Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым міністрам унутраных справаў прызначаны Юры Караеў

абноўлена

Юры Караеў (зьлева) з тагачасным міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, 2018 год

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў міністрам унутраных справаў Юрыя Караева, які раней камандаваў унутранымі войскамі і быў намесьнікам міністра, піша БелТА.

​«Скажам шчыра, міліцыю трэба трошкі страсянуць у пляне дысцыпліны, — казаў Лукашэнка новаму міністру. — Ну а для гэтага які патрэбен чалавек — вайсковы. Хаця вы адносна вайсковы чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А наогул, таму, чаго ня ведаеце, навучыцеся».

Юры Хаджымуратавіч Караеў нарадзіўся ў 1966 годзе ў горадзе Арджанікідзэ (цяпер — Уладзікаўказ) у Паўночнай Асэтыі, што ў складзе Расеі.

Навучаўся ў Саратаўскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні МУС СССР, затым у Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1987–1992 гадах служыў у 43-й канвойнай дывізіі ўнутраных войскаў МУС СССР (зь яе пазьней былі сфармаваныя ўнутраныя войскі Беларусі).

У розныя гады камандаваў навучальнай ротай і навучальным батальёнам вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 (спэцназ), старшым афіцэрам службы апэратыўнага рэагаваньня і баявой падрыхтоўкі ў Генштабе ўнутраных войскаў, камандаваў вайсковымі часткамі 5527 і 5522, палком менскага спэцназу, вайсковай часткай спэцназу. Узначаліў унутраныя войскі 26 сьнежня 2012 году.

Гэта ўжо пяты міністар унутраных справаў, народжаны не ў Беларусі

«Я ўвогуле не люблю нацыянальныя нейкія прыкметы падкрэсьліваць, але каўказцы для мяне людзі асаблівыя, — казаў Лукашэнка новаму міністру, этнічнаму асэтыну. — Яны і добра да мяне там ставяцца, хоць мяне ні разу, можа быць, ня бачылі. Гэта дужыя людзі. І я гэты фактар не скідаю».

Днём раней Лукашэнка прыняў рапарт аб звальненьні міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, які ўзначальваў МУС сем гадоў. Шуневіч быў народжаны ў Луганскай вобласьці Ўкраіны.

Ягоны папярэднік Анатоль Куляшоў, які быў кіраўніком МУС у 2009–2012 гадах, — у Шырване, што ў Азэрбайджане.

Уладзімер Навумаў, які кіраваў МУС у 2000–2009 гадах, нарадзіўся ў Смаленску, што на тэрыторыі Расеі.

Юры Сівакоў, які займаў гэтую пасаду ў 1999–2000 гадах, нарадзіўся ў Сахалінскай вобласьці Расеі.

Два міністры да яго — Валянцін Агалец і Юры Захаранка — былі народжаныя ў Гомельскай вобласьці Беларусі, а першы кіраўнік МУС незалежнай Беларусі Ўладзімер Ягораў — у Магілёўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG