Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Андрэй Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ад расейскай кампаніі


Андрэй Уцюрын

Сьледчае ўпраўленьне КДБ прад’явіла абвінавачваньне былому намесьніку кіраўніка Савета бясьпекі Беларусі Андрэю Уцюрыну.

Яго вінавацяць у зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 3 арт. 430 («Атрыманьне хабару») Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Раней у КДБ не камэнтавалі інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ, пра затрыманьне Андрэя Уцюрына.

«Напярэдадні ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманьні 148 600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры „Г“ за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Апошняму прад’яўлена абвінавачаньне ў дачы хабару», — паведамляецца на сайце КДБ 4 траўня.

Абодва абвінавачаныя прызналі віну ў поўным абʼёме. Яны ўзятыя пад варту.

Шэраг беларускіх СМІ 29 красавіка паведаміў са спасылкай на ўласныя крыніцы пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына — дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога начальніка Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны указ датаваны 24 красавіка.

Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на абазнаныя крыніцы, што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — найдаўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG