Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра дырэктара МТЗ Воўка і 50 авечак. Каго прызначыў Лукашэнка і што пры гэтым казаў


Лукашэнка аддаў увагу тэме авечкагадоўлі. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў новых міністраў аховы здароўя і ўнутраных спраў, а таксама новага намесьніка сакратара Савету бясьпекі замест арыштаванага.

На гэтым сьпіс прызначэньняў не завяршаецца.

Апальнага Воўка — на МТЗ

Новым генэральным дырэктарам Менскага трактарнага заводу Лукашэнка прызначыў Віталя Воўка — былога міністра прамысловасьці.

Воўк адразу пасьля ўнівэрсытэту пайшоў на Менскі аўтамабільны завод, працаваў там з 1984 году па 2001-ы. Далей 5 гадоў быў генэральным дырэктарам кампаній «Юкола-Сэрвіс» і «Юкола-мотарс», затым 4 гады — намесьнікам дырэктара Менскага заводу колавых цягачоў, тры гады — генэральным дырэктарам. Са сьнежня 2014 году па жнівень 2018-га быў міністрам прамысловасьці.

У жніўні 2018 году Лукашэнка накрычаў на ўрад пасьля візыту ў Аршанскі раён, зьняў з пасадаў міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасьці, пагражаў Воўку турмой або накіраваньнем на Аршанскі інструмэнтальны завод.

Але замест турмы звольнены міністар прамысловасьці аказаўся ў верасьні 2018 году ў прэзыдэнцкіх памочніках. Лукашэнка тлумачыў, што «проста шкада Воўка як кіраўніка прадпрыемства», а то «нямала ў народзе людзей, якія рукі паціраюць: чыноўніку галаву адсячы б, павесіць каго-небудзь…» На пасадзе памочніка Воўк не прабыў і году.

«У цябе нават зазору як такога няма, толькі наперад, — сказаў Лукашэнка Воўку 11 чэрвеня, даўшы заданьне разьвіваць МТЗ. — Не сумняюся, ты ведаеш, што там трэба рабіць. Калі зможаш разгарнуцца і людзей разгарнуць... Сам ты разгорнесься. Людзей трэба арганізаваць».

Што з папярэднім дырэктарам МТЗ Фёдарам Дамаценкам, не паведамляецца. Ён кіраваў заводам з 2014 году, яшчэ тыдзень таму разважаў пра справы заводу. Пра магчымы сыход ён казаў, але гэта быў сыход МТЗ з рынку Вэнэсуэлы — і Дамаценка казаў, што гэта было б заўчасна, бо рынак добры. Хоць чуткі пра ягонае звальненьне і замену на Воўка хадзілі з канца траўня.

Дзяржкантроль і выканкамы

Таксама Лукашэнка прызначыў 11 чэрвеня Васіля Герасімава і Дзьмітрыя Баско адпаведна першым намесьнікам і намесьнікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю, Ілону Лядніцкую — сябрам праўленьня Нацыянальнага банку.

Ён даў згоду на прызначэньне новых старшыняў Магілёўскага (Сяргей Земчанок) і Лёзьненскага (Алег Чыкіда) райвыканкамаў, старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва (Аляксей Багайчук), намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму (Руслан Страхар) і сябра Берасьцейскага аблвыканкаму (Дзьмітры Гарадзецкі).

50 авечак і 3/10 авечкі

У час прызначэньняў кіраўнікоў мясцовай улады Лукашэнка пачаў разважаць пра запатрабаваную на рынку прадукцыю – і вырашыў, як перадае ягоная прэс-служба, што ў Беларусі можна было б гадаваць авечак.

«Мне ўрад піша — ну проста брыдка чытаць, — казаў ён. — Добра б я не разумеў у гэтым нічога: можна было б адпіску гэтую цярпець. Да 2025 году яны дададуць 133% авечак. Гэта значыць, авечкагадоўля будзе ў нас, мы будзем авечак разводзіць. Гэта воўна, гэта аўчына, гэта бараніна. Нібы на рынку запатрабавана. Ну, карацей, будзем разводзіць гэтых авечак.

Так, а што такое 33% да 2025 году? Гэта сёньня адна авечка, а заўтра будзе адна і тры дзясятыя авечкі. Ну што гэта за тэмпы?»

Лукашэнка заявіў, што асабіста пераканаўся ў тым, што гадаваць авечак не складана: маўляў, «у мяне іх, напэўна, штук 50 — раздаю людзям, падзець няма куды».

«Якія там выдаткі? — расказваў Лукашэнка мясцовым уладам пра гадоўлю авечак. — Раніцай пойдзеш, накосіш за паўгадзіны травы, завязеш — і ім досыць. На пашу ходзяць ці ў лясок запусьціў іх, яны ў гэтым лесе сядзяць у сьпякоту».

Такі прагноз надвор’я непатрэбны

У развагах пра ўраджаі Лукашэнка згадаў і тэму прагнозаў надвор’я – заявіў, што Белгідрамэтцэнтар не спраўляецца з абавязкамі ў поўнай меры.

«Зь імі трэба нешта рабіць: іх трэба ці разганяць, ці прыводзіць у прытомнасьць, — сказаў ён пра мэтэаролягаў. — У лепшым выпадку ў нейкі дзень на 50–70% дакладнасьць прагнозу надвор'я. Нам такі Гідраметцэнтар не патрэбны.

Я ўжо арыентуюся на вайскоўцаў, якія бачаць у рэальным часе надворʼе, падкажуць, дзе ідуць дажджы па рэспубліцы і што будзе ў бліжэйшыя 12 гадзін. Амаль на 100% даюць дакладны прагноз, праўда, кароткі. Мы павінны ведаць, што адбываецца, што будзе заўтра, пасьлязаўтра, каб арыентавацца».

Што яшчэ казаў Лукашэнка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG