Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён ня мог ня ведаць пра гвалт супраць народу». Магілёўскі цыган пра адстаўку Шуневіча


Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня прыняў рапарт аб адстаўцы міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Кіраўнік сілавога ведамства запомніўся сярод іншага і сваёй заявай «пра абсалютна абгрунтаванае і адпаведнае абставінам» масавае затрыманьне магілёўскіх цыганоў.

Іх пачалі зьнявольваць увечары 16 траўня пасьля таго, як стала вядома пра зьнікненьне магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Дакладная лічба затрыманых застаецца невядомай. Самі магілёўскія цыганы сьцьвярджаюць, што ў няволі пабывалі пад 200 чалавек. Блізу сотні правялі трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. Затрыманым інкрымінавалася дробнае хуліганства, але нагодаю для арышту было расьсьледаваньне справы аб выкраданьні і забойстве Патаповіча. Міліцэйская апэрацыя закранула два паселішчы, дзе кампактна пражываюць цыганы: Грабянёва і Чапаеўку. Пазьней асноўнай вэрсіяй сьмерці Патаповіча абвясьцілі самагубства.

«Не безь ягонага ўказаньня так абыходзіліся з народам»

Жыхар магілёўскага пасёлку Грабянёва, інвалід Аляксандар А. (па ягонай просьбе імя зьмененае) прабыў пад вартай разам зь іншымі затрыманымі ў актавай залі Кастрычніцкага РАУС больш за 5 гадзінаў. Ён кажа, што вестку пра адстаўку міністра ўнутраных спраў успрымае «без асаблівай радасьці», паколькі «вінаватых у незаконных дзеяньнях супраць цыганоў, дагэтуль ня выявілі». На ягоную думку без загаду Шуневіча магілёўскія міліцыянты не наважыліся б на гвалт.

«Не безь ягонага ўказаньня так абыходзіліся з народам. Ён ня мог ня ведаць пра гвалт супраць цыганоў...», — кажа Аляксандар.

«Падбіў падначаленых да распальваньня міжнацыянальнай варажнечы»

Паводле суразмоўцы, увечары 16 траўня на Грабянёва хапалі найперш мужчын, але ў аддзеле міліцыі былі жанчыны і непаўналетнія дзеці. Паводле ягоных падлікаў, у няволі пабывалі больш за 100 цыганоў з Грабянёва.

Суразмоўца настойвае, што «Шуневіч сваім загадам падбіў падначаленых да распальваньня міжнацыянальнай варажнечы».

«Кожны чыноўнік за свае ўчынкі мае адказваць, а пагатоў, калі ён на такой высокай пасадзе, — адзначае ён. — Калі дзяржаўны службоўца заяўляе, што ў цыганоў ня варта прасіць прабачэньня, то гэта значыць, што астатні народ можа ўспрымаць яго словы так быццам цыганы ня людзі».

Вызваленьне магілёўскіх цыганоў, 19 траўня 2019
Вызваленьне магілёўскіх цыганоў, 19 траўня 2019

«У міністра няма падстаў выбачацца перад цыганамі»

23 траўня Ігар Шуневіч пацьвердзіў, што падчас расьсьледаваньня супрацоўнікі міліцыі правяралі вэрсію пра датычнасьць да здарэньня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары. Міністар патлумачыў гэта неабходнасьцю сьледзтва і паведамленьнем Патаповіча пра выкраданьне цыганамі. Сьледзтва, аднак, высьветліла, што яны ня маюць дачыненьня да загадкавага зьнікненьня міліцыянта.

«У міністра няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — сказаў Шуневіч, дадаўшы: калі пракуратура выявіць парушэньні ў затрыманьні, адкажуць усе, у тым ліку міністар.

23 траўня перад магілёўскімі прадстаўнікамі цыганскай дыяспары выбачылася за некарэктныя дзеяньні падчас расьсьледаваньня справы аб сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава. Яна заявіла, што па ўсіх скаргах і зваротах «будуць праведзеныя разборы», дадаўшы, што «міжэтнічны мір і згода ў нашай краіне зьяўляюцца безумоўным прыярытэтам».

«Вядома ж цыганы баяцца. Хіба беларусы не жывуць пад страхам?»

4 чэрвеня генэральны пракурор Аляксандар Канюк заявіў, што ад магілёўскіх цыганоў на незаконныя дзеяньні міліцыі скаргаў не паступала. Ён, аднак, прызнаўся, што не сустракаўся з цыганамі, а толькі з працоўнай групай пракурораў — маўляў, «мы ня сталі бударажыць людзей».

«Што самае цікавае, няма ніводнай скаргі з цыганскага асяродзьдзя, — сьцьвярджаў Аляксандар Канюк. — Я быў тыдзень таму ў Магілёве. Удакладняў, як працуе група».

Жыхар Грабянёва Аляксандар тлумачыць сытуацыю з адсутнасьцю скаргаў запалоханасьцю і непісьменнасьцю цыганоў. На ягоную думку нежаданьне вучыцца — найгалоўнейшая праблема цыганскага асяродзьдзя.

«Вядома ж цыганы баяцца цяпер за дзяцей, саміх сябе. Усе ж мы жывыя людзі. Хіба беларусы паводзяць сябе неяк іначай? Яны ж таксама пад страхам», — кажа суразмоўца.

Паводле яго, з уціскам з боку праваахоўнікаў цыганы пачалі сутыкацца два гады таму, калі ў іх масавага пачалі зьбіраць адбіткі пальцаў. Тады міліцыянты абышлі кожную цыганскую хату па некалькі разоў.
«Сваю апэрацыю яны называлі прафіляктыкай. Прыходзілі звычайна позна ўвечары. Усіх падымалі. Калі ва ўсіх у доме былі раней узятыя адбіткі пальцаў, то правяралі, ці не хаваецца хто ў хляве, ці яшчэ дзе на падворку. Тады ўжо міліцыяй кіраваў міністар, які падаў у адстаўку. Хіба ён ня ведаў пра беззаконьне?», — пытаецца ў канцы гутаркі Аляксандар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG