Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля публікацый магілёўскім цыганам дазволілі атрымліваць перадачы


Ізалятар часовага ўтрыманьня ў Магілёве, дзе знаходзяцца затрыманыя ў чацьвер цыганы
Ізалятар часовага ўтрыманьня ў Магілёве, дзе знаходзяцца затрыманыя ў чацьвер цыганы

У Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня застаюцца ў няволі больш за 60 цыганоў. Іх затрымалі ўвечары 16 траўня і афіцыйна вінавацяць у хуліганстве. Але зьняволеньні, нібыта, зьвязаныя з выкраданьнем і забойствам у той вечар супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча.

Паводле тэлеграм-каналу NEXTA, міліцыянт паведаміў, што ён выкрадзены людзьмі «цыганскай або каўкаскай зьнешнасьці». Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт, аднак, не агучвалася. Цела 22-гадовага Патаповіча было знойдзена за паўгадзіны да таго, як адбыліся масавыя арышты цыганоў.

У магілёўскім пасёлку Чапаеўка ў зьняволеньні амаль усе мужчыны-цыганы

За кратамі — толькі мужчыны, жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва. Гэта паселішчы, у якіх кампактна пражываюць цыганы.

Як паведаміла Свабодзе адна з жыхарак Чапаеўкі, ад 17 траўня ў ізалятары пачалі прымаць перадачы для зьняволеных цыганоў. Паводле жанчыны, гэта адбылося пасьля таго, як пра арышты напісалі журналісты. Яна адзначае, што прынамсі дваіх зьняволеных забралі з ізалятара ў бальніцу. Суразмоўніца сьцьвярджае: іх моцна зьбілі, калі затрымлівалі.

Пра гвалтоўныя затрыманьні гаварылі Свабодзе 17 траўня цыганы з Чапаеўкі. Паводле іх, узброеныя супрацоўнікі міліцыі ў масках урываліся ў дамы і «клалі гаспадароў на падлогу не зьвяртаючы ўвагу на ўзрост». Мужчын зьбівалі. Ад зьняволеных патрабавалі, каб яны «выдалі тых хто датычны да выкраданьня міліцыянта». Патрабавалі, каб «цыганскай поштай» тыя перадалі пра гэта цыганам з іншых гарадоў. Нагодай для гвалту стала, нібыта, тое, што машыну выкрадальнікаў бачылі на мясцовых вуліцах.

Чапаеўскіх цыганак трымалі ў зьняволеньні сем гадзін

Па словах цыганак, якіх адпусьцілі зь міліцыі дадому, арыштаваных трымалі ў актавай залі Ленінскага РАУС Магілёва. Усе прайшлі асабісты кантроль з распрананьнем да сподняга. Некалькі гадзін ім не давалі вады. У міліцыі жанчын пратрымалі сем гадзін і вызвалілі а 5-й раніцы 17 траўня. Дадому дабіраліся пешшу, блізу трох кілямэтраў.

Мужчыны засталіся ў РАУС. Пазьней жанчыны даведаліся, што зь міліцыі мужчын перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Некалькі гадзін жанчынам адмаўляліся казаць, што мужчыны ўтрымліваюцца там.
«Мы запалоханыя. Ня ведаем, што рабіць далей. У каго прасіць дапамогі. З намі абышліся так толькі таму, што мы цыгане і нас, проста, хочуць зжыць са сьвету. Зразумейце, Беларусь ня толькі радзіма беларусаў, але і цыганоў таксама. Нам няма куды падацца», — сказала адна з жыхарак Чапаеўкі.

Чапаеўскія цыганкі кажуць, што будуць змагацца за сваіх мужчын. Не выключаюць, што могуць наважыцца на абарону сваіх парушаных правоў у судзе.

Ізалятар часовага ўтрыманьня турмы №4 у Магілёве, дзе знаходзіцца частка затрыманых цыганоў
Ізалятар часовага ўтрыманьня турмы №4 у Магілёве, дзе знаходзіцца частка затрыманых цыганоў

Цыганскі барон з Грабянёва: «Цяпер дома знаходзіцца небясьпечна»

Як і на Чапаеўцы разьвіваліся падзеі 16 траўня на Грабянёва. Зьняволеных ў гэтым раёне трымалі ў Кастрычнікам аддзеле міліцыі. Потым адвезьлі ў ізалятар.

Цыганскі барон з Грабянёва Леанід Казіміраў кажа, што яму не ўдаецца высьветліць дакладнай колькасьці затрыманых. Паводле яго падлікаў у няволі могуць утрымлівацца болей за тры дзясяткі чалавек. Ім інкрымінуецца хуліганства, альбо яны падазраюцца ва ўчыненьні нейкага правапарушэньня. Калі іх варта чакаць на свабодзе ён ня ведае.

«З кожным праводзіцца пэўная работа супрацоўнікамі органаў. Таму нейкі час яны будуць яшчэ ўтрымлівацца ў ізалятары», — кажа суразмоўца.

Паводле яго, багата грабянёўскіх цыганоў, якім удалося пазьбегнуць зьняволеньня, цяпер хаваюцца, бо дома «знаходзіцца небясьпечна».

«У міжнацыянальных стасунках цяпер будзе напружанасьць»

Тое, што адбылося Леанід Казіміраў зьвязвае з прадузятым стаўленьнем да цыганоў. Ён мяркуе: «калі б пад падазрэньне падпалі людзі іншых нацыянальнасьцяў такога гвалту супраць іх не было».

На ягоную думку, калі і было паведамленьне пра «асобаў цыганскай зьнешнасьці», то выдуманае, каб заблытаць сьледчыя органы. Міліцыя ж, паводле яго, выконвала сваю работу.

«Зразумела цяпер пасьля перажытых падзеяў у міжнацыянальных стасунках будзе больш напружаньня. Разам з тым у параўнаньні з Расеяй Беларусь больш бясьпечная для нас краіна», — кажа ён.

Магілёўскія цыгане кажуць, што падобнага гвалту супраць іх суайчыньнікаў у іншых гарадах Беларусі не было. Там органы абмежавалі сябе гутаркамі, а не затрыманьнямі.

Сьледчы камітэт: «Дапытваюцца сьведкі»

У Сьледчым камітэце не камэнтуюць інфармацыю пра масавыя затрыманьні цыганоў у Магілёве. Паводле СК, «сумесна з апэратыўнымі супрацоўнікамі міліцыі і экспэртамі працягваецца высьвятленьне абставінаў зьдзяйсьненьня злачынства».

«Праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сьведкі. Ідзе плянавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненьні да мясцовых жыхароў няма», — сказала 17 траўня прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Міліцыянт крымінальнага вышуку, які займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, на пытаньне наконт затрыманьня цыганоў адказаў Свабодзе: «Мы ніякіх камэнтароў не даем, ёсьць тайна сьледзтва, таму без камэнтароў».

На цырымоніі пахаваньня Яўгена Патаповіча
На цырымоніі пахаваньня Яўгена Патаповіча

Вэрсія пра «чорную машыну» не прыярытэтная

Супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча 18 траўня пахавалі на могілках вёскі Вішоў, што ў Бялыніцкім раёне. Як паведамляў днём раней Сьледчы камітэт, сьмерць міліцыянта наступіла ў выніку агнястрэльнага раненьня ў галаву. Ягонае цела было знойдзена ў Магілёўскім раёне.
Сьледчыя разглядаюць некалькі вэрсій здарэньня, у тым ліку правяраецца вэрсія аб выкраданьні міліцыянта невядомымі асобамі на аўтамабілі чорнага колеру, аднак, зыходзячы з атрыманых у ходзе расьсьледаваньня зьвестак, яна, паводле СК, «не зьяўляецца прыярытэтнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG