Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай яны публічна перад намі выбачацца!» Гомельскія цыганы таксама трапілі пад міліцэйскую аблаву


Аляксандар Еўдакімаў, цыганскі барон у Заходнім і Фэстывальным мікрараёнах Гомля

Гомельскія цыганы кажуць, што таксама трапілі пад міліцэйскую аблаву пасьля сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве.

«Усіх цыганоў хапалі, дзе каго злавілі. Завозілі ў аддзел міліцыі, бралі адбіткі пальцаў, фатаграфавалі. Пыталіся, ці не прыяжджаў да нас хто з Расеі», — апавялі Свабодзе цыганы, якія жывуць у Заходнім мікрараёне.

Паводле першаснай вэрсіі, да сьмерці міліцыянта ў Магілёве 16 траўня меў дачыненьне нехта з цыганоў. 20 траўня сьледчыя зьняпраўдзілі гэтую вэрсію і заявілі, што міліцыянт забіў сябе сам.

«Хоць нікога не пасадзілі, але адносіны да нас з боку міліцыі былі вельмі грубыя! Па-хамску паводзілі сябе, па-сьвінску. На нас глядзяць увогуле, як на сабак», — абураецца Аляксандр Еўдакімаў. Ён — цыганскі барон па Заходнім і Фэстывальным мікрараёнах.

«Учора 18-гадовы сын выйшаў папаліць — і няма яго! — дадае жонка Еўдакімава. — Схапілі міліцыянты і павезьлі ў аддзел, фатаграфаваць і адбіткі браць. Колькі разоў ужо бралі! Праз чатыры гадзіны вярнуўся дахаты».

«Міліцыянты мне казалі: Мы будзем вас зьнішчаць»

«Мне казалі міліцыянты так: „Мы вас будзем проста зьнішчаць“. — скардзіцца Аляксандр Еўдакімаў. — Пратаколы лепяць невядома за што. Я ехаў на машыне без тэхагляду — не пасьпеў зрабіць. Але чаго мне адразу хаміць, пагражаць? З цыганамі ня хочуць размаўляць, абсалютна. Учора пераходзіў дарогу з роварам па пешаходным пераходзе, яны падʼехалі — дакумэнты давай! Якія дакумэнты? Яны ўжо глядзяць на нас, як на зьвяроў проста!».

Пра тое, што ў Магілёве ўвадначас затрымалі каля сотні цыганоў, Аляксандар ведае. Ён лічыць: калі цыганы не датычныя да забойства, то міліцыя і ўлады павінны публічна папрасіць у этнічнай меншасьці прабачэньня.

«Як яны перадалі пра цыганоў-забойцаў па ўсіх навінах, і так моцна нас абразілі, паклёп навялі — то яны ж павінны і паставіць усё на сваё месца, каб народ супакоіўся. Калі гэта міліцыя няправільна зрабіла, то хай цяпер як хочуць, але абвесьцяць, што мы — нармальныя людзі», — кажа Еўдакімаў.

«Вы даішніка забілі? Мы з вамі разьбяромся!»

У той жа вечар, калі стала вядома пра сьмерць міліцыянта, Аляксандар Еўдакімаў зь сябрамі адразу ж на вуліцы пачулі пагрозы.

«У альтанцы сядзелі пʼяніцы нейкія, такія здаравенныя, і да нас: „Ах, гэта вы супрацоўніка ДАІ забілі? Мы з вамі разьбяромся“. Мы галовы ў плечы — і пайшлі. Бо пачнецца бойка — мы будзем вінаватыя».

Ён кажа, што цяпер баіцца адпускаць дзяцей у школу.

«Калі ўлады і міліцыя публічна ня выбачацца, не паставяць усё на месца — будзем кідаць гэтую краіну. Паедзем куды падалей, і ўсюды будзем казаць, што з нас тут проста зьдзекаваліся», — кажа барон.

Да цыганоў асаблівае стаўленьне міліцыі было і раней

Аляксандар прыгадаў, што тыдзень таму яго разам з малым дзіцём па дарозе зь лякарні забралі ў пастарунак.

«Я прасіўся — дайце хоць дзіця дахаты завезьці, яму вушы баляць, у лякарні заклалі лекі ў вушы. Не дазволілі. Крычалі: „Будзеш яшчэ размаўляць?“».

Часам міліцыя робіць у іхным раёне «перапіс насельніцтва». Апроч іншага, пытаюцца ў цыганоў і мянушкі.

«Мне крыўдна. Мне 52 гады. Якую яны мянушку шукаюць? Я што ім — блатны ці зэк? У мяне ёсьць імя, прозьвішча, я працую на будоўлі, жонка — у краме. Мы нармальныя людзі», — кажа барон.

У сацыяльных сетках пасьля гібелі супрацоўніка ДАІ зьявілася шмат абразьлівых допісаў з заклікамі да расправы над цыганамі.

«Як гэта? Хто разьвязаў такую вайну супраць нас?», — пытаецца Аляксандар Еўдакімаў.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG