары запэўнілі яе, што ўсё будзе добра, «самае страшнае мінула». Вікторыя кажа, што гэтыя прышчэпкі раней калолі дзецям у тры гады, а цяпер вырашылі ў 2 месяцы.

Ганцавіцкая больніца
Ганцавіцкая больніца

Вакцынацыя прыпыненая

Па факце сьмерці дзіцяці ў Ганцавічах працуюць сьледчыя, сёньня апытвалі бацькоў памерлага хлопчыка, праводзіцца экспэртыза.

Міністэрства аховы здароўя стварыла адмысловую камісію, каб высьветліць прычыну сьмерці немаўляці ў Ганцавіцкім раённым шпіталі.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэсавую службу міністэрства.

«Выкарыстаньне імунабіялягічных сродкаў сэрыі, якія былі ўведзеныя дзіцяці, часова прыпынена. Дакладная прычына сьмерці будзе вядомая толькі пасьля завяршэньня працы камісіі», — паведамляе прэс-служба.

13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасьля плянавай вакцынацыі памёр двухмесячны хлопчык, паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Пасьля дзьвюх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Хлопчык памёр пасьля шпіталізацыі ў Ганцавіцкай раённай больніцы.

Паводле галоўнага лекара Ганцавіцкага раённага шпіталя Вадзіма Сошкі, хуткая прыехала за кароткі час. Прышчэпку дзіцяці рабіў мэдычны супрацоўнік з 30-гадовым досьведам, і «ніколі ніякіх нараканьняў не было».

«Дзіця абсалютна здаровае было... Што здарылася — гэта павінны ўжо высьветліць экспэрты», — сказаў Вадзім Сошка.

СК высьвятляе акалічнасьці здарэньня, сьледчыя канфіскавалі мэдычныя дакумэнты і лекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG