Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Мэйлер паталягічна скрупулёзна вывучаў менскае жыцьцё Освальда. Ён пераглядаў шматлікія здымкі і дакумэнты, сабраныя Камісіяй Ўорэна, з рапартаў КДБ мог намаляваць падрабязныя маршруты яго перамяшчэньняў па горадзе, з расказаў знаёмых і Марыны дакладна ведаць, дзе ў кватэры стаялі чобаты, ляжала паляўнічая стрэльба, якія кнігі былі на паліцах – але ўсярэдзіне ня быў.

Норман Мэйлер
Чаму – магчыма, таму, чаму мне самому не прыйшло ў галаву задаць яму гэтае пытаньне. Таму што не хацеў, бо якое гэта мае значэньне. Таму што хацеў, але не пасьпеў ці ня змог. Таму што той, хто там жыў, не пусьціў. Таму што Мэйлера называлі амэрыканскім Талстым.

Апошняя, літаратурная вэрсія вымагае тлумачэньня.

Нагадаем сюжэт: малады чалавек шукае сэнс жыцьця, прагне справядлівасьці, бачыць вакол шмат зла, лічыць сябе адрозным ад іншых і ні з кім блізка не сыходзіцца, гатовы разарваць сувязі зь сям’ёй і забіць нават брата, калі той стане на яго шляху, нават ад блізкіх знаёмых хавае свае пляны і намеры, расчароўваецца ў ідэале, перакананы, што ён не такі, як усе, і дзеля вышэйшай мэты мае права і можа забіць.

Гэта апісаньне ня Освальда, а Раскольнікава, а таксама тэорыяў і матывацыяў герояў Дастаеўскага з раманаў “Бесы”, “Браты Карамазавы”. “Бесы”, дарэчы, у ангельскім перакладзе называюцца “Posessed” – “Апантаныя”.

Дастаеўскі сапраўды некалькі разоў зьяўляецца ў “Гісторыі Освальда”: на сваё 20-годзьдзе герой атрымлівае ў падарунак раман “Ідыёт”, уведаўшы, што Освальда ў Менску пачынаюць зваць “Алёша”, Мэйлер адразу ўдакладняе – таму што так звалі аднаго з братоў Карамазавых? Але, магчыма, прычына яшчэ больш простая: Мэйлер мог адчуваць, што яго герой насамрэч герой не Талстога, а Дастаеўскага. Дэтэктыўны сюжэт з забойствам, якое зьдзяйсьняе “малы” чалавек, які адчувае сваё пакліканьне – клясыка клясыка расейскай літаратуры.

Пайсьці ў менскую кватэру Освальда было б тым самым, што пайсьці на месца забойства ў Даласе, цытатай са “Злачынства і пакараньня” – і рэч ня ў тым, што цытата, а ў тым, што занадта блізкая, і таму не мастацкая, а Мэйлер усё ж пісьменьнік.

“Гісторыя Освальда” Мэйлера сапраўды выглядае як раманы Дастаеўскага: гісторыя, на якую хапіла б і двухсот старонак, займае ўчацьвёра болей, структурныя часткі непрапарцыйныя, не зьвязаныя, унутраную лёгіку замяняе ідэя мазаічнай стракатасьці пэрсанажаў, колькасьць якіх сягае за тысячу, большасьць зь іх не патрабуюцца для сюжэту, але маюць цікавую ўласную біяграфію і перажываньні, ролю ўнутраных маналёгаў і бясконцых дыялёгаў выконваюць расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ, а 17 афіцэраў і генэралаў, якіх распытваў аўтар, увасабляюць калектыўнага сьледчага Парфірыя Парфір’евіча.

Адна з адметнасьцяў Мэйлера – яго бязьлітасная фіксацыя на сэксуальным жыцьці герояў. Характэрны прыклад – кніга пачынаецца з гісторыі Валянціны Прусаковай, жонкі Марынінага дзядзькі палкоўніка МУС Ільлі Прусакова. Мэйлер запісвае яе даўгі аповед пра страшнае савецкае жыцьцё, ГУЛАГ і вайну, прымусовую працу ў Нямеччыне, знаёмства зь лейтэнантам – будучым мужам, які быў на 15 гадоў старэйшы, яго сухасьць і стрыманасьць, дысцыпліну, такт, элегантнасьць, павагу да яе і іншых (дастаеўская дэталь: перад сьмерцю ён хварэў, і калі “хуткая” прыехала, ён спытаўся – думаеш, трэба гальштук надзець?), і потым згадвае, як пасьля яго сьмерці яна разьбірае рэчы і знаходзіць – яшчэ больш дастаеўская дэталь – пачак фатаздымкаў з голымі жанчынамі. І ўздыхае – мужчыны ёсьць мужчыны.

Гэтая пасьмяротная маленькая прыватная таямніца пабочнага пэрсанажа, зь якім аўтар нават не сустракаўся, не патрэбная ні для разьвіцьця сюжэту, ні для тлумачэньня характару галоўных герояў, ні для кантэксту – але як любы схаваны грэх, яна арганічная для паэтыкі Дастаеўскага (напрыклад, разьдзел “У Ціхана” ў “Бесах”).

Больш за ўсіх ад гэтай паэтыкі пацярпела Марына. Усіх, каго можна, Мэйлер распытваў пра яе бурную маладосьць у Ленінградзе, запісваў падрабязную пахвальбу менскага знаёмага, які хваліўся, што меў сэкс з Марынай перад вясельлем, пасьля вясельля, увесь час. Мэйлер распытваў сябровак з аптэкі – што яны ведалі пра мінулае Марыны. Ён цытуе перакладчыцу Інтурысту, якая, пачуўшы навіну пра шлюб Освальда, называе яго жонку вулічнай прастытуткай. І апатэоз – пяцідзённае інтэрвію з самой Марынай у Тэхасе, дзе яна прызнаецца, што яе згвалціў багаты замежнік, у гатэлі, яна не магла крычаць, бо баялася дзяжурную на калідоры.

Ёй было 17 гадоў, жыла бяз маці, з айчымам, які яе ледзьве цярпеў. І ўсё гэта адбывалася ў горадзе Дастаеўскага, зь белымі начамі, беднымі людзьмі, разьбітымі лёсамі.

Сонечка Мармяладава са “Злачынства і пакараньня”. Марушка зь “Бесаў”, Наташа з “Прыніжаных і зьняважаных”.

Падчас гутаркі я спытаўся ў Мэйлера, як Марына рэагавала на публікацыю падрабязнасьцяў яе прыватнага жыцьця ў інтэрпрэтацыі КДБ і з дэталямі, якія здабыў сам аўтар?

– Адбылося наступнае. Шылер, як я казаў, вялікі гандляр. Калі ён пераконваў Марыну даць мне інтэрвію, ён сказаў у якасьці аргумэнту: вы мусіце гэта зрабіць. Гэта гісторыя. Норман Мэйлер ёсьць нашым амэрыканскім Талстым! Ужо пасьля таго, як кніга выйшла, ён пазваніў ёй і спытаўся пра ўражаньні і яна сказала:

– Ніякі ён не Талсты!


У амэрыканскіх унівэрсытэтах кажуць – “Tolstojevsky”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
XS
SM
MD
LG