Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага намесьніка сакратара Савету бясьпекі замест арыштаванага Ўцюрына


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Аляксандра Рахманава, паведамляе БелТА.

Да цяперашняга часу Аляксандар Рахманаў працаваў на пасадзе начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці.

Аляксандар Рахманаў нарадзіўся 25 ліпеня 1976 году на Віцебшчыне. Скончыў БДУ па спэцыяльнасці «правазнаўства». У 1998–2000 гадах працаваў у Віцебску ў аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, з 2000 па 2004 год працаваў у пракуратуры Берасьцейскай вобласьці, з 2004 году заняў пасаду намесьніка начальніка ўпраўленьня СК Берасьцейскай вобласьці. У 2007 годзе Рахманаў ужо працаваў у дзяржаўным сакратарыяце Савета бясьпекі, адказваў за нарматыўна-прававое забесьпячэньне і ўнясеньне зьменаў у Крымінальны кодэкс. Празь пяць гадоў працы вярнуўся ў Берасьце, на пасаду начальніка ўпраўленьня абласнога СК.

Рахманаў быў прызначаны замест затрыманага ў траўні Андрэя Ўцюрына, былога начальніка Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра затрыманьне Ўцюрына 29 красавіка паведамілі шэраг беларускіх СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы пра затрыманьне, увечары 30 красавіка стала вядома, што кіраўнік Беларусі звольніў Ўцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».

Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на абазнаныя крыніцы, што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысяч даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму прад’яўленае абвінавачваньне ў атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Пазьней стала вядома, што Ўцюрына прызначылі ў Раду Бясьпекі, нягледзячы на падазрэньні Лукашэнкі і праваахоўнікаў. Паводле Лукашэнкі, каля паўтара-двух гадоў да затрыманьня былы кіраўнік Службы бясьпекі знаходзіўся пад кантролем спэцслужбаў, у якіх было шмат фактаў аб яго супрацьпраўнай дзейнасьці, але ён патрабаваў «жалезабэтонных доказаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG