Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы прысуд у «справе мэдыкаў». Аднаму з кіраўнікоў мэдцэнтру МТЗ прысудзілі 7,5 год турмы


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

23 траўня суд Фрунзенскага раёна Менску абвясьціў прысуд Сяргею Семіжону, намесьніку галоўнага лекара мэдцэнтру Мінскага трактарнага заводу(МТЗ). Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў 28 тысяч даляраў, паведамляе Tut.by. На судзе Сяргей Семіжон прызнаўся, што ўпершыню ў жыцьці апынуўся ў такой сытуацыі, і назваў гэта «бясконцым сорамам».

Судовае пасяджэньне доўжылася амаль месяц. Сяргей Семіжон часткова прызнаў сваю віну, не адмаўляў, што браў хабар, але настойваў:

«Адзінага намеру не было». Яшчэ падчас папярэдняга расьсьледаваньня намесьнік галоўнага лекара мэдцэнтру МТЗ пагасіў шкоду, ён вярнуў 28 тысяч даляраў, якія ён атрымаў у якасьці хабару.

Падтрымаць Сяргея Семіжона на абвяшчэньні прысуду прыйшлі яго родныя і блізкія. У судзе ў якасьці сьведак выступалі былыя падначаленыя Семіжона. Яны распавялі, што пры ім стаў вышэйшым заробак, а цэнтар пачаў закупляць сучаснае абсталяваньне. Пасьля затрыманьня намесьніка галоўнага лекару супрацоўнікі сталі звальняцца.

Пракурор Жанна Баранава прасіла суд прызнаць лекара вінаватым і прысудзіць да 7,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Суд абвясьціў прысуд: Семіжон прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры) і асуджаны да 7,5 года пазбаўленьня волі.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Па рашэньні суду, у казну дзяржавы будуць пералічаныя ўсе грошы, якія паступілі на рахунак КДБ ад сям’і Семіжона:

  • 26 915 даляраў, 790 эўра, 428 рублёў.
  • Пад арыштам застаюцца 100 даляраў, дом у вёсцы, два гаражы ў Менску і Mercedes 2007 года выпуску.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG