Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячэньня ад адру не існуе, адзіная абарона — прышчэпкі


Ад пачатку 2019 году ў Беларусі зарэгістравана 106 выпадкаў адру, 35 — завозныя, астатнія — зьвязаныя з завознымі. Паколькі спосабаў лячэньня ад адру не існуе, адзіная надзейная абарона — прышчэпкі. Беларускія мэдыкі-інфэкцыяністы раяць прышчэпліваць дзяцей двойчы: у 1 год і ў 6 гадоў. Тады ў дарослым узросьце рабіць рэвакцынацыю ня трэба.

Небясьпека і сымптомы адру

Адзёр лічыцца вельмі заразным вірусным захворваньнем — больш заразным, чым ліхаманка Эбола, сухоты ці грып. Вірус Morbillivirus хутка распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам, хвароба часта працякае з ускладненьнямі і можа прывесьці да пнэўманіі, вушных інфэкцый і запаленьня мозгу.

На пачатку захворваньня зьяўляюцца сымптомы, падобныя да прастудных: агульнае недамаганьне, млявасьць, галаўны боль, пачырванелыя, сьлязьлівыя вочы, насмарк і сухі кашаль, тэмпэратура падвышаецца да 39–40°. Голас становіцца асіплым, разьвіваецца каньюнктывіт. На сьлізістай абалонцы шчок зьяўляюцца дробныя белаватыя плямы, на 4–5 дзень ад пачатку хваробы сып распаўсюджваецца на ўсё цела.

Да ўвядзеньня масавай вакцынацыі штогод ад адру па ўсім сьвеце паміралі больш за 2,6 мільёна чалавек. Цяпер сярэднія гадавыя лічбы, па дадзеных Усясьветнай арганізацыі здароўя, складаюць каля 90 тысяч чалавек, аднак у апошнія гады яны стабільна растуць. 9 з 10 неімунізаваных людзей хварэюць на адзёр пасьля кантакту з хворым.

У Беларусі ад пачатку году зарэгістравана 106 выпадкаў адру

Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з пачатку 2019 году ў Беларусі зарэгістравана 106 лябараторна пацьверджаных выпадкаў адру. 35 выпадкаў — завозныя, астатнія — зьвязаныя з завознымі. Гэта менш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году, сьцьвярджае Мінздароўя.

У Менску зарэгістравана 22 выпадкі, у Гомельскай вобласьці — 21, у Гарадзенскай і Берасьцейскай — па 17 (у тым ліку ў Гародні — 15), у Віцебскай і Менскай — па 13, у Магілёўскай — 3 выпадкі.

Дзеці павінны прышчапляцца ў 1 год і ў 6 гадоў

Загадчыца аддзела імунапрафіляктыкі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Вераніка Высоцкая нагадала, што ў адпаведнасьці з нацыянальным календаром прышчэпкі супраць адру робяцца ў 1 год і ў 6 гадоў — то бок дзеці павінны атрымаць дзьве прышчэпкі. Гэта вакцына супраць адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, уводзіцца яна падскурна.

Рэвакцынацыя дарослым не патрэбная, калі іх прышчаплялі ў дзяцінстве

«Што тычыцца дарослых, казаць пра тое, што ў нас ідзе зьніжэньне імунітэту праз 20, 30 гадоў, я б ня стала, таму што такой інфармацыі ні ў навуковай літаратуры няма, ні ў нашых дзейных дакумэнтах не прапісана. Якія-небудзь дадатковыя рэвакцынацыі дарослым асобам не прадугледжаныя ні ў Беларусі, ні ў якой іншай краіне», — кажа загадчыца аддзелу імунапрафіляктыкі Вераніка Высоцкая.

Цяпер у Беларусі ажыцьцяўляецца так званая «падчышчальная імунізацыя» адзёрнай монавакцынай пэўных кантынгентаў насельніцтва, якія ня маюць зьвестак пра праведзеныя раней прышчэпкі і не хварэлі на адзёр, тлумачыць адмыслоўца.

«Ёсьць пералік пэўных кантынгентаў, але гэта не расцэньваецца як дадатковая абавязковая рэвакцынацыя. То бок, калі ў чалавека ёсьць дзьве прышчэпкі, апрыёры ён не падлягае далейшай рэвакцынацыі», — заявіла спадарыня Высоцкая.

Зьбіраючыся за мяжу, трэба высьветліць свой прышчэпкавы статус

Калі чалавек едзе за межы краіны і апасаецца за здароўе, адмыслоўцы раяць яму зьвярнуцца ў паліклініку да ўчастковага лекара і высьветліць свой прышчэпкавы статус.

«Калі не хапае нейкіх зьвестак альбо не было прышчэпак — яму прапануюць зрабіць прышчэпку монавакцынай на бясплатнай аснове. Ні пра якую камэрцыйную аснову гаворка не ідзе. То бок трэба высьветліць свой прышчэпкавы статус. У асноўным у Беларусі рэгіструюцца „завозныя“ выпадкі адру ці зьвязаныя з „завознымі“», — распавяла лекар-інфэкцыяніст.

Калі пасьля паездкі за мяжу зьяўляюцца сымптомы інфэкцыйнага захворваньня (павышэньне тэмпэратуры цела, сып, болі ў горле, кашаль, каньюнктывіт — запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй), мэдыкі раяць неадкладна зьвярнуцца да ўчастковага ўрача або лекара-інфэкцыяніста ў паліклініцы па месцы жыхарства і зьвярнуць яго ўвагу на тое, што вы нядаўна з-за мяжы.

Ва Ўкраіне — успышка захворваньня на адзёр з прычыны адмовы ад прышчэпак

Па дадзеных Усясьветнай арганізацыі здароўя, у 2018 годзе ў Эўропе ад адру памерлі 72 чалавекі, заразіліся больш за 82 тысячы. Выпадкі захворваньня зарэгістраваныя ў 47 з 53 эўрапейскіх краін.

Самая сур’ёзная сытуацыя назіраецца ва Ўкраіне, дзе у 2018 годзе было адзначана больш за 53 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр — гэта больш, чым ва ўсіх астатніх эўрапейскіх краінах разам узятых.

Рост захворваньня на адзёр мэдыкі тлумачаць толькі адмовай ад прышчэпак.

Усясьветная арганізацыя здароўя назвала адмову ад вакцынацыі адной з галоўных пагроз у 2019 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG