Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эксгумацыі адмовілі. Бацька загінулага супрацоўніка ДАІ з Магілёва напісаў Лукашэнку


Пахаваньне супрацоўніка Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 18 траўня 2019 году

Уладзімеру Патаповічу, бацьку магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загінуў 16 траўня, сьледчыя адмовілі ў эксгумацыі цела сына. Цяпер ён спадзяецца на ўмяшаньне ў справу Аляксандра Лукашэнкі і напісаў яму ліст.

Бацька міліцыянта: вэрсія самагубства канчатковая

Акрамя станоўчага вырашэньня пытаньня аб эксгумацыі Ўладзімер Патаповіч чакае, што Лукашэнка паўплывае на сьледзтва і ў пытаньні прызнаньня яго і былой жонкі пацярпелымі.

Уладзімер Патаповіч на пахаваньні сына. 18 траўня 2019 году
Уладзімер Патаповіч на пахаваньні сына. 18 траўня 2019 году

Паводле Ўладзімера Патаповіча, спачатку ў прамежкавым адказе сьледчых на ягоную заяву аб эксгумацыі адмовілі, бо не была завершаная судова-мэдыцынская экспэртыза. А 26 чэрвеня яму стала вядома ад сьледчага, што ў эксгумацыі наагул няма патрэбы.

«Я так зразумеў, што асноўная вэрсія аб самазабойстве сына стрэлам у галаву канчатковая, але мы на разьвітаньні бачылі яшчэ глыбокі парэз на сынавым падбародзьдзі. А ў экспэртызе толькі адно кулявое раненьне ў галаву фігуруе», — кажа Ўладзімер Патаповіча.

Бацькоў не прызналі пацярпелымі

У справе аб гібелі сына Уладзімер Патаповіч і яго былая жонка праходзяць сьведкамі. У тым жа прамежкавым адказе ім адмоўлена ў прызнаньні за імі статусу пацярпелых.

«Значыць, я ня маю ніякіх правоў умешвацца ў справу», — кажа Ўладзімер Патаповіч.

Бацькі не аглядалі цела ў моргу

Уладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына і настойвае, што яго забілі. Пакуль ён не гатовы зьвязваць Яўгенаву сьмерць з прафэсійнай дзейнасьцю.

Ні ён, ні былая жонка не былі на апазнаньні ў моргу. Ён кажа, што агледзець цела сына жаданьне было, але яго пераканалі, што рабіць гэтага ня варта з «этычных меркаваньняў, каб не палохаць пашкоджаньнямі на целе». Цяпер Уладзімер Патаповіч называе адмову ад удзелу ў працэдуры апазнаньня памылкай.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG