Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заробак і жыльлё». Міністар аховы здароўя распавёў, як лекараў будуць заахвочваць заставацца ў Беларусі


Архіўнае фота

Валер Малашка паведаміў, што міністэрства распрацавала адмысловую шкалу, па якой мэдыкам будуць налічваць заробак, паведамляе Tut.by.

Міністар аховы здароўя Валер Малашка на адкрыцьці выставы «Ахова здароўя Беларусі 2019» паведаміў пра тое, як лекараў будуць заахвочваць не зьяжджаць зь Беларусі. Дзеля гэтага існуе адмысловая шкала налічэньня заробнай платы, якую неўзабаве зьбіраюцца прымяніць.

«У краіне стартавала сыстэма, якую мы павінны адпрацаваць у гэтым годзе, па зьмене фармату налічэньня заробку. У сыстэме аховы здароўя, на жаль, ёсьць больш за 30 рознага ўзроўню надбавак, даплат. Гэта пакуль яшчэ робіць фармаваньне самога заробку досыць складаным. Прапанаваная Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны мэтодыка нас у цэлым задавальняе, і сёньня мы яе досыць актыўна выкарыстоўваем пакуль яшчэ ў тэарэтычнай частцы, каб гэта не прывяло да зьмяншэньня зарплаты канкрэтнага работніка», — сказаў Валер Малашка.

Ён дадаў, што канкурэнтаздольнасьць працоўнага месца лекара ў Польшчы і ў Беларусі павінна быць аднолькавая. Ён адзначыў, што ў рэгіёнах працоўная міграцыя меншая, бо там больш магчымасьцяў набыць ці пабудаваць сваё жыльлё.

Таксама Валер Малашка паведаміў, што за 2018 год заробак у лекара ў сярэднім вырас на 20%.

Па зьвестках Белстату, сярэдні заробак у сфэры аховы здароўя за 2018 год — 756,1 рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG