Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі зьвярнуўся ў Генпракуратуру з прычыны масавых затрыманьняў цыганоў


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі просіць Генпракуратуру праверыць законнасьць затрыманьняў міліцыянтамі цыганоў 16 траўня ў Магілёве і прыняць неабходныя меры.

Праваабаронца заклікае «ўважліва разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжываньня сілы і фізычнага гвалту».

Пра гэта Алесь Бяляцкі піша ў сваёй заяве, накіраванай у Генпракуратуру.

16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці.

19 траўня ў Магілёве пачалі вызваляць затрыманых раней цыганоў
19 траўня ў Магілёве пачалі вызваляць затрыманых раней цыганоў

Толькі ў Магілёве ў месцах кампактнага пражываньня цыганоў затрымалі каля 100 чалавек: жанчын, непаўналетніх дзяцей і мужчын. Частку зь іх пазьней вызвалілі, а каля 50 мужчын затрымалі на трое сутак. Адносна іх пазаводзілі адміністрацыйныя справы за нібыта дробнае хуліганства.

Затрыманьні адбываліся таксама ў Гомлі і па ўсёй краіне.

Паводле Алеся Бяляцкага, улічваючы абставіны і месца (па месцы непасрэднага пражываньня), затрыманьні маюць незаконны, адвольны характар.

Паводле Бяляцкага, законныя падставы, пералічаныя ў арт. 108 КПК для затрыманьня грамадзян у якасьці падазраваных, «у органаў сьледзтва адсутнічалі». Таму «кімсьці было прынятае рашэньне аб іх затрыманьні ў сувязі зь нібыта зьдзяйсьненьнем адміністратыўных правапарушэньняў, а менавіта дробнага хуліганства».

«Гэта дало магчымасьць органам сьледзтва ўтрымліваць затрыманых у якасьці асобаў, у дачыненьні да якіх распачаты адміністратыўны працэс, да трох сутак і дапытваць у межах пачатай крымінальнай справы з парушэньнем прававых гарантый і працэдур, прадугледжаных дзейным КПК Рэспублікі Беларусь», — піша старшыня «Вясны».

Паводле Алеся Бяляцкага, усе затрыманьні адбываліся выключна па нацыянальнай прыкмеце з выкарыстаньнем фізычнай сілы, абразамі і запалохваньнямі.

Праваабаронца піша, што агучаная ў СМІ інфармацыя пра магчымую датычнасьць да меркаванага забойства Яўгена Патаповіча прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасьці ў сукупнасьці з дэманстратыўнымі дзеяньнямі МУС маглі прывесьці да сур’ёзных небясьпечных наступстваў адносна гэтай нацыянальнай групы.

«Лічу, што дадзеная сытуацыя вымагала адпаведнай рэакцыі прадстаўнікоў як мясцовых, так і рэспубліканскіх органаў улады, скіраванай на недапушчэньне магчымай эскаляцыі міжнацыянальнага канфлікту», — піша ў заяве праваабаронца.

Паводле Алеся Бяляцкага, факты этнічнага прафіляваньня прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меншасьці сілавымі органамі маюць у Беларусі сыстэматычны характар.

На такія факты неаднаразова зьвярталі ўвагу і міжнародныя арганізацыі. Раней Камітэт па правах чалавека ААН адзначаў, што Беларусі

  • варта прыняць дзейсныя захады для вырашэньня праблемы дыскрымінацыі ромаў,
  • а таксама для барацьбы з распальваньнем нянавісьці да іх
  • і для выкараненьня расавага прафіляваньня з боку праваахоўных органаў.

Праваабаронца піша, што масавыя затрыманьні прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меншасьці толькі на падставе іх нацыянальнай прыналежнасьці сьведчаць аб працягу гэтых нэгатыўных практык у Беларусі.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG