Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад такіх рэчаў мы абсалютна адвыклі». Магілёўцы пра забойства міліцыянта


Сёньня ў Магілёве разьвіталіся з Яўгенам Патаповічам. 22-гадовага міліцыянта забілі ў чацьвер. Яго цела знайшлі каля аб’язной шашы на поўначы гораду. На разьвітаньне зь міліцыянтам у абласной філярмоніі прыйшло некалькі сотняў чалавек: сваякі, калегі, але ў большасьці — звычайныя жыхары Магілёва. Мы распыталі ў іх, што яны думаюць пра гэты выпадак.

Алена Віктараўна, завуч магілёўскай 7-й школы, дзе вучыўся Патаповіч:

— Гэта была неардынарная сытуацыя для нашага гораду. Ніхто да гэта не прызвычайваўся і не зьбіраецца прызвычайвацца. Шкада дзіцяці. Мы да выпускнікоў прызвычайваемся, як да сваіх дзяцей. Ня ведаю, як паставяцца да гэтых словаў, але мы і ганарымся сваім вучнем. Сапраўдны грамадзянін, сапраўдны патрыёт. Гэта ўсе тыя словы, якія часам высакамоўныя, а вось яны ў жыцьці.

Алена:

— Упершыню такое адбываецца. Мне больш як 70 гадоў, і я ня памятаю падобных выпадкаў. Гэта вельмі дзіўна, што такое адбываецца ў наш час. Заежджыя людзі, можа быць, кралі, можа, яшчэ якая бандыцкая група. І расправіліся зь ім. А ён абараняў парадак, абараняў справядлівасьць. Я так думаю. Гэты выпадак неардынарны.

Кірыл, афіцэр запасу органаў унутраных справаў:

— Рэдка так у нас здараецца, што забіваюць супрацоўніка. Прычым так цынічна. Для мяне гэта вельмі важна. Я ведаю, што ў гэтай гісторыі ня ўсё так проста. Вельмі шмат пытаньняў. Чаму ён быў там адзін? Дзе быў ягоны старэйшы? Дзе была машына суправаджэньня? Дзе былі ўсе? Хлопцу 22 гады. Яму жыць ды жыць. Але ніхто з кіраўніцтва ня хоча казаць, усе адмаўляюцца ад афіцыйных камэнтароў. А казаць тут ёсьць пра што.

Ірына:

— Вельмі шкада губляць такіх добрых хлопцаў у мірны час. Боль і cмутак блізкім людзям. Меўшы такога прыгожага хлопца, адзінага сына. У мяне таксама сыны. Нават ня хочацца такога ўяўляць, гэты жах і гэты боль. Як бацькі гэта вытрымаюць, перажывуць? Самае страшнае — хаваць сваіх дзяцей. Прырода зроблена так, што мы павінны перажываць бацькоў. А калі гэта ідзе супраць прыроды,.. Хто гэта робіць і хто за гэтым стаіць — гэта не чалавек.

Віктар:

— Я адкажу словамі зь фільму «Антыкілер»: «Мянтоў забіваць нельга». Гэта забойства вельмі дзіўнае. Адчуваньне, што мы ў 1920-я гады вярнуліся, калі бандыты забівалі супрацоўнікаў міліцыі. Ад такіх рэчаў мы абсалютна адвыклі. А тут на табе. Толькі ў кіно такое і бывае. Але адна справа — кіно. А тут узялі і забілі чалавека. Вельмі нечакана.

Марыя:

— Гэта жахліва. Мае спачуваньні родным і блізкім. Ня ведаю, што тут яшчэ дадаць. Але ў гэтым выпадку вельмі шмат дзіўных момантаў. Чаму ён быў адзін? Як ён пасьпеў напісаць паведамленьне пра тое, дзе ён і хто яго скраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG