Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самагонка для Мэйлера

  • Аляксандар Лукашук

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Любы горад адзін для яго жыхароў і іншы для наведнікаў. Калі Мэйлер упершыню прыехаў у беларускую сталіцу, з усіх магчымых вызначэньняў Менска яго, верагодна, больш за ўсё зьдзівіла б “горад сонца”.

Норман Мэйлер
-- Калі я быў у Менску, гэта быў вельмі цяжкі час для людзей. Інфляцыя -- за тыя паўгода, што мы там былі, курс упаў ад двух з паловай да сямі з паловай тысяч рублёў за даляр. І гэта было яшчэ значна менш у параўнаньні з інфляцыяй, якая наступіла пазьней. Людзі прадавалі сваю маёмасьць. У нейкай ступені падобна да таго, што было ў Нямеччыне, у Вэймараўскай рэспубліцы. Людзі ў Менску пераважна стаялі на кансэрватыўных пазыцыях, і былі ня надта радыя гэтым вялізным нечаканым пераменам. Яны прывыклі да савецкай сыстэмы. Гэта было адно зь некалькіх месцаў, дзе старая сыстэма працавала. Напалову працавала. І раптам -- новая сытуацыя, якую яны не разумелі. Гэта быў час дрэннага настрою, неразьбярыхі. Многія з тых, з кім мы сустракаліся, былі вельмі прывабныя. Вельмі годныя людзі, большасьць з тых, каго мы сустракалі ў Менску.

Менскія людзі. Пачатак 1990-х

Мэйлер прыехаў у Менск у верасьні 1992-га. Спачатку ён пасяліўся ў гатэлі, затым яму зьнялі кватэру, дзе ён жыў да лютага 1993 году.

Я жыў кілямэтры за тры ад цэнтру, у рабочым раёне, у доме, дзе жылі рабочыя, у маленькай цёмнай кватэры. Паводле менскіх стандартаў гэта была шыкоўная кватэра. Невялікая кухня, дзьве маленькія спальні, сярэдняга памеру гасьцёўня. Я плаціў каля 200 даляраў у месяц, што ў 20 разоў перавышала кошт кватэры для ўласьніка.

Гэта быў нялёгкі пэрыяд і для 70-гадовага пісьменьніка: раз на тры-чатыры тыдні ён вяртаўся ў Амэрыку, потым прыяжджаў зноў. Давалася ў знакі розьніца ў часе, штодня адбываліся сустрэчы і вяліся гутаркі пад запіс. У Менску не было чаго рабіць вечарамі, апроч як “пайсьці на абы-якую ежу ў сумным рэстаране, бо Менск ніколі ня будзе вядомым сваёй кухняй, прынамсі цягам наступнага дзесяцігодзьдзя ці двух”.

Змрочнае месца з выглядам у двор. Адзіную рэч, якую я памятаю -- сонца ніколі не было ў Менску ад кастрычніка да лютага. Як толькі сонца выглядала на 10 хвілінаў, маці высыпалі на двор разам з дзецьмі й вазочкамі і трымалі сваіх дзяцей на сонцы. А калі сонца хавалася, яны беглі назад дадому, каб дзеці не прастылі.

Мэйлер і яго калегі нанесьлі візыт у амэрыканскую амбасаду, дыпляматы ім ахвотна дапамагалі, яны разам адзначалі Дзень удзячнасьці, які амэрыканцы сьвяткуюць у апошні чацьвер лістапада. Рэзыдэнцыя амбасадара месьцілася ў Драздах, у велізаранай дачы, дзе раней жыў сакратар ЦК, з холам для прыёмаў і сваёй кіназаляй. Лэры Шылер, які шмат і пасьпяхова працаваў у Галівудзе, быў у захапленьні ад праекцыйнай апаратуры – антыкварыят! Шылеру ўдалося зьняць кватэру ў тым самым комплексе будынкаў, дзе некалі жыў Освальд, і туды на вечарынкі яны запрашалі амбасадара і яго супрацоўнікаў.

Але Мэйлер жыў асобна.

Гэта быў рабочы раён. Падлеткі, 18-19 гадоў, напіваліся ўвечары ў пятніцу і суботу. Але гэта былі неблагія дзеці. Мне нават падабалася там.

Часам, калі Мэйлер ішоў дадому, падлеткі віталіся зь ім і прапаноўвалі самагонку.*

Мэйлер дзякаваў і адказваў адной зь некалькіх фразаў, якія вывучыў, кожны раз аднолькава:

Я – амэрыканскі!

Гэта заўсёды выклікала выбух сьмеху.

Менск быў усё ж ня змрочны горад.

Не беларускі толькі.

-------------------------------------
*Гарадзкое самагонаварэньне існавала заўсёды, і са зьнікненьнем прыватнага сэктару яно перакачавала ў шматпавярховыя панэльныя дамы. Практыкаваўся як традыцыйны гарачы мэтад, калі брагу грэлі на газавай пліце, а зьмеявік ахалоджвалі вадаправоднай вадой, так і больш просты халодны спосаб – брагу залівалі ў плястыкавыя пакеты ад малака, клалі ў маразільнік, сусла замярзала, алькаголь заставаўся зьверху і разьліваўся ў бутэлькі. У першым выпадку самагонка была больш чыстая, у другім – адразу халодная.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
XS
SM
MD
LG