Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабіў памылку, што не агледзеў цела сына ў моргу», — бацька міліцыянта Патаповіча


Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына

Уладзімер Патаповіч, бацька магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня, не адмаўляецца ад намеру дамагацца эксгумацыі цела сына.

Пра гэта ён заявіў Свабодзе пасьля апошняга паведамленьня Сьледчага камітэту аб расьсьледаваньні абставінаў сынавай сьмерці. Паводле кіраўніка ведамства Івана Наскевіча, самагубства міліцыянта не здымаецца зь ліку прыярытэтных вэрсій.

Уладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына і настойвае, што яго забілі. Пакуль ён не гатовы зьвязваць Яўгенаву сьмерць з прафэсійнай дзейнасьцю.

На эксгумацыі Ўладзімер Патаповіч будзе настойваць, калі стануць вядомыя вынікі судова-мэдычнай экспэртызы. Ён хоча пераканацца, ці ёсьць пашкоджаньні ў пахвіннай вобласьці цела. Акрамя таго ён заўважыў на барадзе сына пашкоджаньне, падобнае на рэзаную рану, і хацеў бы даведацца, адкуль яна.

Пра пашкоджаньні ў ніжняй частцы цела Ўладзімер Патаповіч кажа, спасылаючыся на фатаздымак з інтэрнэту (з тэлеграм-каналу блогера NEXTA. — РС).

«Я зрабіў памылку, калі адмовіўся ад удзелу ў працэдуры апазнаньня цела і не агледзеў яго ў моргу. Тады ж заяўлялася пра забойства. Цяпер кажуць пра суіцыд. З гэтым не згаджаюся, бо лічу, што сына забілі», — кажа Ўладзімер Патаповіч.

Тыдзень таму Ўладзімер Патаповіч казаў, што агледзець цела сына жаданьне было, але яго і былую жонку Вольгу пераканалі, што рабіць гэтага ня варта з «этычных меркаваньняў, каб не палохаць пашкоджаньнямі на целе».

Сьледчы жа камітэт вэрсію пра самагубства міліцыянта не здымае зь ліку прыярытэтных. Паводле яго старшыні Івана Наскевіча, «апошнімі днямі атрыманы шэраг заключэньняў, якія «ўмацоўваюць пазыцыю, што менавіта адбылося». Пра расьсьледаваньне сьмерці інспэктара ДАІ кіраўнік Сьледчага Камітэту расказаў журналістам 4 чэрвеня.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG