Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр цыганскай дыяспары Магілёва: Цяпер пад вартай каля сотні чалавек


Ізалятар часовага ўтрыманьня турмы №4 у Магілёве, дзе трымаюць частку цыганоў, затрыманых пасьля забойства міліцыянта.17 траўня 2019 году

Леанід Казіміраў, лідэр цыганскай дыяспары Магілёва, пракамэнтаваў «Нашай ніве» сытуацыю з масавымі затрыманьнямі цыганоў пасьля забойства 22-гадовага міліцыянта ў Магілёве.

«Усяго цяпер пад вартай каля сотні чалавек, але іх дапытваюць і адпускаюць. Я ня бачу ў гэтым нічога страшнага. Усё ж было забойства, гэта трагедыя», — сказаў Казіміраў.

Ён расказаў, што толькі што быў у міліцыі. Яго не затрымлівалі — запрасілі, каб прыехаў пагаварыць.

«Міліцыя кажа, што ў паведамленьні супрацоўніка ДАІ было зазначана, што гэта зрабілі цыганы. Але на дадзены момант гэта нічым не пацьвярджаецца, — кажа Казіміраў. — Я зараз буду зьбіраць людзей, высьвятляць, ці хтосьці штосьці ведае, хто чым можа дапамагчы.

Праз пару гадзін паеду зноў у міліцыю размаўляць. Уначы гутарыў зь міліцэйскім начальствам, тут быў намесьнік міністра унутраных спраў. Я паабяцаў максымальна дапамагчы».

Увечары 16 траўня ў Магілёўскай вобласьці міліцыю паднялі па трывозе, у рэгіёне ўвялі ў дзеяньне плян «Сырэна», на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блёкпасты, бо быў выкрадзены супрацоўнік ДАІ. Пазьней стала вядома, што выкрадзенага міліцыянта знайшлі мёртвым у лесе за два кілямэтры ад Магілёва, у лесапаласе каля аўтадарогі Р123 (Прысна — Масток — Дрыбін — Горкі). Сюды прыехала перасоўная крыміналістычная лябараторыя.

Мяркуецца, што супрацоўнік ДАІ, 22-гадовы лейтэнант Яўген Патаповіч, адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены.

Паводле інфармацыі, якую а 20-й гадзіне разаслалі ўсім пастам і супрацоўнікам міліцыі, афіцэра зьвезьлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ («Волга») чорнага колеру з танаванымі вокнамі і расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Нумары 67-ы ці 69-ы рэгіён Расеі, піша Tut.by.

Зьяўлялася інфармацыя пра затрыманьні людзей, якія перамяшчаліся на чорных «Волгах» з расейскімі нумарамі. Юлія Ганчарова патлумачыла, што затрыманьні праходзяць у рамках апэрытаўных захадаў. Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч у размове з карэспандэнтам Свабоды не пацьвердзіў, але і не абверг зьвесткі пра тое, што у Гомлі нібыта была затрыманая чорная «Волга» меркаваных забойцаў міліцыянта.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 362 КК — забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку. Максымальная санкцыя паводле гэтага артыкулу — пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.

Міліцыя просіць адгукнуцца грамадзян, якія бачылі ці маюць інфармацыю пра аўтамабіль, у які 16 траўня ў пэрыяд паміж 17.30 і 18.20 сеў інспэктар ДПС ДАІ ў форме ў раёне вуліцы Першамайскай гораду Магілёва, а таксама завулка Мігая (гатэль «Дняпро»). Таксама просяць кіроўцаў, якія ў гэты прамежак часу там знаходзіліся, прадаставіць запісы сваіх відэарэгістратараў. Тэлефанаваць можна на нумары: 8 (029) 314-46-66, 8 (029) 802-46-66, 8 (029) 693-64-25 або 102.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG