Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі выбачылася перад магілёўскімі цыганамі

абноўлена

Магілёўскія цыганы каля будынка, дзе праходзіла сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, 23 траўня
Магілёўскія цыганы каля будынка, дзе праходзіла сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, 23 траўня

Магілёўскія цыганы заяўляюць, што кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава выбачылася перад імі за некарэктныя дзеяньні падчас расьсьледаваньня справы аб сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча.


Гэта адбылося 23 траўня на сустрэчы чыноўнікаў з прадстаўнікамі цыганскай супольнасьці. Акрамя Качанавай на сустрэчы былі памочнік Лукашэнкі, інспэктар па Магілёўскай вобласьці Міхаіл Русы, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц, а таксама начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Ігар Шчарбеня.

Незалежных журналістаў на сустрэчу не пусьцілі. Па яе сканчэньні Натальля Качанава адмовілася адказваць на іх пытаньні.

Паводле БелТА, нагодай для размовы сталі «скаргі, агучаныя ў сродках масавай інфармацыі, на парушэньні падчас праверачных мерапрыемстваў па факце гібелі інспэктара ДПС Яўгена Патаповіча».​

Паведамляецца, што кіраўнік дзяржавы пачуў звароты да яго, накіраваўшы свайго прадстаўніка для «грунтоўнай гутаркі».

Афіцыйная інфармацыя пра датычнасьць прадстаўнікоў цыганскай меншасьці да забойства міліцыянта не агучвалася. Гэткая інфармацыя фігуравала ў перадсьмяротным паведамленьні калегам у Viber лейтэнанта Патаповіча, пра што стала вядома з тэлеграм-каналу NEXTA.

16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Кожны быў дапытаны ў справе забойства Патаповіча. ​Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі. Цыганы з магілёўскага пасёлка Чапаеўка зьвярнуліся да памочніка прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці Міхаіла Русага, каб той абараніў іх ад «ціску і пагрозаў з боку праваахоўных органаў».​

Факт масавага затрыманьня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ані Сьледчы камітэт, ані Міністэрства ўнутраных спраў. Там сьцьвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

20 траўня начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная вэрсія сьмерці лейтэнанта Патаповіча — суіцыд. Раніцай 23 траўня міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч сказаў у Палаце прадстаўнікоў, што «ў міністра няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі».

Згодна з паведамленьнем БелТА, Наталля Качанава выбачылася перад прадстаўнікам мясцовай дыяспары «за сытуацыю, якая адбылася», «калі сапраўды падчас расьсьледаваньня абставінаў справы мелі месца факты некарэктных дзеяньняў».

Таксама яна сказала, што па ўсіх скаргах і зваротах «будуць праведзеныя разборы», дадаўшы, што «міжэтнічны мір і згода ў нашай краіне зьяўляюцца безумоўным прыярытэтам».

Самі цыганы заяўляюць: Качанава паабяцала ім, што міліцыянтаў, у дзеяньнях якіх выявяць парушэньні падчас рэйдаў, прыцягнуць да адказнасьці. Гэтае пытаньне на кантролі ў Лукашэнкі.

З Чапаеўкі прыехалі толькі жанчыны, бо баяліся, што мужчын могуць арыштаваць
З Чапаеўкі прыехалі толькі жанчыны, бо баяліся, што мужчын могуць арыштаваць

На сустрэчу аўтобусамі прывезьлі тры дзясяткі цыган з магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва, у якіх кампактна пражываюць прадстаўнікі цыганскай меншасьці. З Чапаеўкі прыехалі толькі жанчыны. Сваіх мужчын яны не пусьцілі, бо пабаяліся, што іх зноў могуць затрымаць.

На сустрэчы родныя затрыманага сына барона з Чапаеўкі ўзьнялі пытаньне пра ягоны лёс. Ім таксама паабяцалі разабрацца, але не адказалі на пытаньне, ці яго вызваляць.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG