Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС пра брутальнае затрыманьне цыганоў у Магілёве: «Можа, зь імі гутарылі»


У Магілёве 19 траўня сустракалі затрыманых раней цыганоў

У Міністэрстве ўнутраных спраў сказалі, што «нічога ня ведаюць» пра сотню затрыманых цыганоў у Магілёве.

Увечары 16 траўня ў Магілёве затрымалі каля сотні жыхароў двух цыганскіх раёнаў гораду: Чапаеўкі і Грабянёва. Жанчын адпусьцілі на наступную раніцу, а мужчын трымалі да нядзелі. Пасьля вызваленьня яны распавялі Свабодзе, што міліцыянты выпытвалі, хто з прадстаўнікоў цыганскай дыяспары датычны да забойства міліцыянта Яўгена Патаповіча. Пры затрыманьні і на допытах іх білі.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт.

«У якасьці асобы, падазраванай у забойстве, ніхто не затрымліваўся», — сказала Юлія Ганчарова, спэцыяльная прадстаўніца Сьледчага камітэту.

На ўдакладненьне пра сотню цыганоў, затрыманых у сувязі з забойствам, Ганчарова ўдакладніла, трэба глядзець на падставу затрыманьня і зьвязвацца з супрацоўнікамі ўпраўленьня ўнутраных спраў.

«У рамках заведзенай крымінальнай справы нікога не затрымлівалі з цыганоў, — сказала Свабодзе афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава. — Можа, з кожным з гэтых людзей гутарылі. Але ніхто нікога не затрымліваў».

Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Свабодзе адмовіліся даць камэнтар.

«Калі такая інфармацыя будзе, яна будзе афіцыйна разьмешчаная», — сказаў Дзьмітры Ігнатовіч з групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў.

Цыганская дыяспара моцна абураная затрыманьнямі з нагоды забойства міліцыянта Патаповіча. Алег Казлоўскі, старшыня грамадзкай арганізацыі цыганоў, паведаміў Свабодзе, што затрыманьні праходзілі па ўсёй краіне.

«Яны паднялі ўсе сілы МУС, — сказаў Казлоўскі. — У Калодзішчах быў аўтобус АМАПу. Затрымліваюць у Віцебску, у Гомлі пагалоўна — па ўсёй краіне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG