Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Службу бясьпекі Лукашэнкі, самую закрытую спэцслужбу Беларусі


Картэж Лукашэнкі перад інаўгурацыяй 6 лістапада 2015 года
Картэж Лукашэнкі перад інаўгурацыяй 6 лістапада 2015 года

Звольнены і, як мяркуецца, затрыманы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын раней цягам сямі гадоў узначальваў Службу бясьпекі прэзыдэнта. За 25 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі зьмяніліся ажно 12 кіраўнікоў СБП, і Ўцюрын пратрымаўся на пасадзе найдаўжэй. Свабода спрабавала высьветліць, што ўяўляе сабой гэтая ці ня самая закрытая ў Беларусі структура.

Служба бясьпекі як кар'ерны трамплін

Служба бясьпекі прэзыдэнта Беларусі была створаная неўзабаве пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў, у кастрычніку 1994 году. Асновай для новай спэцслужбы сталі элітныя падразьдзяленьні КДБ і МУС — група «Альфа» і галоўнае ўпраўленьне дзяржаховы МУС.

Першым начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта быў Вячаслаў Каралёў. Усяго гэтай службай за ўсе гады яе існаваньня кіравалі 12 чалавек. Гэта адна з самых зьмяняльных пасадаў у дзяржапараце.

Хто кіраваў Службай бясьпекі Лукашэнкі

  • 1994–​1995: Вячаслаў Каралёў
  • 1995–​1998: Юры Бародзіч
  • 2.11.1998 –​ 20.01.1999: Уладзімер Кужанаў
  • 1999–​2000: Уладзімер Навумаў
  • верасень –​ сьнежань 2000: Леанід Ерын
  • 2000–​2001: Генадзь Нявыглас
  • 2001–​2003: Яўген Двярніцкі
  • 2003–​2007: Юры Жадобін
  • 2007–​2014: Андрэй Уцюрын
  • 20.10.2014 –​ 21.12. 2016: Віктар Шынкевіч
  • 21.12.2016 –​ 11.12.2017: Андрэй Паўлючэнка
  • 11.12.2017 –​ да сёньня: Дзьмітры Шахраеў

Многія былыя кіраўнікі СБП засталіся значнымі фігурамі ў сфэры дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

З пасады кіраўніка Службы аховы прэзыдэнта Ўладзімер Навумаў перасеў у крэсла міністра ўнутраных спраў, дзе правёў 9 гадоў
З пасады кіраўніка Службы аховы прэзыдэнта Ўладзімер Навумаў перасеў у крэсла міністра ўнутраных спраў, дзе правёў 9 гадоў

Уладзімер Навумаў, пакінуўшы Службу бясьпекі прэзыдэнта, стаў міністрам унутраных спраў. Леанід Ерын узначаліў КДБ, Генадзь Нявыглас — Адміністрацыю Лукашэнкі і Раду бясьпекі, Юры Жадобін — Міністэрства абароны.

Як фінансуецца СБП

Пра памеры фінансаваньня Службы бясьпекі можна меркаваць па лічбах, пазначаных у законе «Аб дзяржаўным бюджэце». На 2019 год яны склалі амаль 18 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня — апарат Савету Міністраў мае сёлета фінансаваньне памерам каля 5 мільёнаў даляраў, а Нацыянальны сход — 9 мільёнаў. Пры гэтым фінансаваньне Службы бясьпекі апошнія 5 гадоў застаецца прыкладна на аднолькавым узроўні.

У 2014 годзе выдаткі гэтай спэцслужбы каштавалі падаткаплатнікам 17,7 мільёна даляраў. А дзесяць гадоў таму, у 2009-м, толькі 13 мільёнаў.

Раней за ахову прэзыдэнта адказваў КДБ

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, генэрал-лейтэнанта міліцыі Мечыслава Грыба, раней аховай кіраўнікоў Беларусі займалася 9-е ўпраўленьне КДБ.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Я і старшыня ўраду не маглі самі наймаць гэтых супрацоўнікаў. Мы наогул гэтымі пытаньнямі не займаліся. То бок нас ахоўвалі супрацоўнікі КДБ, і яны дакладалі старшыні КДБ усё, што маглі. Але так было да выбраньня першага прэзыдэнта. А ўжо Служба бясьпекі Лукашэнкі ператварылася ў асобную службу, якую вывелі з-пад кантролю КДБ і якая наўпрост падпарадкоўвалася толькі яму. Кадры прызначаў і здымаў толькі асабіста ён».

Паводле Мечыслава Грыба, асноўная задача Службы — гарантаваньне бясьпекі прэзыдэнта краіны.

«У іх ёсьць тэхніка, памяшканьне, сродкі праслухоўваньня, выведка. У іх ёсьць усё для выкананьня гэтай задачы. Ну і заробкі ў іх крыху вышэйшыя, чым у звычайных афіцэраў».

Лукашэнка ў атачэньні службы бясьпекі аглядае месца выбуху ў менскім мэтро 12 красавіка 2011 году
Лукашэнка ў атачэньні службы бясьпекі аглядае месца выбуху ў менскім мэтро 12 красавіка 2011 году

Колькі чалавек працуе ў службе аховы?

Паводле былога контравыведніка Сяргея Аніські, колькасьць супрацоўнікаў Службы бясьпекі прэзыдэнта мянялася ад дзясяткаў чалавек пры стварэньні да больш чым тысячы на пачатку 2000-х. Адпаведна мянялася тэхніка і зброя. ​

У 2016 годзе, падчас прызначэньня новага кіраўніка, Аляксандар Лукашэнка выказаўся аб працы Службы бясьпекі. Маўляў, у гэтым пытаньні не павінна быць ніякіх празьмернасьцяў, асабліва падчас публічных мерапрыемстваў.

«Калі вы пачынаеце дзесьці людзей залішне адштурхоўваць — зразумела, ахова, бясьпека, — але трэба ведаць, што кожны чалавек хоча бачыць свайго прэзыдэнта. Трэба знаходзіць гэтую сярэдзіну, вельмі акуратна, прафэсійна працаваць. Служба навучылася гэта рабіць», — сказаў Лукашэнка.

Пра што сьведчыць бюджэтнае фінансаваньне ў 18 мільёнаў даляраў на год?

«Гэта не такія ўжо і вялікія грошы, — мяркуе Сяргей Аніська. — Калі гэтую лічбу раскінуць на заробкі, на камандзіровачныя... Бо калі першая асоба некуды ляціць, то туды спачатку накіроўваецца група забесьпячэньня, усё рыхтуе. Потым ляціць асноўная група. Гэта таксама вялікія выдаткі. Уявіце сабе — зьлётаць у Кітай».

Паводле Мечыслава Грыба, Служба бясьпекі павінна быць закрытай структурай. Але зьвесткі пра велічыню фінансаваньня, колькасьць яе супрацоўнікаў павінны быць адкрытымі.

«Бо гэтыя людзі ўтрымліваюцца за кошт бюджэту, які папаўняюць грамадзяне. Беларусы маюць права пра гэта ведаць».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб лічыць, што патрэбы ў такой вялікай Службе аховы прэзыдэнта няма.

«Я таксама быў першай асобай у краіне, і ў маёй ахове было 9 чалавек. Дзевяць і дзьве тысячы — вялікая розьніца. А павялічыць можна на колькі заўгодна. Сродкі на асабістую ахову Лукашэнкі — вельмі дарагое задавальненьне».

Лукашэнка сустракае Пуціна ў Менску ў атачэньні супрацоўнікаў Службы бясьпекі, 8 чэрвеня 2016
Лукашэнка сустракае Пуціна ў Менску ў атачэньні супрацоўнікаў Службы бясьпекі, 8 чэрвеня 2016

Наколькі ўплывовая СБП?

Паводле Мечыслава Грыба, крыніца кадраў для Службы бясьпекі — афіцэры з войска, КДБ і МУС.

«Гэта добра падрыхтаваныя і эфэктыўныя кадры, адданыя асобе, якую ахоўваюць. Але я ня ведаю выпадкаў, калі б яны маглі рэальна сябе праявіць. Магчыма, яны і былі».

У 2008 годзе тагачасны начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Андрэй Уцюрын прадстаўляў у Палаце прадстаўнікоў законапраект «Аб дзяржаўнай ахове».

Андрэй Уцюрын
Андрэй Уцюрын

Між іншым ён зьвярнуў увагу на тое, што рабіць целаахоўніку, калі асоба адмаўляецца на пэўны час ад ягоных паслуг. Паводле Андрэя Уцюрына, у такіх сытуацыях ахоўнік дзейнічае «на свой страх і рызыку». Патрабаваньне асобы, якую ахоўвае, ён павінен выканаць, але юрыдычна працягвае адказваць за яе бясьпеку.

Наколькі ўплывовая гэтая структура?

Першы кіраўнік СБП Вячаслаў Каралёў быў заўважаны ў ноч на 12 красавіка 1995 году перад зьбіцьцём у Доме ўраду дэпутатаў апазыцыі Вярхоўнага Савету, якія абвясьцілі галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму.

Начальнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік прэзыдэнцкай аховы Каралёў спрабуюць выцягнуць з крэсла дэпутата БНФ Барыса Гюнтэра. Фота Лявона Дзейкі.
Начальнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік прэзыдэнцкай аховы Каралёў спрабуюць выцягнуць з крэсла дэпутата БНФ Барыса Гюнтэра. Фота Лявона Дзейкі.

У 2010 годзе ўжо Андрэй Уцюрын кіраваў апэрацыяй па дастаўцы ў Беларусь зьбеглага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева.

«Перш за ўсё гэта служба, якая складаецца з самых давераных асобаў, якія непасрэдна адказныя за пэрсанальную ахову Лукашэнкі, — тлумачыць кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. — Апошнія гады мы бачым апаратную экспансію прадстаўнікоў Службы бясьпекі. Напрыклад, Апэратыўна-аналітычны цэнтар цяпер узначальвае былы кіраўнік Службы бясьпекі. Адзін з ідэолягаў у Адміністрацыі прэзыдэнта таксама паходзіць са Службы бясьпекі. Гэта такі кадравы рэзэрв, які Лукашэнка выкарыстоўвае, каб закрыць тую ці іншую крызісную пазыцыю».​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG