Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі забойства інспэктара ДАІ з Магілёва


Архіўнае фота

Сайт магілёўскай абласной газэты наагул праігнараваў здарэньне, затое паведаміў пра «шкоднасьць інтэрнэту для дзяцей».

17 траўня на галоўных старонках недзяржаўных СМІ забойства маладога інспэктара ДАІ пад Магілёвам — навіна нумар адзін. Выкраданьне супрацоўніка ДАІ, 22-гадовага інспэктара Яўгена Патаповіча адбылося каля 18 гадзіны 16 траўня ў цэнтры Магілёва.

Пра тое, што трапіў у небясьпеку, ён пасьпеў паведаміць калегам у чаце, пасьля сувязь абарвалася. Цела Патаповіча знайшлі празь некалькі гадзін за горадам.

Супрацоўніка ДАІ застрэлілі з агнястрэльнай зброі, на рукі яму надзелі кайданкі. Інспэктара зьвезьлі на чорнай «Волзе», якую цяпер міліцыя шукае па ўсёй краіне. Глядзім, што пра гэта напісалі дзяржаўныя СМІ на 16 гадзіну наступнага дня пасьля трагічнага здарэньня.

У галоўных навінах пра здарэньне ня пішуць

Тэлеканал АНТ на сваім сайце аб 11-й гадзіне разьмясьціў інфармацыю пра трагічнае здарэньне. Яна стаіць сярод галоўных навін на тытульнай старонцы сайта.

Агенцтва БелТА дала дзьве навіны пра здарэньне. Адну пра пошук нападнікаў, другую — пра агляд месца забойства сьледчымі. Абедзьве навіны стаяць на сайце ў стужцы навінаў, з правага боку. Сярод галоўных навінаў іх няма.

Газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня» з раніцы 17 траўня дала адну навіну пра здарэньне. Каб яе знайсьці, трэба адгартаць стужку навінаў. Але ў разьдзеле галоўных навінаў паведамленьне пра гэта адсутнічае.

Тэлеканал «Беларусь-1» паведаміў пра трагічнае здарэньне ўвечары 16 траўня. А ў выпуску навінаў, які выйшаў апоўдні на наступны дзень, пра здарэньне не сказалі абсалютна нічога.

Сайт галоўнай магілёўскай дзяржаўнай газэты ігнаруе здарэньне

Агенцтва «Минск-новости» паведаміла пра здарэньне з раніцы 17 траўня, таксама ў стужцы навінаў. У галоўныя навіны матэрыял ня трапіў. Але там ёсьць іншая навіна пра ДАІ — пра тое, што трасы на выезьдзе зь Менску ў выходныя могуць быць загружаныя.

На сайце абласной газэты «Вечерний Могилев» на 16:00 17 траўня наагул няма ніякай інфармацыі пра здарэньне. Газэта піша пра «Малую радзіму» і шкоднасьць інтэрнэту для дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG