Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні 30 шпіталізаваных з падазрэньнем на адзёр за месяц


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра ўспышку адру ў Горадні першым паведаміў тэлеграм-канал Nexta. Інфармацыю пацьвердзілі мэдыкі.

Паводле інфармацыі блогера Nexta, адзёр у Горадню прывёз студэнт з Польшчы, агульная колькасьць хворых каля 30 чалавек, у некаторых студэнцкіх інтэрнатах абвясьцілі карантын. Хадзілі чуткі нават пра сьмерць ад адру.

«Гэта неабгрунтаваныя чуткі, якія перашкаджаюць працаваць. Так, у Горадні ёсьць адзёр. Праводзяцца санітарна-супрацьэпідэмічныя захады, у тым ліку, падчышчальная (дадатковая) імунізацыя, перш за ўсё тых, хто кантактаваў з хворымі. Вакцыны дастаткова», — кажа галоўны доктар Горадзенскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Яніна Шарэнда.

Як сказала Яніна Шарэнда, у Горадні сапраўды рэгіструюць выпадкі адру. Пра эпідэмію не ідзецца. З пачатку месяца інфэкцыю падазраюць у 30 чалавек, яны ў інфэкцыйным шпіталі. У 11 пацыентаў адзёр пацьвердзіўся лябараторнымі аналізамі, 9 чалавек выпісаныя са стацыянару. Астатнія чакаюць канчатковага заключэньня.

Паводле Яніны Шарэнды, ускладненьне сытуацыі зьвязанае з завозам захворваньня з-за мяжы.

Як патлумачыла галоўны доктар, мэдыкі назіраюць за ўсімі, хто кантактаваў з хворымі, каб выявіць захворваньне на пачатковай стадыі. Пацыенты з падазронымі выпадкамі накіроўваюцца ў інфэкцыйны шпіталь.

Яніна Шарэнда адзначыла, што цяжкіх выпадкаў захворваньня на адзёр ня выяўлена, ніхто не трапляў празь яго ў рэанімацыю і не паміраў.

Узровень імунізацыі супраць адру ў горадзе ня зьнізіўся ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. Прышчэпленых дзяцей — 98%.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG