Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта


На месцы забойства інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 17 траўня 2019 году
На месцы забойства інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 17 траўня 2019 году

На пятыя суткі пасьля трагедыі з інспэктарам ДАІ Яўгенам Патаповічам у Магілёве, сьмерць якога ад самага пачатку разглядалася як забойства, Сьледчы камітэт заявіў, што гэта суіцыд. Свабода знайшла 5 нестыковак у афіцыйнай вэрсіі самагубства і папрасіла пракамэнтаваць гэтыя пункты былога сьледчага Мікалая Казлова.

1. Чаму Сьледчы камітэт апэратыўна паведаміў пра забойства міліцыянта?

Як было. Першае афіцыйнае паведамленьне пра сьмерць Яўгена Патаповіча прыйшло ад СК у вечар зьнікненьня. У тэлеграм-канале Сьледчага камітэту паведамілі, што завялі крымінальную справу паводле артыкулу 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем ім абавязкаў у ахове грамадзкага парадку») і што справа знаходзіцца «на асабістым кантролі» старшыні СК Івана Наскевіча. Пра «гібель падчас выкананьня службовых абавязкаў» паведаміла і МУС.

Што кажа экспэрт. На думку Мікалая Казлова, нічога дзіўнага ў такой апэратыўнасьці няма, бо сьледчыя ўжо сутыкнуліся з тым, што ёсьць сацыяльныя сеткі і шыла ў мяшку ня схаваеш.

«Улічваючы, што горад невялікі, тут сваякі, людзі тэлефануюць, і першая вэрсія пасьля агляду цела — кайданкі, зброя і ўсё астатняе — натуральна, выглядае як забойства. Дзіўнае, але забойства. Вэрсій магло быць некалькі, але заўсёды ёсьць больш відавочная. Таму адразу падзяліліся галоўнай.

Магчыма, сьледчыя адразу зразумелі, што самагубства, але такія ўчынкі супрацоўнікаў міліцыі — пляма на мундзіры. Да таго ж, калі ў чалавека былі спробы суіцыду, нават калі былі неадэкватныя паводзіны — яго павінны былі адхіліць ад службы са зброяй, пасадзіць пісаць пратаколы, а ён працягваў служыць. Таму спачатку і выставілі вэрсію забойства», — мяркуе Мікалай Казлоў.

2. Чаму засяродзіліся на вэрсіі, што злачынцы былі на чорнай «Волзе»?

Як было. Паводле паведамленьняў Сьледчага камітэту, першапачатковая інфармацыя пра чорную «Волгу» з расейскімі нумарамі і пасажырамі неславянскай зьнешнасьці, якая магла зьвезьці афіцэра ДАІ ў невядомым кірунку, аказалася непраўдзівай. Яна паходзіла ад самога загінулага, які такім чынам нібыта «хацеў паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне».

Што кажа экспэрт. Тут дзеяньні міліцыі ў пошуку аўтамабіля былі цалкам зразумелыя і лягічныя, перакананы Мікалай Казлоў.

«Калі прыйшла такая СМС ад самога міліцыянта, натуральна, пачалі шукаць «Волгу», хоць гэта цяпер даволі рэдкі аўтамабіль. Напісаў бы пра «Пабеду» — шукалі б «Пабеду». Можна разважаць колькі заўгодна, але была інфармацыя ад першакрыніцы, таму шукалі чорную «Волгу», а ня белыя «Жыгулі», — разважае Мікалай Казлоў.

Сьледчыя на месцы знаходжаньня цела міліцыянта, 17 траўня 2019 году
Сьледчыя на месцы знаходжаньня цела міліцыянта, 17 траўня 2019 году

3. Чаму вэрсію пра самагубства агучылі праз два дні пасьля пахаваньня?

Як было. Вэрсія пра самагубства лейтэнанта Яўгена Патаповіча Сьледчы камітэт агучыў праз чацьвёра сутак пасьля таго, як знайшлі цела, і праз два дні пасьля пахаваньня з пашанай як загінулага пры выкананьні службовага абавязку.

Што кажа экспэрт. Мікалай Казлоў прызнаецца, што гэта яго таксама зьдзівіла. І яшчэ яго вельмі ўразіла, што не было ніякай рэакцыі міністра ці кагосьці з кіраўніцтва МУС.

«Хавалі міліцыянта з пашанай, як чалавека, які загінуў на баявым пасту. У мяне загінуў сябра Ігар Кашкан — пры выкананьні, яго забіў бандыт (сядзіць, атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне), тады была заява міністра. А цяперашні міністар Шуневіч у гэты ж час на вясёлкавы сьцяг над брытанскай амбасадай рэагуе, а на забойства супрацоўніка — не. Дзіўна, што нагналі на пахаваньне кіраўніцтва ДАІ, АМАПу, нават Дзьмітрыя Балабу (камандзір менскага АМАПу. — РС) я бачыў на здымках, а рэакцыі кіраўніцтва не было.

Што тычыцца думак, што пашкадавалі, маўляў, грошай на кампэнсацыю — ня думаю, што там вялікія грошы. Ня ведаю, але, як паказвае практыка, у цяперашняга кіраўніцтва МУС няма межаў цынізму».

Падчас разьвітаньня зь лейтэнантам Патаповічам у Магілёве. 18 траўня
Падчас разьвітаньня зь лейтэнантам Патаповічам у Магілёве. 18 траўня

4. Ці ёсьць прыкметы гвалтоўнай сьмерці?

Як было. Ад самага пачатку Сьледчы камітэт заяўляў, што цела лейтэнанта міліцыі было знойдзена з «прыкметамі гвалтоўнай сьмерці».

Аднак падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС сказалі, што «на целе супрацоўніка ня знойдзена цялесных пашкоджаньняў, акрамя агнястрэльнага раненьня».

Паводле афіцыйнай вэрсіі, загінулы сам разьдзеўся перад сьмерцю і нават спаліў свае форменныя штаны з дапамогай загадзя падрыхтаванай гаручай вадкасьці. Навошта гэта было рабіць і ці ня можа зьнішчэньне вопраткі міліцыянта сьведчыць пра жаданьне зьнішчыць сьляды злачынства, у СК не тлумачаць. Не тлумачаць і таго, чаму Патаповіч перад сьмерцю набываў у краме дровы і рыдлёўку (відэа з камэраў назіраньня таксама паказвалі на брыфінгу ў СК).

Сьледчыя працуюць на месцы здарэньня, 17 чэрвеня
Сьледчыя працуюць на месцы здарэньня, 17 чэрвеня

Што кажа экспэрт. Ёсьць учынкі з разраду нетлумачальных, незразумелых, якія не паддаюцца ніякай лёгіцы, кажа Мікалай Казлоў.

«Людзі часьцяком настолькі вынаходлівыя, і гэта вынаходлівасьць супярэчыць здароваму сэнсу. У мяне ёсьць пэўныя вэрсіі, але я нават ня буду іх агучваць. У тым ліку і з этычных матываў.

Але мне незразумела, навошта была вадкасьць для падпальваньня і дровы. Застрэліцца, а потым спаліць сябе? Зноў жа, павінна быць экспэртыза. Я не магу па фота адназначна сказаць, ці былі прыкметы гвалтоўнай сьмерці, тым больш што яны размытыя. Вельмі шмат дзіўнага ў гэтай справе.

Аднак рэпутацыя міліцыі апусьцілася ніжэй за плінтус, і што б яны не казалі, што б не паказвалі, народ ім ня верыць, у народу заўсёды застануцца сумневы. Міліцыя так доўга псавала сваю рэпутацыю, што выправіць сытуацыю будзе вельмі складана», — мяркуе Мікалай Казлоў.

5. Чаму ў міліцыянта былі кайданкі на руках?

Як было. Падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС прадэманстравалі відэа, на якім відаць, што рукі знойдзенага міліцыянта былі ў кайданках. Яны назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні, што рукі супрацоўніка былі «далонямі вонкі».

Фота, якое прадэманстравалі падчас брыфінгу Сьледчага камітэту
Фота, якое прадэманстравалі падчас брыфінгу Сьледчага камітэту

Многія выказваюць сумнеў, ці магчыма на сабе зашпіліць кайданкі, а пасьля стрэліць у сябе. Пытаньняў дадае і інфармацыя тэлеграм-каналу NEXTA, паводле якой кайданкі на руках нябожчыка былі зашпіленыя далонямі вонкі.

Што кажа экспэрт. Мікалай Казлоў запэўніў, што закаваць сябе ў кайданкі магчыма.

«А вось у якім становішчы былі далоні, цяжка сказаць. Але ўсё можна высьветліць з дапамогай экспэртызы: зь якой адлегласьці зроблены стрэл, ці ёсьць парахавыя газы, рэшткі пораху на целе, вопратцы, чые адбіткі пальцаў на пісталеце. Калі толькі ягоныя адбіткі — гэта адно, калі ёсьць яшчэ кагосьці — гэта другое, калі яны сьцёртыя — трэцяе. Неабходна правесьці экспэртызу, сьледчы экспэрымэнт, і толькі тады рабіць выснову. Але тлумачыць дзеяньні чалавека, які адважваецца на суіцыд, цяжка, яны могуць быць дзіўныя і непрадказальныя», — кажа Мікалай Казлоў.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG