Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэйлер і “Цітавец”

  • Аляксандар Лукашук

Лі Гарві Освальд

Лі Гарві Освальд

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Пэрсанаж “Цітавец” паўстае як эгаістычная, пыхлівая, самаўпэўненая і падступная асоба.

Норман Мэйлер
Дзеяньні “Цітаўца” знаходзяцца на аж занадта блізкай адлегласьці ад інтарэсаў КДБ, ён выглядае выканаўцам некаторых даручэньняў, знаёмыя зьдзіўляюцца, як ён адзін здолеў захаваць свой архіў, зьвязаны з Освальдам, і зрабіў кар’еру.*

Вядомасьць у амэрыканскім сьвеце “освальдазнаўства” Цітаўцу прынесьлі перш за ўсё магнітафонныя запісы голасу Освальда. Цітавец прасіў Освальда начытаць перад мікрафонам некалькі кавалкаў прозы, каб, як ён патлумачыў, лепш адчуць амэрыканскі акцэнт. Першыя запісы рабіліся ў лінгафонным кабінэце мэдінстытуту, дзе Цітаўца добра ведалі і не пярэчылі, калі ён прывёў незнаёмага чалавека для запісу. Паводле ўспамінаў Цітаўца, ён не казаў, што госьць – амэрыканец.

Для чытаньня былі выбраныя “Пігмаліён” Бэрнарда Шоў, даведнік Оксфардзкага ўнівэрсытэту, падручнік з тэкстам Шэксьпіра (Освальд чытаў маналёг Атэла з 3-й сцэны 1-га акту). Затым Освальд яшчэ начытваў асобныя гукі і словы.

Значна большую вядомасьць атрымаў другі запіс, зроблены Цітаўцом у сябе дома ў сьнежні 1961-га. Яны выбіраюць Гэмінгуэя – Освальд чытае пачатак апавяданьня “Лягер індзейцаў”, затым пераключаецца на “Забойцаў”. Тэксты не падабаюцца яму і, не мяняючы інтанацыі, Освальд лаецца, абзывае Цітаўца “ё..... ідыётам”, усё гэта застаецца на стужцы. Цітавец не крыўдуе – бо, як потым патлумачыць, “канцэнтруецца на мове”.

Генэрал КДБ “Гузьмін” казаў Мэйлеру, што, нягледзячы на хуткі прагрэс Освальда ў расейскай мове, ім трэба было мець некага побач зь ім, хто добра гаварыў па-ангельску. Але ня толькі гаварыў – хто таксама мог бавіць зь ім вольны час, сябраваць і нават разумець яго думкі.

У інтэрвію Мэйлер патлумачыў мне сытуацыю больш дэталёва:

-- У КДБ быў чалавек, які доўга гутарыў зь ім па-ангельску ў Менску. Прычына -- высьветліць, ці яго акцэнт быў чысты ці не? У іх быў лінгвістычны аналітык, які мусіў высьветліць, ці гэта сапраўды амэрыканскі акцэнт, ці сапраўды ён з Поўдня, і яны вывучалі яго акцэнт. І вырашылі -- так, у яго паўднёвы акцэнт, ён паходзіць адтуль, адкуль ён кажа. Іхняя задача была пабудаваць сыстэму спраўджваньня, і яны гэта зрабілі.

Мэйлер цытуе фрагмэнт запісу, зробленага дома ў Цітаўца – але не літаратурны, а іншы.

Адклаўшы кнігі ў бок, Цітавец і Освальд пачынаюць імправізаваць -- гуляць у інтэрвію, дзе Освальду выпадаюць ролі прафэсара, забойцы, спартовага камэнтатара, журналіста.

Эрык пытаецца, Лі адказвае:

-- Раскажыце нам пра ваша апошняе забойства?

-- Гэта была маладая дзяўчына пад мостам. Яна ішла і несла бохан хлеба. Я перарэзаў ёй глотку ад вуха да вуха.

-- Навошта?

-- Ну, зразумела, я хацеў хлеба!

-- О’кэй.
(Паўза) А якое, на вашу думку, ваша, ваша самае знакамітае забойства ў вашым жыцьці?

-- Ну, гэта калі я забіў восем чалавек у Баўэры, на ходніку.** Яны стаялі там, бавілі час, і мне не спадабаліся іх твары, і я ўзяў і расстраляў іх з кулямёта. Гэта было знакаміта, усе газэты напісалі (сьмех).

Гэты сьмех мільёны амэрыканцаў упершыню пачулі ў лістападзе 1993-га.

Цітавец прадаў гэты запіс амэрыканскай тэлекампаніі PBS, якая здымала ў Менску дакумэнтальнае кіно “Хто быў Лі Гарві Освальд”. Мэйлер узяў тэкст зь фільму. Адразу пасьля дыялёгу з архіўным сьмехам Освальда ў амэрыканскім тэлеэфіры прагучала тлумачэньне прафэсара Цітаўца:

-- Мы проста добра бавілі час і насамрэч мы паміралі са сьмеху.

Калі паспрабаваць перадаць ньюарлеанскі акцэнт у перакладзе на беларускую мову, дык можна, напрыклад, напісаць па-палеску:

“Ну, то было колы я забыв восім чоловік в Бавэры на ходныку. Воны там стоялы, бавылыся, мні іх твары ну нэ сподобалыся, я взяв і пострыляв іх з кулімёту. Аж всі газэты напысалы”.

Цікава, ці ФБР і ЦРУ таксама б вызначылі, зь якога рэгіёну Беларусі гаворка?***

-----------------------------------
*Мэйлер, аднак, нідзе наўпрост ня піша, што Цітавец быў агентам КДБ. Цікава, што ў дакумэнтах падслухоўваньня і вонкавага назіраньня КДБ, якія далі Мэйлеру, можна пабачыць і Зігераў, і Галавачова, і іншых знаёмых Освальда -- але прозьвішча “Цітавец” не трапляецца ні разу.

**Ньюёрская вуліца на Мангэтане, вядомая тэатрамі і танцавальнымі залямі, у 1950-я гады месца збору бяздомных і алькаголікаў.

***Не скажу пра ФБР, а беларускі КДБ тады дык пэўна не расшыфраваў бы. У 1950-я гады, пасьля арышту амэрыканскага парашутыста Янкі Філістовіча, там доўга і беспасьпяхова ламалі галаву над расшыфроўкай яго запісу “у горадзе в.ш. войска”. Што за загадкавы горад схаваны за скаротамі? Філістовіч гаварыць адмаўляўся, з Масквы ціснулі, начальства нэрвавалася, пакуль арыштаваны не пашкадаваў сьледчага, які быў родам з Асэтыі: “Вам скажу, бо вы каўказец -- в.ш. – вельмі шмат” – так на пачатку 1990-х, падчас працы над кнігай “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста” расказваў мне палкоўнік у адстаўцы Рыгор Трапш, каўказец, які вёў справу Я.Ф.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
XS
SM
MD
LG