Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пра забойства міліцыянта у Магілёве: «Затрыманых ў справе няма»


Другі дзень працягваецца расьсьледаваньне забойства ў Магілёве супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча. Як сёньня ідзе расьсьледаваньне, ці ёсьць падазраваныя і затрыманыя?

На пытаньні Свабоды адказала прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова:

«Наша сьледчая група і сёньня працуе ў Магілёве, там працягваюцца допыты і іншыя сьледчыя дзеяньні. Магу паўтарыць, што вэрсія пра выкраданьне супрацоўніка на невядомым чорным аўтамабілі больш не зьяўляецца прыярытэтнай. Гэта — з улікам дадзеных, якія ўжо атрыманыя».

Юлія Ганчарова пракамэнтавала зьвесткі, паводле якіх у справе ўжо ёсьць затрыманыя. Нагадаем, пра гэта ўвечары 17 траўня сказаў Свабодзе прадстаўнік цыганскай дыяспары у Магілёве Леанід Казіміраў. «У мяне дакладная інфармацыя, што гэта не цыганы», — казаў Казіміраў.

«Магу сказаць пэўна, што на дадзены момант затрыманых падазраваных у справе няма. Неабходныя апэратыўныя і сьледчыя дзеяньні працягваюцца», — сказала Юлія Ганчарова.

Супрацоўніца Сьледчага камітэту папрасіла адзначыць наступную інфармацыю, якая можа быць карыснай для пошуку злачынцаў.

«Атрымана інфармацыя, што каля 18 гадзінаў 16 траўня супрацоўнік ДАІ Патаповіч знаходзіўся каля чыгуначнага пераезду ў раёне вуліц Вакзальнай і Першамайскай, насупраць будынка Аблспажыўсаюзу. Там ён сеў у нявызначаны аўтамабіль, а каля 20.45 ў лясным масіве пад Магілёвам яго знайшлі забітым. Мы просім тых, хто валодае інфармацыяй пра гэта, паведаміць па тэлефонах 8 (017) 389-50-02, 8 (0222) 23-05-00. Гэта вельмі важна для сьледзтва,» — сказала Ганчарова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG