Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, за што Лукашэнка звольніў намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі


Андрэй Уцюрын, люты 2019

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца». Пра гэта гаворыцца ў адпаведным указе, датаваным 24 красавіка. Пра яго стала вядома позна ўвечары 30 красавіка.

Пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына, намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі, які раней 7 гадоў узначальваў службу аховы Аляксандра Лукашэнкі, 29 красавіка паведамілі шэраг недзяржаўных мэдыя са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле гэтых крыніц, Андрэй Уцюрын падазраецца ў хабарніцтве ў вялікім памеры, на яго заведзеная крымінальная справа, маёмасьць сілавіка апісаная. Затрыманьне Андрэя Ўцюрына нібыта праводзілі супрацоўнікі КДБ.

Сілавыя структуры не камэнтавалі інфармацыю пра ўатрыманьне Ўцюрына, але і не абвяргалі яе.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG